Беларусы запусцілі бясплатны анлайн-курс па вывучэнні роднай мовы на ютубе

Смешачкі-жартачкі ідуць у камплекце!

homan.jpg

Грамадская кампанія «Годна» распачала моўнае шоу «Гоман». Гэта сапраўдны анлайн-курс па вывучэнні роднай мовы, што будзе ўключаць у сябе 12 заняткаў. Стваральнікі абяцаюць, што вы станеце вольна гаварыць па-беларуску, калі пройдзеце ўсе заняткі.
Першы выпуск прысвечаны словам вітання, развітання, просьбы і падзякі.Ён ужо дасяжны на ютуб-канале.
Вядоўцы — Андрусь Такінданг і Аляксей Шэін.
Мэта праекта простая і складаная адначасова: зрабіць так, каб беларусы маглі вольна карыстацца беларускай мовай у любой сітуацыі.  
З цягам часу з’явяцца 12 заняткаў. Публікаваць іх будуць на ютуб-канале «Годна», таму раім падпісацца на яго ўжо цяпер, каб нічога не прапусціць.
У межах курса сабранае самае важнае пра беларускую мову. Тут ёсць і карысны кантэнт, і моўны гумар, і цікавосткі пра Беларусь, і выбарка найлепшага з нашай культуры.
Анлайн-курс цалкам бясплатны, але для таго, каб усе 12 выпускаў выйшлі своечасова і атрымаліся якаснымі, арганізатары просяць падтрымкі. Вы можаце аформіць спонсарскую падпіску на ютуб-канал, чым вельмі дапаможаце праекту.
Таксама для праекта «Гоман» створаны адмысловы акаўнт у тыктоку, дзе будуць публікаваць кароткія ўрокі.
Паводле прэс-рэлізу