Віктар Марціновіч: Ананімнасць Зла

Віктар Марціновіч на budzma.by разважае пра прыроду зла, якое апанавала Беларусь.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Выключнасць падзеяў, што разгарнуліся ў нашай Беларусі, зрабілі яе даследніцкім палігонам для вывучэння з’явы, што атачае любога чалавека ўвесь час, але напоўніцу праяўляе сабе зрэдку. Гэтая з’ява — Зло ва ўсіх ягоных праявах, ад лютасці да нематываванага гвалту і простага садызму.
Цікава бачыць, што ўжо і Аляксей Півавараў у сваёй «Рэдакцыі» прэпаруе феномен жорсткасці з апорай на беларускі досвед, пры тым што Півавараў жыве ў Расіі, дзе, здавалася б, таксама не бракуе кейсаў для разгляду змрочнага боку ў чалавеку. Прычым цікава, што Півавараў, кажучы пра наша Пекла, абапіраецца на «Банальнасць Зла» Ханы Арэндт, нібыта з часоў Трэцяга Рэйху не здаралася выдатна апісаных Шаламавым і Салжаніцыным рэцыдываў Зла ў межах ГУЛАГа.
Арэндт мяркуе, што абуджальнікам Зла з’яўляецца адмова ад свабоды прыняцця рашэнняў, бяздумнае падпарадкаванне атрыманым загадам.
Але я з гэтым не пагаджуся.
Думаць так — значыць адмаўляць тое, што Зло ў тым ці іншым выглядзе ёсць у кожным з нас і злачынныя загады толькі даюць яму дарогу, а не запачаткоўваюць яго.
Наглядзеўшыся на тое, што адбывалася ў Беларусі апошнія чатыры тыдні, рызыкну заключыць: адзінай надзейнай супрацьвагай Злу з’яўляецца адказнасць. Бо калі істота, датычная да ўлады, нават найменшай улады — напрыклад, улады не пускаць кагось у навучальны корпус падчас сілавога разгону, — пазбаўляецца нават ценю адказнасці, пачынаецца самае цікавае.
Няма нічога больш высакароднага за прафесію міліцыянта — чалавека, які беражэ спакой і дабрабыт сваіх суграмадзянаў. Гэтая прафесія настолькі ж патрэбная грамадству, як работа доктара ці настаўніка. Момант, калі чалавек у пагонах перараджаецца ў крыніцу страху і гвалту, наўпрост звязаная з размыццём адказнасці.
Я рызыкну дапусціць, што любы — літаральна любы з нас, самы светлы і добры сэрцам, — апынуўшыся ў сітуацыі поўнай усёдазволенасці, у атачэнні калег, якія лютуюць, — пачне паступова скамячваць уласную чалавечнасць. Бо яны, і шарагоўцы, і высокія начальнікі, задаюць лінію паводзінаў, а ты пачынаеш на іх раўняцца, спачатку — адказваць на грубасць грубасцю, потым — адказваць гвалтам на гвалт (хаця твая функцыя — не дапускаць гвалту, не памнажаць яго), а потым у нейкі момант, заўважыўшы маладзёна, што ляжыць на траве, пачынаеш дубасіць яго дручком — пры тым што ніякай пагрозы табе ён не нясе.
І так, я ўпэўнены, што ніякага расследавання злоўжыванняў у астрогах РБ не будзе. Нават пад велізарным ціскам ААН. Бо калі хаця б адзін люты будзе пакараны па законе, усе астатнія ачуняюць і зразумеюць, што адказнасць усё яшчэ тут, нават у нашым скажоным сусвеце.
Менавіта адсюль бяруцца дзіўныя паводзіны тых, хто лютуе, калі з іх знянацку зрываюць маску.
Здавалася, калі яны на рабоце, «пры выкананні», чаго б ім курчыцца?
Чаго б ім збягаць?
Начальства іх не пакарае, наадварот, толькі ўзнагародзіць за дадатковае «старанне». Але адкрыты твар, перспектыва апазнання і высвятлення асобы, адкрывае шлях да хаця б нейкай адказнасці. Асуджэння суседзяў ці крамніцы.
А прынцыпова тут тое, каб адказнасці не было проста аніякай. Нават маральнай ці этычнай.
Маска, такім чынам, набывае рытуальны сэнс, робіцца ёмістасцю і громаадводам ад усіх магчымых праблем.
І гэты расклад, дарэчы, узнік не цяпер, не ў жніўні 2020 года. Гэты расклад — фундамент, на якім будуецца беларуская «стабільнасць». Не верыце — пачытайце ранейшыя інтэрв’ю Марыі Адамовіч, жонкі палітвязня Міколы Статкевіча, пра тое, чым былі «маскі-шоу» ў турмах тады, калі па сеціве яшчэ не гуляла карцінка з Фемідай у балаклаве.
Я дакладна ведаю, як у адзін момант спыніць любы гвалт на мінскіх вуліцах.
Трэба, каб усе людзі са зброяй і канстытуцыйным правам на гвалт выходзілі працаваць з адкрытымі тварамі. Не трэба нават імянных бэджаў — адкрыты твар будзе дастатковым стрымальнікам ад перверсійных паводзінаў.
З іншага боку, калі гэтага не адбудзецца, тое, што адбываецца цяпер, будзе толькі пачаткам. Бо ў прыродзе Зла ёсць закон аб пастаянным памнажэнні і пашырэнні межаў. Ажно да поўнага бязмежаку.
Віктар Марціновіч, budzma.by