Змены ў артыкулы пра акт тэрарызму — гэта нервовая рэакцыя ўладаў

Праваабаронца Андрэй Палуда лічыць, што папраўкі ў заканадаўства за замах на акт тэрарызму — нервовая рэакцыя ўладаў на новыя рызыкі

Андрэй Палуда

Андрэй Палуда

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу адразу ў двух чытаннях прыняла папраўкі ў Крымінальны кодэкс, якія ўводзяць смяротнае пакаранне за замах на акт тэрарызму. Дэпутаты лічаць, што такія новаўвядзенні дапамогуць "стрымліваць дэструктыўныя элементы".

Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда распавёў праваабаронкаму парталу, чаго варта чакаць беларускаму грамадству ад новых паправак.

— Мяне, як каардынатара кампаніі моцна турбуюць пытанні ўнясення зменаў у заканадаўства, якія прадугледжваюць магчымасць прымянення выключнай меры пакарання ў выглядзе смяротнага пакарання за замах на здзяйсненне актаў тэрарызму.

Што чакаць ад іх? Тут трэба ўлічваць, што наперадзе яшчэ працэдура ўзгаднення паправак у Савеце Рэспублікі, затым падпісанне іх прэзідэнтам. А далей — яшчэ павінна прайсці трыццаць дзён з дня іх апублікавання.

— Ці можна казаць аб тым, што сёння можна назваць асобаў, якіх ужо могуць судзіць па змененым артыкуле?

— У краіне, дзе ўвогуле не да законаў, мяркую, прынцып дзеяння зменаў па часе мусіць быць захаваны. Таму ўсе тыя спісы “кандыдатаў” на новы “расстрэльны артыкул”, якія паспелі скласці журналісты, не будуць падпадаць пад яго.

Дарэчы, артыкула «Замах на тэрарыстычны акт» у Крымінальным кодэксе няма. Ёсць артыкул 289 «Акт тэрарызму» і артыкул 14 «Замах на злачынства». Яны павінны прымяняцца разам для такога абвінавачвання.

Гэта робіцца на будучыню, паколькі ўлады па-ранейшаму лічаць, што менавіта цяжар пакарання з’яўляецца стрымліваючым фактарам для росту злачыннасці, своесаблівай прафілактыкай здзяйснення тых ці іншых злачынстваў. Але гэта зусім не так, бо рост злачыннасць стрымлівае найбольш незваротнасць пакарання.

Што будзе чакаць нас у будучым, сказаць зараз цяжка. Дагэтуль у Беларусі было прадугледжанае смяротнае пакаранне па 11 артыкулах Крымінальнага кодэкса ў мірны час, і дадаткова па двух — у ваенны.

Якой будзе правапрымяняльная практыка — таксама пакуль гаварыць рана. Паколькі з той вялікай колькасцю артыкулаў смяротнае пакаранне прымянялася апошнімі гадамі толькі за забойствы пры абцяжарваючых абставінах. Вядомы толькі адзін выпадак, калі здарыўся адыход ад падобнай практыкі. Гэта справа Канавалава-Кавалёва звязаная з выбухам у мінскім метро, якая не кваліфікавалася па артыкуле 139 (Забойства).

Таму — трэба пачакаць, бо пакуль дыскутаваць няма пра што — закон жа яшчэ не падпісаны і не дзейнічае.

Як каардынатара кампаніі мяне больш за ўсё хвалюе праваабарончы аспект праблемы. Здавалася, куды ўжо горш можа быць з правамі чалавека ў Беларусі. Аказваецца, можа.

— Ці вядомыя выпадкі, калі дзяржавы вярталіся да смяротнага пакарання пасля яго адмены?

Зразумела, такія выпадкі нярэдкія. Узгадаю адмену мараторыю ў Пакістане ў 2020 годзе, былі спробы пасля ўвядзення мараторыю адмяніць яго ў Папуа-Новая Гвінея.

Нядаўна вось Расія выйшла з складу Савета Еўропы, сяброўства ў міжнароднай арганізацыі стрымлівала яе ад адмены смяротнага пакарання. І адразу сталі чуваць галасы высокапастаўленых палітыкаў за адмену мараторыя. Дзмітрый Мядзведзеў, напрыклад, нядаўна наўпрост заявіў, што “абмежаванняў для вяртання смяротнага пакарання ў Расеі цяпер няма, але ўсё будзе залежаць ад бягучай сітуацыі: мараторый можа застацца, калі ўсё будзе спакойна, ці ж яго перагледзяць у выпадку неабходнасці…”

— А як жа рэферэндум і сцверджанне кіраўніка дзяржавы, што толькі шляхам яго можна вырашыць уводзіць мараторый ці не? Вось калі правесці рэферэндум зараз, ці стала б болей прыхільнікаў смяротнага пакарання?

— На такое пытанне зараз ніхто не зможа адказаць, паколькі доўгі час у краіне не праводзяцца незалежныя сацыялагічныя апытанні.

Аднак трэба памятаць, што кампанія ”Праваабаронцы за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі” была і ёсць супраць правядзення рэферэндума па гэтым пытанні. І вось чаму. Стаўленне да смяротнага пакарання заўсёды ў грамадстве знаходзіцца ў эмацыйнай плоскасці. Памятаеце справу Канавалава-Кавалёва?

Тады адназначны вырас адсотак праціўнікаў смяротнага пакарання. Такое рашэнне павінна прымацца рацыянальна, з улікам палітычнай волі кіраўніцтва краіны.

Яшчэ літаральна пару год таму тэма ўвядзення мараторыя ўсур’ёз абмяркоўвалася на ўзроўні дзяржаўных інстытутаў. Калі адмянілі смяротны прысуд братам Косцевым — у грамадстве не было пратэстных настрояў, ніхто не паўстаў супраць таго, што ім фактычна вярнулі жыццё.

Думаю, што прыняцце зменаў у артыкулы акт тэрарызму — гэта нервовая рэакцыя ўладаў на новыя рызыкі. Несумненна, змены ў крымінальнае заканадаўства, будуць выкарыстоўваецца ў першую чаргу для палітычнага пераследу грамадзян.