Бескультур’е культуры

Чалавек мадэрну дамогся неверагоднага — ён спыніў час! Пераадолеў як мог уласную смяротнасць… Нас зараз натуральна давіць танкамі састарэлая культура мадэрну, культура імперскай велічы і пагарды да «прымітыўнасці абывацеля», — напісала ў лісце ў рэдакцыю ў адказ на артыкул Крысціны Бандурынай «Культура бескультур’я» наша чытачка Марыя Касцюковіч.

Фота Анастасіі Рубанавай

Фота Анастасіі Рубанавай

Шаноўная пані Крысціна,

не перадаць словамі, з якім задавальненнем я прачытала вашае эсе. Дазвольце ж мне з такім жа задавальненнем вам у тым-сім запярэчыць — і парадавацца таму, што мы пакрысе знаходзім пасярод нематы слоўцы для апісання звар’яцелай рэчаіснасці.

У «такі цяжкі для радзімы час» я б не стала так лёгка гаварыць пра ідэнтычнасць, як гэта робіце, свядома ці несвядома, вы. Я не ведаю, ці адчуваюць сябе, як вы пішаце, амерыканцы амерыканцамі, а беларусы беларусамі — і што гэта за пачуццё, і якім чынам яно выпрацоўваецца. І ці істотна адрозніваецца адна нацыянальная ідэнтычнасць ад іншай. Мне здаецца, з ідэнтычнасцю ў сучаснага чалавека «ўсё не так адназначна — і гэта адна з прычын таго, што мы зараз напружана назіраем.

Ці адчувае сябе буратам бурат, калі едзе на расейскім танку ва Украіну ці ён проста выконвае загад, таму што гэта натуральна для вайскоўца — выконваць загад і ехаць на танку з ідэнтычнасцю прафесійнай, а не нацыянальнай? Ці вы мяркуеце, ён злезе з танку як толькі адчуе сябе буратам?

Ці адчуваюць сябе рускімі імперцы, якія сіламі ўнутраных калоній душаць вонкавыя калоніі? Ці таму яны напалі на Украіну, што адчуваюць сябе рускімі? Ці адчуваюць сябе беларусамі беларусы, якія з’ехалі ў Польшчу? А ці адчувалі да таго, як з’ехалі? Ці адчувае сябе амерыканцам беларус, які доўга жыве ў Амерыцы? А што вы мяркуеце, пані Крысціна, пра цяжкасці расшчэпленай беларускай ідэнтычнасці, якую цяпер баяцца асэнсоўваць інакш, чым спрошчаным, ідэалагізаваным «Белоруссия VS Беларусь»?

Вы пішаце, ідзе вайна архаікі з мадэрнам. Мне здаецца, я маю права вас крышку паправіць: калі так важна вызначыць, якая менавіта вайна ідзе ў культуры, пакуль вакол нас ідзе сапраўдная чалавеказабойчая вайна, дык гэта будзе вайна мадэрна з постмадэрнам. Ці нават з постпостмадэрнам. (І мы ж не забываемся, што пакуль тут ідзе такая вайна, дзесьці за кардонам постпостмадэрн б’ецца з метамадэрнам, але што нам да таго, мы яшчэ і мадэрну не адолелі.) Вайна чалавека мадэрну, які жыў у іерархічнай сістэме і назіраў стварэнне новых дзяржаў і дыктатур. Чалавека, які ведае, што ёсць эліты і ёсць люмпены, і імкнецца стаць элітай. Для яго культура — гэта тое, што даступна не ўсім. Ён увесь складзены з прывілеяў. Для яго «Дом-2» не можа быць фактам культуры, у якой ёсць Дастаеўскі і Пруст. Ён лічыць, што культура — гэта пра ўскладненне. І як чалавек масы ён грэбуе масамі.

