Вашыя валасы могуць дапамагчы анкахворым
Па вуліцы крочыць жанчына відавочна пасля хіміятэрапіі — вейкаў і броваў няма, на галаве хусцінка, твар стомлены змаганнем з хваробай. Як можна ёй дапамагчы, калі ў самога ў кішэні пуста? Можна зрэзаць валасы і ахвяраваць іх на парык. Новы від дабрачыннасці набірае абароты на Захадзе, але да Беларусі пакуль што не дабраўся.
Аддаць валасы? Ці прадаць?
Вулічныя слупы, аблепленыя абвесткамі «Куплю валасы. Дорага», бачыў кожны, хто хоць зрэдку адрывае вочы ад смартфона. Прадпрымальнікі скупляюць валасы, каб пасля зрабіць з іх натуральныя парыкі ды прадаць за немалую суму. Прыкладны кошт парыка, які імітуе кароткую стрыжку, — 1200 рублёў. Натуральныя парыкі з даўгіх валасоў каштуюць удвая-ўтрая больш.
Аднак не любыя валасы купяць — даўжыня зрэзаных валасоў павінна быць мінімум 25–30 сантыметраў, яны не павінны быць зблытаныя. Найбольш цэняцца доўгія светлыя нефарбаваныя валасы, найменш — фарбаваныя. Валасы аплачваюцца па грамах, 100 грамаў каштуюць каля 35 рублёў. За валасы да пояса ці блонд ідзе надбаўка. Сумы невялікія, улічваючы, што нават для мінімальнай даўжыні ў 25 сантыметраў трэба не стрыгчыся некалькі гадоў. Для вырабу аднаго парыка патрабуецца ад 5 да 10 пукоў валасоў.
Калі хочацца кароткай фрызуры, а дарма выкідаць ці аддаваць за бясцэнак адрошчанае багацце жадання няма — можна ахвяраваць валасы на дабрачыннасць. Праўда, пакуль што не ў Беларусі. У многіх еўрапейскіх краінах, у тым ліку ў суседніх Польшчы ды Літве, існуюць цырульні, дзе чалавек можа бясплатна аддаць свае валасы, а яму на знак падзякі зробяць бясплатную стрыжку. З ахвяраваных валасоў робяць парыкі, якія дораць анкахворым пацыентам. Зазвычай гэта жанчыны пасля хіміятэрапіі, але бываюць і дзеці. Набыць натуральны парык самастойна — вельмі дорага, а штучныя парыкі падыходзяць нямногім: у іх некамфортна, чэшацца да парыцца скура, дый выглядаюць яны значна горш за натуральныя.
Каб заахвоціць людзей ахвяраваць валасы, цырульні часта запрашаюць найлепшых майстроў, да якіх і за грошы звычайныя кліенты не заўжды могуць патрапіць. У Ізраілі фонды і цырульні шчыльна супрацоўнічаюць са школамі, і дзяўчаты цэлымі класамі штогод ходзяць на такія стрыжкі — без прымусу, але з асэнсаваннем, што яны дапамагаюць тым, каму гэта вельмі патрэбна. Калі ў чалавека няма магчымасці прыйсці і пастрыгчыся ў пэўнай цырульні, можна састрыгчы валасы хоць дома (выконваючы некаторыя патрабаванні) і выслаць іх поштай на адрас фонду з любой кропкі свету. Вам аддзячаць віртуальным дыпломам.
«Калі чалавек хоць часова забудзецца на хваробу дзякуючы маім валасам — гэта цешыць»
Вядомыя людзі часта публікуюць заклікі ахвяраваць валасы, дый самі ўдзельнічаюць у такіх акцыях. Сярод іх — герцагіня Кембрыджская Кейт Мідлтан ды міністарка Францыі па пытаннях гендарнай роўнасці Марлен Ш’япа. Нядаўна ў такой дабрачыннасці прыняла ўдзел і адзіная ў свеце беларускамоўная іспанка, паэтка, філолаг Анхела Эспіноса. Для яе гэта быў першы досвед.
— Я спецыяльна вырашыла перастаць стрыгчы валасы пяць гадоў таму менавіта для таго, каб потым ахвяраваць іх такой ініцыятыве. Я заўжды любіла эксперыментаваць са сваёй знешнасцю, насіла розныя кароткія ці сярэднія стрыжкі. Доўгія валасы былі нязручнымі для мяне ў дзяцінстве і падлеткавых гадах, і мне не хацелася надаваць шмат часу догляду за імі, я не была гатовая ўставаць раней, каб рабіць прычоску... Калі аказалася, што мае натуральныя доўгія валасы не патрабуюць вялікай траты часу, я іх панасіла дзеля змены іміджу, бо я люблю бачыць сябе рознай. Але першапачатковай мэтай было іх аддаць анкапацыентам, — распавядае Анхела.
Дзяўчына кажа, што вырашыцца састрыгчы валасы было нескладана:
— Я ж не Самсон — сіла чалавека ў тым, наколькі ён добры да іншых. Даўжыня валасоў мае істотнае значэнне? Ды не. Істотнае значэнне мае здароўе, у тым ліку — псіхічны стан, асабліва падчас цяжкай фізічнай хваробы. Калі чалавек з анкалагічнай хваробай можа забывацца на яе хоць на кароткі час дзякуючы парыку з маіх валасоў — гэта не можа мяне не цешыць. Дарэчы, тое, што толькі дзяўчыны надаюць значэнне даўжыні сваіх валасоў — памылковае і стэрэатыпнае ўяўленне. Мае знаёмыя мужчыны-металісты не аддалі б сваіх валасоў нікому і ні за што, затое амаль усе донары, якіх я ведаю, — менавіта жанчыны.
