Віталь Цыганкоў: Ёсць адна дзяржава ў свеце, дзе можна без праблем заўсёды гаварыць па-беларуску
Гэта не Беларусь, як вы здагадаліся. Гэта Украіна. Піша журналіст Віталь Цыганкоў.
— За месяц тут я, бадай, не сказаў ані слова па-расійску.
Не, я не валодаю ўкраінскай. Я проста гавару паўсюль па-беларуску. Часам
устаўляючы ў пачатку пару словаў па-украінску, кшталту «Выбачце альбо Будзь
ласка», — піша Віталь Цыганкоў. — Цікава, што звычайна гэта не выклікае ні
пытанняў, ні здзіўлення.
Можа, справа і ў тым, што звычайна гэта даволі кароткія,
абмежаваныя размовы — у краме, у кафэ, у розных сервісах.
Мне падаецца, украінцы думаюць, што я гавару на ўкраінскай з
памылкамі, ці можа я з нейкага рэгіёну, дзе гавораць менавіта так. Хаця калі я
ў адной установе з пашпартам хвілін 30 гаварыў па-беларуску — гэта таксама не
выклікала ні ў каго пытанняў.
Было пару разоў, калі пачуўшы маю мову, са мной пераходзілі
на расійскую, разумеючы, што я не ўкраінец, а нехта іншы. Адзін раз я нават
сказаў — «я разумею ўкраінскую», і чалавек вярнуўся да яе.
Тры разы ўва мне адразу, з першых фразаў, пазнавалі
беларуса, — і ўсе разы гэта былі сталыя людзі. Адзін сказаў, што служыў у
войску з беларусамі, другі сказаў, што разумее беларускую з-за «Песняроў».
Ну і вядома, у такіх міжмоўных сітуацыях часам узнікаюць
забаўныя моманты. У адным кафэ на ўваходзе афіцыянтка нешта спытала, але я
проста не пачуў, і нязграбна махнуў галавой. Праз хвіліну яна прынесла мне меню
і спытала — «English? Polish?», думаючы, што я не разумею. «Ukrainian» — горда
адказаў я.
У іншым месцы я браў бульбу, і кажу — «Бульбу. Ну, па вашаму
— картопля». Афіцыянтка — «Бульба — гэта таксама па-нашаму. Картопля — гэта
па-украінску, а бульба — па заходнеўкраінску».
Стоячы перад крамай, дзе напісана «взуття», я проста
павярнуўся да найбліжэйшага мінака і спытаў (я ж чалавек непасрэдны) — «Я ў вас
99 працэнтаў словаў разумею, але ня ведаю, што гэта за дзіўнае слова —
«взуття». Ён моўчкі паказаў мне на ногі. «Абутак?» Ён махнуў галавой і пайшоў
далей.
Але самае прыкольнае — вось яно. Падыйшоў афіцыянт і спытаў, што я хачу замовіць. Я адказаў — «троху пазней, я чакаю чалавека». Афіцыянт пайшоў і неяк здзіўлена на мяне абярнуўся. Я неяк адразу ўспомніў, што «чоловік» па ўкраінску — гэта «муж». Хуценька сабраўся і пайшоў у іншую залю).