Як выжыць у зняволенні-пекле*, альбо Адскае рэаліці-шоу

У рэдакцыю «Новага Часу» звярнулася дзяўчына, якая прайшла праз два зняволенні: у жніўні 2020-га і лютым-сакавіку 2022-га. «Гэта былі абсалютна розныя досведы. Калі першы з іх пакінуў колькі рубцоў на маёй душы за нейкія тры дні на Акрэсціна, то пятнаццаць дзён у 2022-м на Акрэсціна і Жодзіна толькі ўмацавалі мяне і, спадзяюся, тых, хто быў разам са мной», — напісала яна. Прапануем яе расповед як ёсць.

img_2777_1_logo_2.jpg


*Пекла — месцы адбывання пакарання ў выніку здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння — ІЧУ або ЦІП. Магчыма, гэта перабольшанне — назваць ІЧУ і ЦІП пеклам на фоне таго, што адбываецца ва Украіне. Аднак у рэаліях Беларусі — гэта адно з тых месцаў, якое па праву можа насіць гэтую назву.
Што ж дапамагло прайсці з мінімальнымі стратамі праз усё тое, што сёння можа закрануць любога беларуса, незалежна ад яго жадання ці паводзін? Падзялюся сваім бачаннем і парадамі, бо, на жаль, гэта яшчэ шмат каму можа спатрэбіцца. Адзначу, што гэта ўсё ж досвед найперш жаночы, бо да мужчын у тых месцах ставяцца значна больш жорстка, да таго ж яны не будуць гатовы прыняць усе мае парады, аднак большасць з апісанага можа быць карысна любому чалавеку.

Этап 1. Падрыхтоўка да магчымага зняволення

Псіхалагічная частка гатоўнасці

Псіхалагічна быць гатовым да зняволення — значыць разумець, што вашу чалавечую годнасць будуць ламаць 24 гадзіны штодня, што вы будзеце пазбаўлены базавых рэчаў (свежага паветра, ежы, вады, лекаў, сну, гігіены, неабходнай вопраткі, магчымасці памыцца, атрымаць медыцынскую дапамогу, схадзіць у прыбіральню і г.д.).
Магчыма, вас будуць біць ці труціць хлоркай у камеры, пускаць пярцовы газ за «непаслухмянасць», прымушаць прысядаць, адціскацца, стаяць гадзінамі без руху ля сцяны з паднятымі ўверх рукамі далонямі вонкі ці цалкам голым бегчы па калідоры ў прысутнасці знаёмых і родных супрацьлеглага полу, будуць нацкоўваць на вас сабак, выводзіць на праверку ў калідор у жалезных кайданках, выварочваць вам рукі і нахіляць уніз галавой, нібы прысуджаных да смяротнага пакарання, будзіць ноччу кожныя дзве гадзіны і прымушаць прамаўляць сваё імя, імя па бацьку і прозвішча.
Арыентавацца ў часе можна будзе толькі па святлу ў акне і рэжымных мерапрыемствах, такіх, як выдача ежы ці шмоны. Гэта ўсё трэба рабіць вельмі хутка — есці, выходзіць і заходзіць у камеру, распранацца і апранацца пры даглядзе і г.д. Магчыма, у вас забяруць важныя і дарагія вам рэчы (ці вы іх страціце безваротна). Вашы правы будзе ўсталёўваць чалавек, які заступіў на змену ці з вамі цяпер працуе, вы цалкам залежыце ад яго настрою, перакананняў, загадаў і г.д.

Аднак адзначу, што псіхалагічна быць гатовым да ўсяго гэтага і шмат чаго іншага (на жаль, фантазіі ў гэтым кірунку ў садыстаў бязмежны), не азначае нарматызаваць гэта, прыкрывацца фразай: «Ну што тут такога?! Ты ж застаўся жывы…»

Калі вы псіхалагічна прынялі, што мажлівасць вашага зняволення даволі верагодная, умацуйце культурны бэкграўнд: чытайце кнігі, вучыце вершы і песні, звярніце ўвагу на гульні для 10-15 чалавек без дадатковых прыладаў, вучыце штосьці, час прагаворвання чаго вы дакладна ведаеце, як і тое, колькі крокаў гэта займае (напрыклад, малітвы).
Варта навучыцца практыкаванням для стабілізацыі нервовага ўзрушэння і змагання з заміраннем, напрыклад, кіраваць дыханнем (удых, затрымаць паветра ў лёгкіх на некалькі секунд і марудна выдыхнуць, зрабіць гэта 3-5 разоў), фіксаваць як цалкам уся ступня стаіць на падлозе, як моцна вы звязаны з зямлёй і адчуваеце глебу пад нагамі; сціскаць анус, каб вярнуць сябе ў цела; засяроджвацца на пэўным аб’екце, апісваючы яго выгляд, колер, тэкстуру і іншыя паказчыкі, спрабаваць унутраную эміграцыю (уяўляць карцінку месца, дзе адчуваеце сябе бяспечна, спакойна і шчасліва, і пераносіцца туды).