Па словах Анхелы, такі від дабрачыннасці ў Іспаніі даволі папулярны. Зазвычай трэба пытацца ў цырульніка, ці практыкуе ён донарства. Анхела пастрыглася ў сваёй цырульніцы.
— Спачатку вымяраюць даўжыню валасоў, якія будуць ахвяраваныя. Мінімум у нас — 20 сантыметраў. Інакш, кажуць, парык атрымаецца занадта кароткім, не хопіць на ўсю галаву. Потым збіраюць валасы ў хвосцік, стрыгуць, а пасля крыху падпраўляюць стрыжку, каб выглядала прафесійна.
Анхела гаворыць, што блізкія адрэагавалі на яе ўчынак выключна пазітыўна, дый ёй самой спадабаўся такі досвед:
— Мне пашанцавала з сацыяльным колам — у маім асяродку цэняць людзей не за іх знешнасць, а за дзеі і за тое, што ўнутры ў чалавека. На змену прычоскі амаль не звярталі ўвагі, альбо проста казалі, што таксама пасуе, а вось сам факт ахвяравання ўспрынялі вельмі станоўча.
А што ў Беларусі? Анкахворых шмат, але валасы ахвяраваць няма дзе
Танцорка Наталля Белазёрава, якая з’ехала на вучобу ў Польшчу і цяпер жыве ў Кракаве, распавядае, што двойчы спрабавала ахвяраваць свае валасы ў Беларусі, ды не знайшла дзе.
— Яшчэ два гады таму я хацела зрэзаць валасы ў Беларусі, але не знайшла ніякай інфармацыі, як гэта зрабіць. Гадавала валасы далей, але нядаўна зноў вырашыла паспрабаваць — думала, мо, нешта змянілася. Зноў не знайшла ніякіх варыянтаў, і ў выніку зрэзала валасы ўжо ў Кракаве. Я засталася вельмі задаволеная, бо мне не проста састрыглі валасы, а стыліст выбраў і прапанаваў фрызуру і даўжыню, якая будзе найбольш пасаваць менавіта мне, усё акуратна падраўнялі, зрабілі маску ды ўмацавалі валасы рознымі сродкамі.
Наталля ахвяроўвала валасы ў межах праграмы «Даеш валасы!», якую праводзіць дабрачынны фонд Rak’n’Roll па ўсёй Польшчы. На сайце фонду месціцца спіс салонаў, якія супрацоўнічаюць з ім, і можна выбраць найбліжэйшы да хаты, як і зрабіла Наталля.
Па словах Наталлі, сярод яе знаёмых многія ахвяруюць валасы анкахворым — магчыма, гэта звязана з яе каталіцкім асяродкам. На сайце Rak’n’Roll пазначана, што фонд атрымлівае некалькі тысяч пучкоў валасоў штомесяц (у тым ліку і поштай). Выраб парыка — справа няпростая, у месяц фонд робіць каля 30 парыкоў. Калі хворая жанчына хоча атрымаць бясплатны парык, яе лекар мусіць падаць адмысловую заяўку.
Наталля гаворыць, што для цікавасці даведвалася пра кошт сваіх валасоў, калі б вырашыла іх здаць прадпрымальнікам.
— Выходзіла не так і шмат, каля 100 долараў. Канешне, аддаваць ці прадаваць валасы — выбар кожнага чалавека. Але я б не прадавала, і справа не ў кошце. Мне хочацца нешта зрабіць для хворых людзей. Вядома, шкада, што я не змагла ахвяраваць валасы ў Беларусі — калі зазірнуць у кожную беларускую сям’ю, то абавязкова знойдзецца хоць адзін хворы на анкалогію. Я не ўпэўненая, што многія з іх могуць сабе дазволіць набыць натуральны парык.
Цяпер Наталля наноў гадуе валасы і спадзяецца, што пакуль яны адрастуць, падобнае донарства будзе магчыма і ў нас.
Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі штогод 47 тысяч чалавек захворвае на рак. Многія з іх праходзяць хіміятэрапію і губляюць валасы. Аднак ні медыцынскія, ні дабрачынныя ўстановы не прапануюць такога віду донарства, як донарства валасоў. Інтэрнэт-пошукавікі не знаходзяць ніводнага месца ў Беларусі, дзе можна было б здаць валасы на парык для анкахворых.
У прыватнай размове супрацоўнікі анкалагічных арганізацый выказалі меркаванне, што, мажліва, у Беларусі больш увагі надаецца лячэнню хворых на анкалогію дзяцей, а не дарослых. А ці думаюць хворыя дзеці пра парык? Акрамя гэтага, патрэбны большы штат валанцёраў, дый каардынацыя такога донарскага руху — гэта агромністы пласт працы, за які трэба камусьці ўзяцца.
«Ці да парыка, калі думаеш, як выжыць?» — скажуць некаторыя. Але добры выгляд і самаадчуванне надаюць сілаў для ацалення, ці не так?