Чалавек мадэрну шмат чаго для нас зрабіў: ён ствараў дзяржавы, развіваў для нас індустрыю і навуку, каб з яе вырасла інфармацыйнае грамадства, ён развязаў дзве сусветныя вайны, каб пазбавіцца нарэшце свайго місіянерства і навязлівага імкнення да элітарнасці. Ён пражыў страшныя рэпрэсіі: не толькі ў СССР, але, напрыклад, у Іспаніі, Італіі, Германіі, ды і ў ЗША таксама. Ён стварыў чалавека таталітарнага і заклаў пачаткі чалавека трошку больш дэмакратычнага. Такога, якога не цікавіць іерархія, улада і культура як прывілей і сродак асабістага адрознення ад масы. У яго, вядома, досыць сваіх тараканаў — проста яны іншыя.

Любы твор мастацтва, унікальнасць якога так горача абараняў чалавек мадэрну, існуе для гэтага, новага чалавека ў тысячах копій, і здаецца, яму не так ужо і важна чымсьці сапраўды валодаць. Замест мадэрнавага «изобилия» і валодання ён выбірае камфорт і карыстанне. Замест «вялікай і моцнай дзяржавы» мадэрну ён задавальняецца маленькім камфортным кутком аўтаноміі. Ды і слова «стварае» не надта да яго падыходзіць. Ён любіць кароткія сказы і не разумее эзопавай мовы. Яго мала цікавяць метафары і рыфмы.

Чалавек мадэрну тут, у гэтай частцы свету, яшчэ не разумее, што ягоная місія скончана. Ён імкнецца застацца ля крыніцы рэсурсаў, яму важна пад канец свайго панавання пакінуць хаця б апошні, безнадзейны ўзор мадэрну — хаця б прывід неіснуючай імперыі. Замацавацца ў гісторыі адзіным спосабам, які ён памятае, — стварыць новую масу. Напрыклад, тую, што падтрымлівае вайну. А вайну чалавек мадэрну пачувае за сродак яднання, пераадолення пакутлівай разнастайнасці, складанасці і недаскланаласці свету. Вайной ён вяртае свету зразумелую яму іерархічнасць. Хтосьці камусьці падпарадкоўваецца. Хтосьці над кімсьці дамінуе. Парадачак ідзе.

У вашым палкім лісце, спадарыня Крысціна, я бачу старэнькае, мадэрнавае абвінавачванне: тыя, хто мае голас, абвінавачваюць тых, у каго яго няма. Чалавек прывілеяваны вінаваціць чалавека без прывілеяў. Чалавек, які адмяжоўваецца ад масы, грэбуе чалавекам масы. Чалавек мадэрну вінаваціць мадэрн. І адзінае пытаннечка, якое мяне хвалюе, — чаму мы захраслі ў мадэрне так глыбока, што дагэтуль гаворым ягонай мовай. Бачыце: чалавек мадэрну дамогся неверагоднага — ён спыніў час! Пераадолеў як мог уласную смяротнасць.

Хаця сякое-такое тлумачэнне ў мяне ёсць: канфлікт пакаленняў, які кіруе нашай культурай ледзь не стагоддзе, не дае новым пакаленням доступу да рэсурсаў, пакуль яны, новыя, не пяройдуць на бок старых пакаленняў, не загавораць іх мовай, не пяроймуць іх светаўспрыманне. Гэта вельмі зручна і часам называецца традыцыяй, але мэта ў той «традыцыі» адна — стаць класікамі і не пусціць маладых да рэсурсаў, матэрыяльных, рэпутацыйных, не даць ім казаць новыя словы. А я ж наіўна веру, што сэнс літаратуры — новыя словы. Паслядоўнікі, а не стваральнікі новага — такую ролю пакінулі нам у тым нябачным канфлікце пакаленняў, таксама цалкам мадэрнавым.

Пакуль, пані Крысціна, вы кажаце, маўляў гэта вайна старога з новым, я з асцярогай чакаю, што яшчэ гадоў трыццаць мы будзем паўтараць тое, што казалі, прылічваючы сябе да эліты, інтэлігенты пяцьдзясят гадоў таму пра тэлебачанне, масы і іх маўчанне, затое ў нас ё ўсе шанцы ніколі не памерці, ага. Я нават ведаю, чые імёны мы будзем прамаўляць праз тыя трыццаць гадоў, не зважаючы на новыя пакаленні і новыя імёны, асабліва калі яны скажуць не тое, што прынята казаць. Так расіяне зараз бубняць пра Пушкіна і Дастаеўскага, ага.

