Віктар Марціновіч: Амністыя Шродзінгера

«Электаральнае кола дхармы», якое вызначала лёс людзей тут усе мінулыя гады, гэтым разам мае заўважнае адрозненне, — пісьменнік Віктар Марціновіч разважае на budzma.by пра магчымую амністыю ў Беларусі.

Jie Qi/Flickr

Jie Qi/Flickr

Якія часы, такая і лібералізацыя.

Чуткі пра тое, што палітвязням і нават не асуджаным пакуль «палітычным» настойліва прапануюць падпісаць прашэнні аб памілаванні, пазначаюць прынцыпова новы этап.

«Электаральнае кола дхармы», якое ў Беларусі вось ужо 25 гадоў рушыць па адным і тым жа маршруце: надзея — уздым — плошча — рэакцыя — вязніца — санкцыі — міжнародная ізаляцыя — лібералізацыя — усё нармальна, мама! — зноў зрабіла зрух.

І мы ўжо не ў стадыі санкцыі/ізаляцыя, але недзе паміж лібералізацыяяй і рэакцыяй.

Адно што адбываецца ўсё вельмі дзіўна.

Наш амністыйны коцік Шродзінгера адначасова жывы і мёртвы.

Прыкметы жыцця — тыя самыя паведамленні пра магчымую амністыю да 3 ліпеня, у сукупнасці з прачынаннем і актывізацыяй экспертаў, якія ўмеюць красіва гаварыць, што да дэмакратыі беларусы не дараслі, а таму краіну трэба проста пакінуць у спакоі, не чапаць і па магчымасці накачваць грашыма на «структурныя рэформы».

Але і прыкметы смерці таксама ёсць — напрыклад, блізкія да ўлады тэлеграм-каналы катэгарычна абвяргаюць магчымасць амністыі, сцвярджаюць, што ўсе палітычныя будуць сядзець і сядзець.

Дададзім сюды, што звычайна перад лібералізацыяй цалкам згортваюцца палітычныя пакаранні і перад абвяшчэннем «гатоўнасці да дыялогу» ажно некалькі месяцаў не выносіцца новых прысудаў.

Тут жа канвеер працуе напоўніцу, людзей працягваюць судзіць, і неяк гэта не вяжацца з надзеяй на хуткае выпусканне ўсіх.

То ўзнікаюць пытанні да таго, наколькі правераныя паведамленні пра прапановы падпісаць паперу, каб выйсці. І нават калі такія прапановы сапраўды былі — наколькі яны шчырыя і ўзгодненыя на ўсіх узроўнях сістэмы.

Гэта можа быць чарговай тэхналогіяй тых самых экспертаў у пінжаках, якія амаль год спалі, а цяпер во забалбаталі.

Тэхналогіяй, скіраванай на тое, каб прадухіліць ці максімальна змякчыць чацвёрты санкцыйны пакет і паставіць на паўзу падрыхтоўку пятага пакета. Маўляў, сістэма ўзялася за розум, пайшоў лібералізацыйны варушняк, і калі раптам вы ўсё ж уведзяце санкцыі, усё харошае, што так старанна рыхтавалася, ператворыцца ў бязлітасны ГУЛАГ.

То, маўляў, думайце і не памыліцеся.

«Электаральнае кола дхармы», якое вызначала лёс людзей тут усе мінулыя гады, гэтым разам мае заўважнае адрозненне.

А менавіта — маштаб таго, што адбылося. І гэтае адрозненне не дазваляе яго круціць так, як яно круцілася дагэтуль.

Бо адна справа, калі палітзняволеных 20 чалавек. Вызваліўшы іх, ты асабліва не паўплываеш на настроі ў краіне.

І зусім іншая — калі людзей, прызнаных «палітычнымі», амаль пяцьсот.

І яшчэ пад сотню тысяч грамадзян і таварышаў па розных прычынах у змушанай эміграцыі ў краінах, што знаходзяцца за чатыры гадзіны язды да аўто.

Вызваленне, нават з пастаноўкай на ўлік і захаваннем судзімасці, вядзе да новай атмасферы, якая можа прыцягнуць на радзіму тых, хто з’ехаў.

Дадайце сюды абсалютна вар’яцкую сітуацыю з немагчымасцю нават злётаць некуды на летні адпачынак, і атрымаеце дужа непрыемны расклад, супастаўны з мінулым ліпенем.

З іншага боку, тая частка шасцерні, якая адказвае за ізаляцыю і санкцыі, цяпер павялічылася сувымерна маштабу ўсяго іншага. Я не памятаю ніводнага разу, калі прагматычныя і грашалюбныя еўрапейцы пагражалі галіновымі санкцыямі і сапраўднымі (а не дэкаратыўнымі!) абмежаваннямі ў гандлі.

І як бы ні казырыліся тыя самыя блізкія да ўлады тэлеграм-каналы, патрэба ў змякчэнні, у прыслухоўванні — ёсць.

То я дапускаю, што сістэма схілілася да нейкага гібрыднага варыянту.

Амністыя як бы ёсць і яе як бы няма адначасова.

Усе вядомыя прозвішчы адкладаюцца для асобнага гандлю.

А вось па ўсіх гэтых сотнях зняволеных ідзе вызваленне — так, каб скараціць гэты велізарны спіс да памераў, калі еўрапейцы хаця б пачнуць здымаць слухаўкі, калі тэлефануюць «правільныя» эксперты з ліслівымі галасамі.

Гэты коцік павінен быць жывы для еўрапейцаў і абсалютна нежывы — для тутэйшых. Тут будзе ісці зацісканне, вылузванне знакавых для мінулага жніўня прозвішчаў з краіны, а туды, за бугор, будуць перадавацца «пазітыўныя сігналы».

І мы можам нават не заўважыць, калі танальнасць Еўрапейскай рады пачне змяняцца.

І тым больш — не зразумець, чаму.