Вопратка, ежа і камунікацыя

Як было сказана вышэй, да затрымання трэба быць гатовым увесь час. Аднак, калі вы плануеце ісці на нейкую акцыю, то важна апрануцца адпаведна:

  •     тэрмабялізна (вельмі дапамагае, калі холадна і даводзіцца спаць на падлозе)
  •     некалькі маек, шкарпэтак, трусоў (каб можна было мыць і мяняць ці падзяліцца з непадрыхтаваным чалавекам, ці, напрыклад, як на Акрэсціна ў 2020-х, разарваць на часткі, каб карыстацца як пракладкамі)
  •     некалькі швэдрыкаў (баек) ці кашуль (можна класці пад галаву, апранаць, каб было мягчэй спаць на жалезных прутах ложкаў, бо матрацаў хутчэй за ўсё не будзе)
  •     куртка (лепш доўгая, каб расцілаць на падлозе ці на ложках без матрацаў)
  •     штаны, а не шорты ці спадніца. У 2020-м было страшна глядзець на хлопцаў, якія былі з голымі нагамі ў шортах, сінімі ад холаду і збіцця. На пытанне, як вы маглі так апрануцца, вы ж ведалі, куды ішлі, яны адказвалі, дык горача было, і мы ж толькі паглядзець. Паглядзець — гэта не пра Беларусь. На Акрэсціна ў лютым 2022-га была дзяўчына ў спадніцы з голымі нагамі (без калгот, бо адабралі). Яна папрасіла пачытаць канчатковую версію Канстытуцыі на выбарчым участку і атрымала 15 сутак
  •     абутак — зразумела, што лепш нешта без шнуркоў, каб пазбегнуць няхайнасці (вылазячага язычка і звальвання з ног).

Калі выбіраць вопратку, то варта прытрымлівацца залатой сярэдзіны паміж той, у якой лёгка збегчы, і той, у якой будзе ўтульна ў камеры, аддаўшы перавагу лёгкім, зручным і адначасова цёплым рэчам, якія не шкода пакласці на падлогу. Адзначу, што з сабой трэба мець мінімум дарагіх для вас рэчаў. Нават залаты заручальны пярсцёнак будзе адабраны і стане закладнікам, якога пасля давядзецца вызваляць з РУУС.
Сродкі камунікацыі важныя, аднак лепей браць з сабой стары смартфон (без фотаздымкаў і ўсталяваных праграм, дзе могуць быць «экстрэмісцкія» каналы) ці кнопачны тэлефон, якога не шкада. Практыка паказвае, што выдаліць штосьці пры затрыманні звычайна не атрымліваецца. Працуе толькі фізічнае знішчэнне тэлефона (зламаць яго папалам, разбіць ці апусціць у ваду).

Памятайце, што не толькі вам, але і вашым родным варта мець спіс кантактаў (калегаў па працы, сяброў), каб было каму паведаміць пра ваша затрыманне. Сваякі мусяць валодаць інфармацыяй, дзе ляжаць важныя для забеспячэння жыццядзейнасці сям’і рэчы (напрыклад, банкаўскія карткі, ключы і дакументы на машыну), як выканаць тое, за што вы адказваеце ў сям’і (напрыклад, на які рахунак і калі аплачваць крэдыты, плаціць за інтэрнэт).

Варта шчыльна паесці перад выхадам, аднак шмат вады піць не трэба. Жаданне схадзіць у прыбіральню і неабходнасць прасіць аб гэтым зробіць вас досыць уразлівым, створыць мажлівасці для здзекаў і маніпуляцый. Што тычыцца ежы, то існуе практыка не карміць зняволеных да суда, які можа быць на трэці дзень пасля затрымання. А з улікам таго, што на наступны дзень будзе этапаванне ў іншае месца, то і на чацвёрты дзень ежы таксама не будзе.