Вы ж і самі, пані Крысціна, пішаце пра залаты век трыццатых, які страцілі, а пасля не паспелі аднавіць у дзевяностых (аднавіць? навошта? каб не ствараць новае?), хаця жывая культура не мысліць дзесяцігоддзямі, яе век — пяць гадоў, не больш. Незагойная трагедыя тэрору, выкрасленага пакалення трыццатых грукае ў нашыя сэрцы, але ж тое не падстава не бачыць сучаснасці і бясконца аднаўляць мінулае, спрабуючы знайсці там у ім віноўных у тым, што мы зараз пагарджаем адно адным. Мы пагарджаем таму, што мы пагарджаем. Кропка. І так, мы можам па-іншаму. Патрэбная, як мы ўпэўніліся ў 2020-м, простая палітычная воля, а не навязлівае перапісванне мінулага. І не, калі сто разоў перапісаць мінулае, палітычная воля ад гэтага не з’явіцца. Як бы нам ні хацелася. Давядзецца яго нарэшце прыняць.

Вы пішаце, існуе меркаванне, што культура нас выратуе. О, чалавек мадэрну, палюбіўшы элітарнасць, свята верыў у выратавальную, цывілізацыйную функцыю культуры. Мне ж больш даспадобы глядзець на культуру як на шалёнага сабаку. Ён кідаецца на ўсіх, і яго трэба ўвесь час утаймоўваць, каб ён не кусаўся састарэлымі культурнымі кодамі. Нас зараз кусае — ды натуральна давіць танкамі — састарэлая культура мадэрну, культура імперскай велічы і пагарды да «прымітыўнасці абывацеля».

Савецкая культура, ведаеце, была наскрозь класіцыстычнай: яна дзяліла ўсё на «высокае» і «нізкае», «дастойнае» і «недастойнае» (і людзей, як вы разумееце, таксама). Гэта яна гаворыць вашымі вуснамі, калі вы пішаце пра «Дом-2» і «Нашу Рашу», што паразітуе на прымітыўнасці абывацеля.

Такая рыторыка — даўно вядомая частка савецкай інтэлігенцкай ідэнтычнасці: выказаць пагарду да «саўка», каб адчуць сябе іншым. Яна не жадае прызнаваць, што «Дом-2» і Дастаеўскі сыходзяць з аднаго кораня — патрэбы глядзець на «нізкае» і адчуваць сябе «высокім». Што жаданне парагатаць хоць з чагосьці — нармалёвае жаданне чалавека, а імкненне да брудных жартаў — спосаб прапрацаваць рэчаіснасць, якую не бярэцца тлумачыць гэтая вашая «высокая культура», бо лічыць яе недастойнай. Бачыце, пакуль вы адчуваеце сябе беларускай, вашымі гнеўнымі вуснамі гаворыць савецкая культура. Дык што там у нас з ідэнтычнасцю?

Здаецца, абвінавачванні маленькага чалавека можна ўжо пакінуць бабулям і дзядулям, і калі зняць белае мадэрнавае паліто і паглядзець на сітуацыю праз іншую прызму, то можна ўбачыць тую самую будучыню, якой баіцца чалавек мадэрну, і знайсці для яе новыя словы, каб патлумачыць яму, спужанаму, што яго чакае там, акрамя абвінавачванняў у тым, што гэта з-за яго ўсё — з-за ягонага бескультур’я, ягонага маўчання і ягонага «свінства». Мо час узяцца нарэшце за гэтую задачу?

Рэдакцыя «Новага Часу» заклікае чытачоў дзяліцца сваімі меркаваннямі! Дасылайце нам свае лісты, развагі, артыкулы!