Надышоў час сталець. Адказ беларусам і не толькі на адвечныя пытанні «хто вінаваты» і «што рабіць»

Калі нешта здараецца, то адразу пачынаецца пошук адказаў на гэтыя два пытанні. Нібыта адказы на іх ужо штосьці могуць змяніць. На маю думку, іх задаюць тыя, хто не вельмі хоча адказваць на іншае, больш складанае пытанне — «Як прадухіліць?»

Ілюстрацыйнае фота. Аляксандр Зяньковіч

Ілюстрацыйнае фота. Аляксандр Зяньковіч

Увесь свет з жахам назірае за тым, што адбываецца ва Украіне, і не можа зразумець як такое магчыма? Ну я тут крыху перабольшыў, канешне, зусім не ўвесь, а толькі тая частка, якая хоча бачыць нешта большае за свой утульны палісад ля дома, ці тыя, у каго ёсць знаёмыя ці сябры ў гэтай частцы свету.
«Як такое можа быць?» — менавіта так маю знаёмую спытаў яе бізнес-партнёр з адной з краін Еўрасаюза, які ўбачыў ролік з Бучы. Размова зацягнулася больш чым на гадзіну — ён нічога не ведаў пра падзеі 2020 года ў Беларусі, краем вуха нешта чуў пра Майдан 2014 года ва Украіне, але ж ніяк не думаў пра тое, каб у адукаванай, цывілізаванай Еўропе могуць адбывацца падзеі кшталту Другой сусветнай вайны. Зараз ён спісваецца з ёй штодзень па некалькі разоў і вельмі пільна сочыць за ўсім гэтым. Кажа, што распавядае знаёмым, але яны яму не вельмі вераць...
Адказ на пытанне «Як такое можа быць?» даволі просты. Да дрыжыкаў просты! У гэта ніяк не могуць паверыць сытыя і задаволеныя жыхары Еўрасаюза ды ЗША. Для зразумення трэба проста пару тыдняў паглядзець мясцовае тэлебачанне, прачытаць некалькі кніжак-покетбукаў кшталту «На сувязі спецназ» ці «Выведка ведае ўсё», якія шмат гадоў распаўсюджваюцца па тутэйшых электрычках, вакзалах ды крамах па вельмі нізкім кошце, праглядзець пару бясконцых серыялаў кшталту «Марскія д’яблы». Непадрыхтаванаму чалавеку гэта будзе... Ну як па галаве кіянкай дзёўбнуць. Мы лепшыя! Мы непераможныя! СССР/Расія — Моц! СССР быў, але ж можам аднавіць... І вось аднаўляюць жа!
Звычайным Воўкам, Лёнькам, Андрэйкам не адзін год трансліравалі ідэю, што «Расія павінна ўзняцца з каленаў!», не ўдакладняючы, хто канкрэтна, як і навошта яе на гэтыя калены паставіў і чаму яна дагэтуль з іх ніяк не можа ўзняцца. Вядома, ворагам былі прызначаны калектыўны Захад і, канешне, ЗША. Шмат гадоў вырабляліся нізкагатунковыя серыялы пра бравых спецназаўцаў, якія лёгка пад шклянку гарэлкі (як жа ж без яе) выконвалі загады, пускалі слязу над рэдкімі магіламі (шмат магілаў нельга, бо гэта ж спецназ!). Карацей, былі сваімі ў дошку рабятамі і пакідалі ў гледачоў думку, што так можа кожны. Потым навіны на закуску пад двушку «Балтыкі», у якіх таксама бадзёра распавядалі пра поспехі літаральна ва ўсім, уключаючы космас. А потым зноўку «д’яблы», «спецназ»... Па выхадным і «Аншлаг» можна ці там яшчэ штосьці такое пра тупых захаднікаў. І куды ж без парадаў з любой нагоды і «можам паўтарыць»?!
Прапаганда гвалту, прапаганда нацызму. А што гэта ёсць, калі па нацыянальнай прыкмеце адзін народ уздымаюць над іншымі? Класічны нацызм. Але ў нашым выпадку мае месца злучэнне нацызму ды фашызму, а гэта, насамрэч, розныя рэчы. Так, яны даволі цесна стаяць побач на першы погляд, але гэта толькі таму, што нас з дзяцінства вучылі іх не адрозніваць. Як з дзяцінства старанна забівалі нашыя галовы тэзісамі аб загніваючым Захадзе, выключным шчасці жыць у СССР, савецкае — значыць лепшае і г.д. Зараз бачна, што вельмі шмат у якія галовы гэта трапіла вельмі якасна, і месца для анічога іншага не засталося.