Этап 2. Затрыманне — суд

Затрыманне і складанне пратакола

Адзначу, што калі ёсць магчымасць збегчы і пазбегнуць затрымання, то варта ёй скарыстацца. Бо зняволенне нясе не толькі страты фізічнага і псіхічнага здароўя, але і праблемы на працы ці вучобе, страту грошай (на штраф ці аплату побыту ў зняволенні) і рэчаў, хваляванні і шмат высілкаў для сваякоў.
Пры затрыманні варта максімальна запамінаць нумары машын, твары людзей, іх прозвішчы (калі надасца іх даведацца). Зразумела, што ў дадзены момант гэта інфармацыя ніяк не спатрэбіцца. Але не трацім надзею на будучыню і мажлівасць справядлівага суда і пакарання для ўсіх злачынцаў.
Затрыманне бывае рознае, мне «пашчасціла» на далікатны варыянт. Але не ўсім выпадае такі шанец. Таму адзначу, што ў момант затрымання варта рабіць так, каб пазбегнуць ці мінімізаваць атрыманне вамі пашкоджанняў. Жыццё і здароўе перш за ўсё!
Знаходжанне ў РУУС звыкла расцягваецца на гадзіны: фатаграфаванне, апытанне, падпісанне розных паперак, адбіранне рэчаў, адкатванне адбіткаў і г.д. Трэба быць засяроджаным увесь час, нягледзячы на пастаянныя воклікі «Хутчэй!» ці ласкавыя абяцанні, што вы ўсё падпішыце і адразу ж пойдзеце дахаты.
Неабходна максімальна ўважліва чытаць кожную паперку. Прычым лепш знізу ўверх, бо ад хвалявання часам цяжка сканцэнтравацца на змесце. Апошняя папера, якую даюць падпісваць (звыкла цалкам надрукаваная) — гэта пратакол. І ў ёй вы можаце ўбачыць, што тое, што было сказана вамі раней, дзіўным чынам ператварылася ў зусім іншае апісанне вашых дзеянняў. Таму спакойна робім каментары і трацім на гэта столькі часу, колькі патрэбна, як і займаем столькі месца ў пратаколе, колькі неабходна. А на вольным месцы ставім якую-небудзь загагулінку.

Этапаванне з РУУС у ІЧУ ці ЦІП

Маё затрыманне адбылося а трэцяй гадзіне дня, і толькі каля адзінаццаці вечара ўсіх затрыманых сабралі і павезлі ў ЦІП. Агулам на размовы з невядомымі людзьмі, якія адмаўляліся прадстаўляцца, на зняццё адбіткаў пальцаў і запаўненне мноства папер сышло каля 6-7 гадзін. Менавіта падчас этапавання і «прыёмкі» на Акрэсціна, як у 2020-м, так і цяпер было больш за ўсё жорсткасці. Можна паспрабаваць імкнуцца быць правільным і рабіць усё, што скажуць, але гэта зусім не гарантыя, што вас не будуць біць. Я, напрыклад, так і не зразумела, за што мяне ззаду пачалі біць галавой аб сцяну, перапыніліся гэтыя катаванні толькі пасля таго, як я пачала дзіка крычаць. Гэта была адвольная рэакцыя. Але вяртаючыся ў думках назад, я разумею, што гэта было выратаваннем. Менавіта дзеянне, рух, як супрацьпастаўленне заміранню, ратуе жыццё.

Акрэсціна і суд

Гэтым разам у 2022-м камера на Акрэсціна прыемна здзівіла мяне сваімі «ўмовамі» — гарачыя вада і батарэі, закрытая з усіх бакоў прыбіральня, драўляная падлога. Больш дзесяці чалавек на два месцы (жанчын то дадавалі, то пераводзілі). Усе ў камеры былі ўзрушаныя, распавядалі свае гісторыі затрымання, турбаваліся пра сваякоў — ці ведаюць, што затрымана, як дзеці, што з жывёлкамі, якія адныя ў кватэры, як ежа, якая засталася стаяць без халадзільніка, і г.д.
Але ўсё гэта пройдзе, варта толькі даць кожнаму выгаварыцца і пазней спакойна ўсім разам, напрыклад, рабіць розныя практыкаванні (адзін паказвае, а астатнія паўтараюць), а тых, хто замаўкаў надоўга, спрабаваць разгаварыць, знайсці тэму цікавую для гэтага маўклівага чалавека, каб сам з ахвотай распавядаў (напрыклад пра дзяцей, хатніх жывёл, працу).
Суд у мяне быў па скайпу. Калі вас выклікаюць з камеры на суд, прыгатуйцеся, што гэта будзе не хуткі працэс, асабліва, калі затрыманняў было шмат. Я прастаяла тварам да сцяны і са зведзенымі назад рукамі ў першы дзень 4 гадзіны, а ў другі амаль 8. За гэты час ні папіць, ні схадзіць у прыбіральню было немажліва, забаранялі нават рухацца. Але мая парада — варта акуратна парушаць гэтыя правілы. Круціць галавой, нахіляцца, рухаць рукамі, перагаворвацца з суседзямі (маска на твары добра хавае размовы). Гэта дапамагае выйсці са здранцвення, якое ў любым выпадку навальваецца на кожнага, даць падтрымку іншым, адчуць сябе чалавекам.

