Валерый Карбалевіч: Улады бачаць рост радыкальных настрояў у пратэстным грамадстве

Аляксандр Лукашэнка на нарадзе 19 красавіка абвясціў курс на ўзмацненне палітычных рэпрэсій. Адным з элементаў гэтай тэндэнцыі сталі крокі па ўзмацненні жорсткасці рэпрэсіўнага заканадаўства. 27 красавіка Палата прадстаўнікоў зацвердзіла законапраект, які прадугледжвае смяротнае пакаранне «за замах на ўчыненне актаў тэрарызму».

karb02_10.jpg

— Трэба адзначыць, што гэтыя заканадаўчыя новаўвядзенні праводзяцца ў фарсіраваным парадку. Законапраект «Аб унясенні змяненняў у Крымінальны кодэкс» быў ухвалены ў двух чытаннях, — цытуе «Салідарнасць» палітолага Валерыя Карбалевіча. — Смяротнае пакаранне прадугледжанае не за сам акт тэрарызму, а толькі за спробу яго здзяйснення. У сувязі з тым, што ў Беларусі паняцце тэрарызму трактуецца ўладамі вельмі шырока, яго можна звязаць з любой апазіцыйнай дзейнасцю.

У прыватнасці, з удзелам у акцыях пратэсту. Напрыклад, палітыкам Паўлу Латушку і Святлане Ціханоўскай былі прад'яўленыя абвінавачванні па «тэрарыстычных» артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Палата прадстаўнікоў таксама ўхваліла законапраект, які дазволіць унутраным войскам прымяняць баявую зброю для стрымання «масавых беспарадкаў». Як вядома, мірныя акцыі пратэсту лічацца ў Беларусі масавымі беспарадкамі.

Прысуды па «палітычных справах», па якіх апазіцыі давалі тэрміны ад 10 да 18 гадоў, ужо назвалі «сталінскімі». Такія тэрміны прысуджаліся грамадзянам СССР у 1930-х і 1950-х гадах. Цяпер можна казаць аб з'яўленні «сталінскага заканадаўства». Беларусь паслядоўна вяртаецца да тых цёмных часоў.

Узнікае лагічнае пытанне: чаму раптам? Масавыя пратэсты падушаныя. Здавалася б, ніякіх вонкава бачных пагроз дзейнаму рэжыму не прыкметна. Навошта мітусіцца, ціснуць на сілавікоў, прымаць гэтыя драконаўскія законы?

Думаю, акрамя прыроднага інстынкту самазахавання, улады бачаць рост радыкальных настрояў у пратэстным грамадстве. Яны знаходзяць адлюстраванне ў сацыяльных сетках. Ідуць дыскусіі аб тым, што мірны пратэст 2020 года быў памылкай, трэба было дзейнічаць больш рашуча. Дыверсіі на чыгунцы, актыўнасць кіберпартызанаў таксама падштурхоўваюць улады да ўзмацнення рэпрэсій. Бо ў страху вочы вялікія.

Але калі адзіны спосаб зносін з грамадствам — бясконцае закручванне гаек, то ў такой сацыяльнай мадэлі няма будучыні. Будаваць Паўночную Карэю ў цэнтры Еўропы 21 стагоддзя — значыць пазбавіць краіну будзь-якіх перспектыў.