Віктар Марціновіч: Што беларусу — завядзёнка, амерыканцу — «Оскар»
Пісьменнік Віктар Марціновіч разважае на budzma.by пра фільм «Зямля качэўнікаў», які сёлета ўзяў два «Оскары», і параўноўвае беларускую правінцыю з амерыканскай.
Трыумфатарам «Оскара» сёлета стала «Зямля качэўнікаў». Яна
забрала адразу дзве статуэткі: за найлепшы фільм і за найлепшую жаночую ролю.
Беларусаў, асабліва тых, што маюць вопыт жыцця ў невялічкіх
дэпрэсіўных гарадах (а ў Беларусі хіба не кожны маленькі горад — дэпрэсіўны),
твор рызыкуе пакінуць у стане інтэнсіўнага неразумення.
Відавочна, што Амерыканскую кінаакадэмію ўсхвалявалі перш за
ўсё драматычныя канатацыі гісторыі. Бо ні сюжэта, ні выразных дыялогаў, ні
прыцягальнай акторскай гульні я тут не пабачыў. Хаця Фрэнсіс Макдорманд — адна
з маіх любімых акторак, і яе ўдзел у «Фарга» быў вельмі адметным.
Тут праз спецыфіку задумы ўвесь фокус яе драматычнага
таленту мог быць скіраваны хіба што на раскрыццё мізансцэны, дзе гераіня
спраўляе малую патрэбу ў чыстым полі.
Першае, што вы прачытаеце пра гэты фільм, — што ён
распавядае пра жанчыну, якая страціла працу «ў маленькім дэпрэсіўным
амерыканскім гарадку», дзе закрылася адзіная фабрыка, якая магла прапанаваць
хоць нейкае працаўладкаванне. І тады гераіня кідае ўсё сваё майно ў «дом на
колах» і пачынае вандраваць па кантыненце ў пошуках адзінкавых прыработкаў.
Таму, як яна валэндаецца, як сустракаецца з іншымі
вандроўнымі, таксама змушанымі весці бадзяжны лад жыцця (бо сталай работы праз
эканамічны крызіс бракуе), і прысвечанае гэтае кіно. Медыі старанна распавядалі
пра беды, праз якія змушаная была прайсці Фрэнсіс Макдорманд, каб ужыцца ў лёс
сваёй гераіні: напрыклад, перад здымкамі яна ажно 6 месяцаў жыла ў гэтым старым
іржавым фургоне, каб зразумець, што складае тканіну быцця намадаў.
Дык вось, шаноўная кінаакадэмія і шаноўная Фрэнсіс
Макдорманд, мяне гэта ні разу не ўразіла. Бо, ведаеце, у нас палова краіны
знаходзіцца ў стане перманентнага пошуку працы. Праз закрыццё вытворчасцяў, што
былі наладжаныя яшчэ пры СССР, а цяпер, дзякуючы бліскучай знешняй палітыцы і
здольнасці сабачыцца з суседзямі, цалкам страцілі рынкі збыту.
За межамі Мінска пачынаецца тая самая парослая быллём
пустка, дзе вам могуць прапанаваць хіба што ўладкаванне заатэхнікам ці
ветэрынарам — і тое пры наяўнасці адпаведнай адукацыі. Хочаце зазірнуць у
беларускую «Зямлю качэўнікаў» — ад’едзьце на 60 кэмэ ад сталіцы, зайдзіце ў
любую вясковую краму і прачытайце аб’явы ў газеце, раздзел «Вакансіі». Калі не
здранцвееце ад пераліку запатрабаваных спецыялістаў, паспрабуйце патэлефанаваць
па любой вакансіі і спытаць пра памер заробкаў.
Дык у чым драма гераіні? У тым, што яна вандруе? Дык гэта
цуд, а не драма.
Як аднойчы сказаў мой дзед, пабачыўшы ля хаты «Запарожац»
майго таты, «калі б у маёй маладосці была такая цаца, я б сеў за стырно і
выехаў у суседні калгас, уладкаваўся б там бухгалтарам».
Ягоная гісторыя была нашмат больш драматычнай за гісторыю
Ферн: атрымаўшы выдатную адукацыю, ён у сорак гадоў пасабачыўся з кіраўніцтвам
калгаса, зляцеў з файнага крэсла бухгалтара і быў змушаны працаваць аграномам.
Бо ніякіх магчымасцяў для «качэўніцтва» ў яго не было.
Такім чынам, наш гэты стан уросласці ў зямлю, у стасункі,
часцяком выклятыя і папсаваныя стасункі, узяўся не з сёння. Так было заўсёды.
І ў гэтых людзей, у беларускіх вяскоўцаў і жыхароў малых гарадоў, ніколі не было «дома на колах» ці фургона, каб некуды з’ехаць. Нават іржавага.
І ведаеце, відовічшам чалавека, які змушана спраўляе патрэбу
ў полі, тут нікога не расчуліць.
То мне здаецца, што наш кінематограф — у тыя рэдкія моманты,
калі ён наогул узнікае (апошнія гады два яго проста няма) — глабальна займаецца
не тым. Ён зноў і зноў спрабуе гераізаваць нейкі подзвіг ці звяртаецца да
ладных лёсаў тутэйшых людзей, не разумеючы, што мы перманентна, цягам
дзесяцігоддзяў, заглыбленыя ў стан бясконцай драмы. І калі гэтую драму паказаць
хаця б каму, нават збяднелым у параўнанні з Францыяй і Нямеччынай усходнім
еўрапейцам, тыя вельмі ўразяцца.
Вось вам ілюстрацыя: калі беларускі фільм «Возера Радасці»
паказвалі ў адным амерыканскім гарадку, крытыкі ўхвалялі дэкарацыі. І
задаваліся пытаннем, у якія гады адбываецца дзея ў гэтым кіно. Хіба ў 1940-я? —
пыталіся яны. Не ведаючы, што дзея адбываецца ў 1990-я, і з тых 1990-х у нашай
правінцыі нічога не змянілася ажно настолькі, што ніякіх адмысловых дэкарацый
прыдумляць не трэба.
То пакіньце енкі па сытых амерыканскіх намадах для не менш
сытых і добра апранутых амерыканскіх кінаакадэмікаў. Чалавек, які здольны
ўладкавацца на ўпакоўку тавараў у Amazon, варты жалю нашмат менш, чым чалавек,
які штодня выпраўляецца ў лес на лісапедзе, каб нелегальна сабраць там пук
дроваў, каб сагрэць сваю чэзлую хаціну з пабітым шыферам на стрэхах.
Мы — не «зямля качэўнікаў», але зямля аселых беспрацоўных.
Якіх да таго ж увесь час пужаюць новымі захадамі па барацьбе з абібоцтвам.
То нашая драма ўражвае нашмат больш за амерыканскую.
І нашмат больш заслугоўвае «Оскара».