Колькі важных момантаў. Раю дэталёва прадумаць наступныя рэчы: сваю версію таго, што адбылося да затрымання; як паводзіць сябе на судзе і з суддзём; што вы гатовыя прызнаць, а што важна і нязменна; што спытацца ў сведкі ці ўвогуле адмовіцца ад пытанняў да яго ці ад размовы з суддзёй.

Цяжка даць парады — прызнаваць ці не віну на судзе. У камеры былі тыя, хто прызнаў і атрымаў менш сутак, але былі і тыя, хто прызнаў і атрымаў як усе — 15.
Адвакат істотна не ўплывае на колькасць прызначаных сутак (прынамсі з таго, што бачыла і чула), але дае магчымасць даведацца, што з роднымі, ён дасць зразумець, што пра цябе памятаюць і ведаюць, дзе ты, проста па чалавечы і з павагай з табой паразмаўляе. Таму, калі ёсць магчымасць наняць адваката, то варта гэта зрабіць. Заключыць дамову могуць і сваякі, таму не абавязкова рабіць гэта загадзя.

Этап 3. Адбыванне пакарання

У гэтым блоку не будзе прамых парадаў. Буду распавядаць ад першай асобы, што рабіла асабіста я і тыя, хто сядзеў разам са мной, што рэальна падтрымлівае ў зняволенні і мінімізуе праблемы на волі. Абірайце самастойна, што будзе пасаваць вам.

Этапаванне

Любое перамяшчэнне з аднаго месца ў іншае павялічвае рызыку гвалту ў дачыненні да вас. Таму падчас этапіравання ў іншае месца трэба быць гатовым мінімальна да абразаў і прыніжэнняў, максімальна — да гвалту і катаванняў (напрыклад, я і тры дзяўчыны ў чаканні этапіравання на Жодзіна каля дзвюх гадзін правялі на марозе пад адкрытым небам ва ўнутраным бетонным дворыку).
Але нават у гэты перыяд знаходзіліся рэчы, маленькія дробязі, якія радавалі і дапамагалі. Напрыклад, калі я стаяла ля сцяны на Акрэсціна і чакала, калі можна будзе садзіцца ў аўтазакі, каб ехаць адбываць прызначаныя суткі, адзін з хлопцаў, праходзячы міма нас, ціха сказаў «Жыве Беларусь», я адказала яму «Жыве». Ён азірнуўся, нягледзячы на пагрозы. І ў гэтым было столькі духу, чалавечнасці, што гэты момант грэе душу і выклікае ўсмешку на твары і цяпер. Таму зноўку адзначу: не замірайце, слухайце і глядзіце навокал, фіксуйце любыя дробныя рэчы — абутак у тых, хто стаіць побач, колер ці афармленне сцен, выгляд пліткі на падлозе і г.д.

Адбыццё зняволення

Ваша выжывальнасць у фізічным і псіхічным сэнсе ў многім залежыць ад тых, хто знаходзіцца побач з вамі ў камеры. Мне пашанцавала з сукамернікамі, бо ў нас не было людзей з істэрычнымі настроямі ці псіхічнымі адхіленнямі, мы ўвогуле дзейнічалі як адзін арганізм, фактычна ў нас была калектыўная барацьба з траўмай і нечалавечымі ўмовамі, у якіх мы апынуліся.

Псіхалагічная гігіена

Зноў пачну з псіхалогіі, бо яна ляжыць ў аснове ўсіх дзеянняў па выжыванні. Адно з базавых правілаў, якое я сфармулявала для сябе, — заўсёды, у якой б сітуацыі я не аказалася, рабіць хоць крыху таго, што хочаш, кіраваць сваёй прасторай. Нават стоячы каля сцяны з паднятымі рукамі і шырока расстаўленымі нагамі, я нахіляла галаву ў бакі, а калі больш нахабнічала, то магла на колькі секунд апусціць адну руку і памахаць ёй, каб яна не так моцна зацякала. Гэта давала адчуванне хоць нейкага валодання сітуацыяй.

Каб не скаціцца да стану ўнутранага атуплення, важна было падтрымліваць стасункі з тымі, хто побач. Мы паступова прыйшлі да высновы, што мат у любых яго праявах трэба мінімізаваць (гэта мова ахоўнікаў), што ў любой сітуацыі неабходна казаць добрыя і ветлівыя словы, уважліва ставіцца да настрою і самаадчування, клапаціцца і падтрымліваць адна адну.

