Ваеннае ведамства ня хоча выбачацца перад праваабаронцам

Начальнік дзяржаўнай установы «Ваеннае інфармацыйнае агенцтва Узброеных Сіл Беларусі «Ваяр» палкоўнік Аляксей Пашкевіч адмовіўся аспрэчваць па патрабаванні праваабаронцы Леаніда Судаленка недакладныя звесткі, якія ганьбяць гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю.

Праваабаронца Леанід Судаленка

Праваабаронца Леанід Судаленка

Ведамства заявіла, што ўсе распаўсюджаныя аб гомельскім праваабаронцы звесткі знаходзяцца ў адкрытым доступе.

Прыводзячы ў абарону аргументы, ваенныя газетчыкі спасылаюцца на асабістае меркаванне аўтара «Белорусской военной газеты». «Вамі [Судаленка] неаднаразова аказваўся націск на службовых асоб дзяржаўных органаў з мэтай прымусіць іх паступаць так, як Вы патрабуеце, звяртаючыся ў Камітэт па правах чалавека, шляхам правядзення акцый, пікетаў, напісання скаргаў. Менавіта з гэтай прычыны аўтар артыкула напісаў пра Вас «Гэтаму спадару не ўпершыню ціснуць на дзяржаўныя органы аж праз ААН, праз яе Камітэт па правах чалавека».

Каментуючы выказванне аўтара «Спадар Судаленка ўжо падрыхтаваў у ААН, ганьбячы сваю краіну, тры дзесяткі «найвышэйшых» скаргаў. Цяпер, калі ААНаўскія чыноўнікі будуць рыхтаваць сусветны даклад, ўставяць у яго і даносы гомельскага квазіамбудсмэна, які вось і на Міністэрства абароны пачаў няроўна дыхаць», палкоўнік А. Пашкевіч тлумачыць, што слова «ганьбіць» ужыта ў значэнні «асуджаць», а слова «даносы» ў значэнні «паведамляць». Ён жа лічыць, што Судаленка піша скаргі ў Камітэт па правах чалавека менавіта такога характару. Далей палкоўнік прыходзіць да высновы, што «столькі скаргаў у Камітэт па правах чалавека можна было б і не пісаць».

«Пад выразам «самаабвешчаны амбудсмэн» аўтар артыкула меў на ўвазе, што Вы, не маючы афіцыйнага статусу амбудсмэна, добраахвотна выконваеце гэтыя функцыі. Фраза «асоба ў пэўных колах вядомая» кажа пра тое, што Вы вядомыя пэўнаму колу асоб, а не шырокай публіцы», — гаворыцца ў паведамленні ваенных газетчыкаў.

У якасці адкрытага доступу, адкуль аўтар артыкула чэрпаў інфармацыю аб гомельскім праваабаронцы, у адказе прыводзіцца сайт сумніўнага паходжання «Гомельбест», вядомы пастаяннымі пасквілямі ў дачыненні да Леаніда Судаленка. Праваабаронца заяўляе, што ў абгавораных яго ваенных газетчыкаў няма доказаў распаўсюджанай паклёпніцкай інфармацыі, што лішні раз пацвердзіў адказ на патрабаванне пра абвяржэнне.

«У мяне няма сумневу якое рашэнне па гэтай справе вынясе суд. Але прайсці гэты шлях патрэбна. Можа ў наступны раз палкоўнік  А. Пашкевіч, перад тым як пісаць чарговы пасквіль падумае, а яно мне трэба, цягацца па судах і чырванець на публіцы за хлусню»,

— падвёў рысу праваабаронца.

На сайце zwarot.by быў размешчаны зварот да Міністэрства абароны, які падпісалі каля сотні грамадзян Беларусі, з патрабаваннем разабрацца з выпадкамі дзедаўшчыны ў войску і пакараць вінаватых. Гаворка ідзе пра выпадак у адной з воінскіх частак у Брэсце, калі салдаты, з якіх чынілі здзек «дзяды», збівалі іх і патрабавалі грошы, вымушаныя былі збегчы з часткі. Выпадак стаў вядомы грамадскасці дзякуючы СМІ. Абураныя грамадзяне запатрабавалі праз калектыўны зварот ад Міністра абароны справаздачы. Адказ з’явіўся ў «Белорусской военной газете», якая рашуча выступіла супраць ініцыятара звароту — праваабаронцы Леаніда Судаленкі.

Гомельская Вясна