Але ж вернемся ў рэальнасць. Яна стала адзіна магчымай у тых умовах, якія даволі паслядоўна складалі кіраўніцтва Расіі ды Беларусі на парэштках былога СССР. Фантомныя болі па нейкім міфічным братэрстве цягам часу толькі набіралі моц. Усё часцей прыгадваўся «самы смачны пламбір», усё нястрыманей былі святкаванні 9 траўня, усё больш рос градус нянавісці да іншых меркаванняў, усё больш з’яўлялася сумных уздыхаў па «сталінскім часе». Віктар Шэндэровіч неяк вельмі трапна заўважыў: «Тыя, хто жадае Сталіна, жадаюць яго не для сябе, а для суседа». Для суседа, які мае нахабства мець уласную думку, не пагаджацца з усёдазволенасцю ўладаў і адкрыта аб гэтым гаварыць.
Ну што ж, можна павіншаваць сталіністаў — сёння ўсё, як яны жадаюць! За любую праяву нязгоды — турма з катаваннямі, суседняя краіна спрабуе абраць свой шлях — ваеннае ўварванне. Шкада толькі, што сучасныя прыхільнікі Сталіна не разумеюць, што ў ХХІ стагоддзі дзяржава, якая зрабіла стаўку на тэрор, асуджана на развал. Ва ўмовах тэрору не можа ісці гаворкі ні пра якое развіццё ні ў якай галіне эканомікі. А калі стаўка на тэрор дасягае міжнароднага маштабу, то час да развалу такой дзяржавы ляціць утрая хутчэй. Свет за амаль 80 год з часоў Другой Сусветнай вайны стаў прынцыпова іншым, і адна краіна, няхай і з ліку тэрытарыяльна буйнейшых, супраць астатняга свету не мае аніякіх шанцаў. Адмаўляць гэта можа толькі зусім недалёкі ці вельмі добра праплачаны чалавек.
«Што рабіць?» Насамрэч досыць складанае пытанне. Ад добрай сяброўкі ведаю, што ў Мазыры некаторыя бабулькі стаяць у чарзе каб перадаць пакуначкі з гасцінцамі «няшчасным параненым салдацікам» у той самы час, калі з пляцоўкі ў некалькіх соцень метрах у паветра ўздымаюцца ракеты на Кіеў, Чарнігаў і хто ведае куды яшчэ. Я не ведаю, і ніякага рэцэпту тут не будзе. Кожны павінен вырашыць сам. Шмат у каго з нас ёсць знаёмыя за мяжой. З кімсьці былі ці застаюцца працоўныя стасункі, з кімсьці сяброўскія. Распавядайце ім пра тое, што тут насамрэч робіцца. Гэта будзе зусім не залішнім.
«Хто вінаваты?» Цяжкае пытанне. Зараз вельмі шмат спрэчак аб так званай «калектыўнай адказнасці». Я не прыхільнік таго, каб агулам усіх беларусаў ці расіян абвінавачваць ва ўсім, што адбываецца. Можа Павел Севярынец ці Марыя Калеснікава таксама вінаватыя? Ці вінаватыя дзясяткі тысячаў беларусаў, якія прайшлі і праходзяць праз катаванні ў турмах ці лагерах? Ці вінаватыя зараз ужо тысячы расіян, якія працягваюць выходзіць на антываенныя акцыі і якіх таксама збіваюць у турмах і паліцэйскіх пастарунках? Трэба задаць сабе толькі адно пытанне: «А што зрабіў я, каб гэтага не было, і што я павінен і магу зрабіць зараз?» Надышоў час усвядоміць сабе хто мы і чаго вартыя. Але ж гэта не заклік адразу кідацца пад танк з літарай Z ці V. Ён пераедзе і паедзе далей. Сёння кожны вызначае сам, бо надышоў час сталець. Рэцэптаў выйсця няма, іх трэба вызначаць нам самім. І гэта зусім не «ўсё прапала, хадзем спаць». Кожны робіць што можа! Калі думаеш, што лепей гэта ўсё перачакаць — ну што ж... Дабранач.
«Як прадухіліць?» На гэтае пытанне шмат хто спрабаваў адказаць, я таксама паспрабую. Па-першае, спыніць прагляд дзяржаўных каналаў тэлебачання. Адзін мой сябар мне так сказаў: «Я паспрабаваў паглядзець СТВ (адзін з самых адыёзных прапагандысцкіх каналаў, калі яшчэ хто не ведае). Праз 15 хвілін у мяне паплылі мазгі». Па-другое, шукаць інфармацыю ў розных крыніцах. Спачатку будзе складана ўсё гэта засвоіць, але шлях самурая ніколі не бывае лёгкім. Па-трэцяе, самае складанае. Збіраем інфармацыю і спрабуем яе аналізаваць. Гэта вельмі цікава і можа прывесці да зусім нечаканых высноваў. Ну, а далей сам! Думай, дзейнічай.
Ну і апошняе і самае галоўнае — Заставайцеся Людзьмі. Міра нам усім!