Мы шмат дыскутавалі, як не абясцэньваць свой учынак, свае пакуты за кратамі. Выйшлі на тое, што нашае выжыванне тут — унутранае дасягненне, зігзаг лёсу, які дае нам магчымасць стаць больш моцнымі, што і ў нашых абмежаваннях ёсць глыбокі жыццёвы сэнс. Мы перамаглі страх — і гэта важна ва ўмовах сучаснай Беларусі. Змагаючыся з пачуццём непаўнавартасці, што ты тут ніхто, апавядалі пра сябе, сваю сям’ю, смешныя гісторыі з мінулага, працу, таленты, уражанні, кнігі. Гэта дапамагала кожнаму захаваць асабістую свабоду, напоўніць сэнсам пражыты дзень, вярнуць сабе знівеляваныя сістэмай каштоўнасці і чалавечыя пачуцці і не даваць нарматызаваць тое, што адбываецца навокал.
Вучыліся прымаць тое, што правілаў няма (адна змена ўсталёўвае забароны, іншая іх адмяняе), што на ўсё воля ахоўнікаў. Стала паўтаралі фразу «Не вер, не бойся, не прасі». Колькі разоў нам штосьці абяцалі і не выконвалі, але мы ўсталявалі правіла, што патрэбныя нам рэчы мы просім у кожнай новай змены зноў і зноў, фармулюючы патрабаванне, а не просьбу.
Важна адразу вырашаць у камеры усе канфлікты, тым больш, калі ў камеру трапляюць таксічныя людзі (не прымаюць думкі іншых; скандаляць і робяць толькі тое, што жадаюць, не звяртаюць увагу на патрэбы іншых; адмаўляюцца даглядаць за сабой і г.д.). Варта пасля першага сур’ёзнага канфлікту абмеркаваць сітуацыю і дамовіцца, што рашэнні, якія датычацца хоць аднаго са зняволеных, прымаюцца калектыўна. Нават калі не ўсе прымуць дамову, большасці будзе дастаткова для выжывання.
Будзьце гатовыя, што ў нейкі момант вас апануе адчай і разгубленасць. З гэтым цяжка справіцца ў адзіноце. Таму не замыкайцеся ў сабе, размаўляйце і ўдзельнічайце ў агульным жыцці камеры. У хвіліны адчаю дапамагалі думкі пра будучыню, унутраныя размовы з роднымі, мары і выстройванне бліжэйшых планаў, напрыклад, хто вас будзе сустракаць, што зробіце найперш ці ў бліжэйшай перспектыве.

Арганізацыя побыту

Дапамагала выжываць і сістэматызацыя пабытовых момантаў.

Ежа

Перад кожным прыёмам ежы заўсёды хтосьці мыў мылам лыжкі і кубкі (анучка была зроблена з мацерчатай маскі), штодня мыўся і паддон кармушкі (туды ўвесь час праліваўся суп ці напоі, а таксама клаўся хлеб). Да раздачы ежы мы пыталіся, што будуць даваць, бо многія не ўжывалі нейкія стравы. Гэта дазваляла не выкідаць ежу і стварала надзею, што, хлопцам у суседніх камерах дастанецца больш.
Ад ежы адмаўляліся і па прычыне таго, што ніхто са зняволеных не мог схадзіць у прыбіральню па цяжкому ўвогуле. У Жодзіна ахоўнікі ў першыя дні зняволення прапанавалі нам слабіцельнае, мы пасмяяліся і адмовіліся. Але пазней пра гэта пашкадавалі і запатрабавалі лекі. Дамагчыся лекаў для раслаблення страўніка ўдалося толькі аднойчы, таму тыя, хто пасаромеўся і не ўзяў іх адразу, за ўсе дні зняволення ні разу не схадзіў па цяжкому ў прыбіральню.
Напоі былі толькі гарачыя і выдаваліся па 100 грам на чалавека на адзін прыём ежы (пітво налівалася на дваіх у адзін кубак). Стаканы былі алюміневыя і імгненна награваліся, немагчыма было іх перанесці з кармушкі на стол. Усё трэба было рабіць аператыўна, таму хто-небудзь апранаў скураныя пальчаткі (якія былі вельмі дарэчы) ці браў нейкую зручную вопратку, і пераносіў гарачы посуд на стол.
300 грам вадкасці, якую выдавалі на дзень, катастрафічна мала, таму, нават калі вада мала прыдатная для пітва, варта піць ваду з-пад крана. Для мінімізацыі захворванняў мы імкнуліся піць загадзя крыху нагрэтую ваду на батарэі (для гэтага папрасілі пластыкавую бутэльку).

Прыбіральня

Гэта досыць далікатнае пытанне, асабліва напачатку. Але ёсць рэчы, дзе сціранне межаў недапушчальна. Прыбіральня часта знаходзіцца навідавоку, перад усімі, яшчэ і на пастаменце, без дзвярэй і сценаў, якія б аддзялялі гэтае месца ад усёй камеры (так было ў Жодзіна і ў некаторых камерах на Акрэсціна). Таксама ў любы момант можа зазірнуць у вочка ахоўнік і ўбачыць вас у прыбіральні аголеным. Нам дапамаглі мінімальныя правілы:

  •     ніхто не ходзіць перад прыбіральняй, калі хтосьці туды пайшоў, не набліжацца да яе і не глядзіць, калі хтосьці заходзіць і здымае з сябе вопратку;
  •     ніхто не каментуе гукі, якія даносяцца з прыбіральні, і не выказвае незадавальненне, калі з’яўляюцца непрыемныя пахі;
  •     калі хтосьці ідзе ў прыбіральню, ён уключае ваду зліва (калі ёсць такая мажлівасць), каб крыху мінімізаваць гукі;
  •     ходзім у прыбіральню і мыемся толькі пасля таго, як ахоўнік зазірнуў у вочка.

Сон

Сон з’яўляецца базавай патрэбай чалавека, якую цяжка рэалізаваць, калі 13-ці дзяўчынам трэба размясціцца на 4 вузкіх ложках з жалезнымі борцікамі і без матрацаў. Для таго, каб хоць крыху адпачыць, мы шукалі магчымасць паспаць, выцягнуўшы ногі, на ложку ўдзень у адзіноце, абмяркоўвалі штовечар, хто і дзе будзе спаць, зыходзячы з сітуацыі кожнага канкрэтнага зняволенага (наяўнасць адпаведнай вопраткі, каб спаць на плітцы на падлозе, узрост, стан здароўя і г.д.). Прыцішыць яркае святло, якое гарыць і ўдзень, і ўначы, дапамагала маска. Гэта досыць зручны аксэсуар для ночы, асабліва, калі яна чорная.

Лекі

Дзіўная сітуацыя была з лекамі (перадачы не перадавалі, але бралі лекі). Камусьці перадавалі лекі строга ў адпаведнасці з рэцэптам, а камусьці поўны набор, які толькі можа спатрэбіцца за кратамі: абязбольваючае, спрэй для горла, анцівіруснае, ад жывата, валяр’яна, нават таблеткі ад малочніцы і г.д. Верагодна, усё залежыць ад брыгады, якая дзяжурыць на дадзены момант. Таму сваякам можна спрабаваць перадаваць лекі за краты з мінімальнай перыядычнасцю, бо ўсе яны будуць запатрабаваныя.

Мыццё і прагулкі

Будзьце гатовыя, што гэтай раскошы ў вас не будзе за ўвесь час зняволення. Проста згадайце, што раней людзі мыліся нячаста і вопратку асабліва не мянялі — і неяк выжывалі. Мы стараліся есці за сталом, тады меншая верагоднасць забрудніць вопратку, падмяталі і мылі падлогу, перад тым, як класціся спаць на яе. Прадчувалі, як выйдзем і ўсё навярстаем — паплюхаемся ў ванне, апранем ўсё чыстае і духмянае.
Шмат хто ў камеры мыўся ранкам па пояс, мыў сваю вопратку і сушыў яе на батарэі. У камеры была лёгкая куртка, якую па чарзе апраналі пакуль сохла вопратка. Адзначу, што захоўванне сябе і вопраткі ў чысціні дапамагае не страціць у сабе чалавека, зрабіць больш прыемную па паху камеру. Хтосьці знаходзіў у сябе сілы мыць з гаспадарчым мылам пад халоднай вадой галаву і выціраць валасы сваёй майкай.

Ахоўнікі

З ахоўнікамі не варта заігрываць (гэта тычыцца асабліва дзяўчын) і весціся на іх прапановы (напрыклад, неяк ноччу да нас зайшоў ахоўнік і прапанаваў пайсці з ім папаліць). Выбар ужываць ветлівыя словы ці не, застаецца за кожным чалавекам. У нас было па-рознаму. Часам працавала адно, а часам іншае. Але што заўсёды працавала — дык гэта кароткая і выразная адна просьба, адно патрабаванне пры звароце да ахоўніка і толькі жыццёва неабходныя просьбы-патрабаванні. Напрыклад, даць лекі, выключыць святло, прынесці паперу для прыбіральні ці гігіенічныя сродкі. Мы здагадаліся, як самастойна адчыняць і зачыняць вакно (яно не было ў лёгкай дасяжнасці), дамагліся і атрымалі пластыкавую бутэльку і маглі не залежыць ад кубкаў, бралі лекі на некалькі дзён і хавалі іх у вопратцы на сабе (каб падчас чарговай праверкі ў камеры іх не забралі).

Рытуалы і баўленне часу

Раніца

Варты ўвагі момант — ранішнія рытуалы, бо яны даюць мажлівасць самому вызначаць, чым ты будзеш займацца, кіраваць тым, што адбываецца, хоць бы мінімальна.
Мая раніца пачыналася з малітвы. З мірнага жыцця я ведала, што чытанне з разважаннямі адной часткі ружанца (я каталічка) займае каля 40 хвілін і каля 4 тысяч крокаў. Пасля было каля 40 хвілін трэніроўкі, розных практыкаванняў — як на дыханне, так і на падтрыманне цела ў тонусе. Мыццё вопраткі (хаця б мінімальна) і цела (базавае). Былі тыя, хто займаўся ёгай, адціскаўся ад падлогі, проста хадзіў.

Варта ў першыя ж дні вызначыцца, якія з рытуалаў будуць з вамі штодня. Улічыце, што сілы сыходзяць, таму практыкаванняў і абавязковых дзеянняў не павінна быць шмат і яны не павінны быць складанымі. Напрыклад, мае сукамерніцы у пачатку рабілі многа фізічных практыкаванняў, але ў канцы зняволення ім было цяжка нават спаўзці з ложка раніцай.

Звычайна мы выбіралі чалавека, які ранкам быў гатовы адказваць ахоўнікам пра колькасць людзей у камеры, прымаць посуд і ежу. Тады астатнія атрымлівалі магчымасць спакойна выпаўзці з-пад ложка, злезці са стала ці з другога яруса ложка.
Важны момант, паўтаруся, не забывайцеся казаць добрыя словы, праяўляць дабрыню і ўвагу да іншых — асабліва ранкам. Па-першае, гэта стварае настрой на цэлы дзень. Па-другое, праз некаторы час незаўважна ўзнікне ланцуговая рэакцыя, калі ўся камера падхопіць і пачне стасавацца па гэтых правілах.

 Дзень

Асноўнай мэтай дня было набрацца сілаў. Таму віталіся забавы, якія падымалі настрой: спевы, гульні (кракадзіл, мафія, дзве праўды — адна хлусня, адгадванне персанажа (з прымацаваннем карткі з назвай на лоб), гульні ў словы (на розныя тэмы, на пэўную літару, шыбеніца, складанне слоў і г.д.), чытанне вершаў, расповеды пра цікавыя выпадкі з жыцця, рэцэпты і аповеды пра кавярні і рэстараны, якія варта наведаць, пра салоны прыгажосці, крамы і іншыя месцы). Смяяліся, распавядалі анекдоты, радаваліся і фіксавалі дробязі (напрыклад, далі больш кампоту, смачны суп, пажадалі смачна есці, сказалі, каторая гадзіна, ахоўнікі самі прынеслі паперу для прыбіральні ці спыталіся, што патрэбна і г.д.). Вучыліся і рабілі арыгамі з газет. Напрыклад, журавоў нам даводзілася рабіць шмат разоў, бо іх у нас і забіралі, і мялі.
Нам пашанцавала, бо ў нас былі стрыжні для ручкі, каб пісаць. Не буду ўдавацца ў падрабязнасці, як мы іх атрымалі, бо просьбы даць паперу і ручку, каб абскардзіць прыгавор, былі праігнараваны. Запісы дапамагалі ўпарадкаваць думкі, узяць хоць крыху пад свой кантроль час і тое, што адбываецца вакол. Пісаць было на чым, бо замест паперы для прыбіральні нам выдавалі «СБ», а аднойчы замест газет мы атрымалі кнігу з крылатымі фразамі вядомых людзей года выдання яшчэ за савецкім часам.
У газетах і гэтай кнізе мы адшуквалі цікавыя фразы ці малюнкі, якія мацавалі на сцяну. На сцяне віселі аркушы з турэмнымі правіламі, прымацаваныя шырокім скотчам. Мы адрывалі часткі скотча і ім мацавалі малюнкі прыгожага краявіду на месца, дзе на правілах паказвалася, як правільна засцілаць ложак, мацавалі выказванні пра суд, справядлівасць, праўду і г.д. Падчас кожнадзённай праверкі камеры нашу творчасць здымалі, што давала нам нагоду весела шукаць новыя выказванні.
Часткай жыцця было ліставанне паміж камерамі. Рабілі і чыталі надпісы на кубках і талерках, зробленыя лыжкай (так, напрыклад, мы даведаліся, што ў нейкі дзень курс долара быў 4.11), перастукваліся праз сцяну ці па батарэі.

Вечар

Вечар зазвычай цягнуўся асабліва доўга, таму забаўляліся як маглі. Часам, праўда, нас каралі стаяннем да адбою, але ў параўнанні з хлопцамі, гэта было не так катастрафічна, бо з іх здзекаваліся больш сурова (напрыклад, выводзілі з камеры і прымушалі адціскацца, запускалі газ у камеру і г.д.).
Мы адразу вырашылі, што па вечарах будзем размаўляць па-беларуску. Разважалі пра тое, што нас чакае на волі, што першае варта зрабіць, як выйдзем, што рабіць з каштоўнымі рэчамі, якія засталіся ў РУУС, забіраць іх ці не, а калі забіраць, то каму і з кім.
Штовечар асэнсоўвалі, што адбылося за дзень, якія думкі, пачуцці ці перажыванні з’яўляліся, за што і каму хацелася б падзякаваць. Вельмі добра, калі знойдзецца добраахвотнік мадэраваць такія сустрэчы і заахвочваць кожнага выказвацца. Абмяркоўвалі планы на наступны дзень: пра што будзем размаўляць, хто будзе пра сябе распавядаць, якія гульні паспрабуем.
Штовечар мы паўтаралі словы, што мы выйдзем адсюль, а яны (ахоўнікі) застануцца гніць у сваім садысцкім асяроддзі, у брудзе і галечы, са сваімі начнымі п’янкамі, матамі і абразамі, недаверам адзін да аднаго — і так усё сваё свядомае працоўнае жыццё.

Вызваленне

За час зняволення адбывалася прывыканне да рэчаіснасці вакол, таму доўгачаканы выхад на волю прыносіў шмат хваляванняў і пытанняў: «Што будзе далей? Як яно будзе на волі?» Па гэтай прычыне ў нас з’явіўся рытуал казаць увечары кожнаму, хто выходзіў на наступны дзень, пажаданні, добрыя словы, парады. Пры гэтым расчульваліся нават тыя, хто звычайна маўчаў.
Мы дазвалялі сабе папляскаць у далоні тым, каго выводзілі з камеры, каб вызваліць. Неўзабаве, на нашай сустрэчы з сукамернікамі на волі, усе казалі, што гэта была неверагодная падтрымка.
Аднак пакуль вы не выйшлі на волю і не едзеце ў кірунку дома, не варта расслабляцца. Па-першае, не зразумела з якой прычыны, але вас могуць пагнаць бегам на выхад, і тут вы адчуеце, што 15 сутак прывялі да таго, што вы пачынаеце задыхацца, што вам цяжка бегчы трымаючы рукі за спінай. У сваю чаргу гэта можа прывесці да фізічнай агрэсіі з боку аховы.
Па-другое, вас могуць абражаць і пагражаць вярнуць назад, дадаць яшчэ сутак. Не ўпэўнена, што пагрозы гэтыя маглі б спраўдзіцца, але калі воля блізкая, цяжка ўключыць мозг і не звяртаць на гэтыя словы ўвагі, тым больш, што такое ў практыцы было неаднаразова.
Па-трэцяе, вы можаце сутыкнуцца са стратай сваіх рэчаў, са знікненнем усіх ці часткі грошай, ключоў ад кватэры. Са здзекам, калі ахоўнік прыходзіць, каб вас вызваліць, але замест вашага прозвішча называе іншае і назірае за вашай рэакцыяй, а потым са смехам кажа, што гэта я пажартаваў.

Колькі словаў для сваякоў зняволеных

Нягледзячы на тое, што адміністрацыйным зняволеным не перадаюць лісты, пісаць іх варта. Гэта дае магчымасць выкласці свае перажыванні на паперу, зняць напружанне, а таксама парадаваць гэтымі лістамі свайго роднага пасля вызвалення, даць яму зразумець, што пра яго памяталі і змагаліся за яго, як маглі.

Пасля вызвалення сваякам варта адсочваць, каб вызвалены ўжываў здаровую ежу і пітво (пазбягаў алкаголю ці іншых падобных рэчаў), звяртаў асаблівую ўвагу на сон і адпачынак, выбіраў рэчы, якія прыносяць радасць і падабаюцца. Яго важна выслухаць, даць магчымасць распавесці пра тое, што адбывалася, слухаць, слухаць і слухаць, атуліць любоўю і падтрымкай, стварыць атмасферу прыняцця, увагі, цеплыні і добрых чалавечых адносінаў. Як варыянт, можна прапанаваць (аплаціць) псіхатэрапеўта (для каго гэта прымальна). Размова з прафесіяналам у бяспечным асяроддзі робіць цуды, паверце!

Гэта тое невялікае, што абагуліла са свайго досведу. І спадзяюся, што парады гэтыя не спатрэбіцца выкарыстоўваць на практыцы.
Напрыканцы я выказваю вялізную падзяку сваім родным і сябрам, якія рабілі ўсё мажлівае падчас маіх зняволенняў і пасля вызвалення, і дапамаглі мне справіцца найлепшым чынам з тым, што давялося перажыць.