Вялікія праблемы і маленькія радасці
Морам слёз, кветак і свечак адзначыліся развітанні з беларускімі спартоўцамі, якія загінулі ў авіякатастрофе на шляху ў Мінск. Тым часам, галовы грамадзян баляць з прычыны штодзённага росту цэн літаральна на ўсё. Кіраўнік дзяржавы злітасціўся яшчэ над 11 асуджанымі за падзеі 19 снежня 2010 года, а апазіцыя атрымала поўху, адкуль не чакала.
Морам слёз, кветак і свечак адзначыліся развітанні з беларускімі спартоўцамі, якія загінулі ў авіякатастрофе на шляху ў Мінск. Тым часам, галовы грамадзян баляць з прычыны штодзённага
росту цэн літаральна на ўсё. Кіраўнік дзяржавы злітасціўся яшчэ над 11 асуджанымі за падзеі 19 снежня 2010 года, а апазіцыя атрымала поўху, адкуль не чакала.
У мінулыя выходныя Беларусь развіталася з ахвярамі крушэння самалёта ў Яраслаўлі: лепшым хакеістам Беларусі ўсіх часоў 36-гадовы Русланам Салеем, узыходзячай зоркай 21-гадовым Сяргеем Астапчуком, а
таксама 31-гадовым трэнерам, былым хакеістам Мікалаем Крываносавым. У суботу на развітанне з Русланам у лядовы палац хакейнага клуба “Юнацтва ў мінскім Парку Горкага прыйшлі тысячы
і тысячы людзей — як заўзятараў хакея, так і проста беларусаў, што пажадалі аддаць апошнюю даніну памяці і павагі легендзе айчыннага спорту. Пахавалі Руслана Салея на Усходніх (Маскоўскіх)
могілках сталіцы. На наступны дзень сотні людзей развітваліся з Сяргеем і Мікалаем. Свой апошні прытулак хлопцы знайшлі на Кальварыйскіх могілках.
Нягледзячы на вельмі сумную атмасферу, якая спадарожнічала першай гульні турніру КХЛ мінскага “Дынама на самай вялікай арэне краіны, нашым хакеістам удалося перамагчы горыч страты
сяброў і атрымаць такую важную перамогу над омскім “Авангардам з лікам 4:1.
Не далі сябе перамагчы і футбалісты барысаўскага БАТЭ, якія ў Празе стартавалі ў групавым турніры Лігі Чэмпіёнаў супраць каманды “Вікторыя (Пльзень). Нашы суайчыннікі таксама па
ходу гульні прайгравалі 0:1, але наша бразільская зорка з беларускім пашпартам Рэнан Брэсан здолеў зраўняць лік і выратаваць для каманды такі важны бал. Такія маленькія радасці на агульным змрочным
фоне.
Чаму змрочным? Зайдзіце ў бліжэйшую краму, і там вы знойдзеце адказ на гэтае пытанне. Кошты на прадукты харчавання прадаўцы перапісваюць амаль кожны дзень, таму ніколі не ведаеш, што зможаш набыць за
тую суму, якая ляжыць у тваім кашальку. Надоечы аўтару гэтых радкоў паскардзіўся нават былы кіраўнік Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч: “Толькі што жонка вярнулася з рынку і
паведаміла мне, што някепская свініна каштуе ўжо сто тысяч рублёў за кіло, а ялавічына — больш за сто тысяч! Куды мы коцімся?!
Вось і я задаюся гэтым пытаннем: куды? Калі яйкі ў некаторых крамах пераадолелі псіхалагічны бар’ер у 10 тысяч рублёў за дзясятак, калі жывы карп каштуе 22–24 тысячы за кіло, амаль
столькі ж каштуюць і замарожаныя бройлеры, калі экзатычная ўжо чырвоная рыба цягне пад 200 тысяч. Ад 14 верасня зноў выраслі кошты на аўтамабільнае паліва, крыху раней падаражаў праезд у грамадскім
транспарце і маршрутных таксі — у апошніх адразу на 500 рублёў, зноў узняліся адпускныя кошты на мяса, цукар зараз “цягне на тысячу больш (рост 20%), чым гэты прадукт
каштаваў яшчэ тыдзень таму. На падыходзе — чарговае павышэнне коштаў на паслугі ЖКГ.
Тым часам, улады, не імкнучыся праводзіць сур’ёзныя эканамічныя рэформы, працягваюць разлічваць на знешнія валютныя паступленні. Расійскі “Сбербанк гатовы выдаць крэдыт
памерам у 1 мільярд долараў акцыянернаму таварыству “Беларуськалій. Як заявіў першы віцэ-прэм’ер Беларусі Сяргей Румас, пагадненне дасягнута “ў мэтах стабілізацыі
на ўнутраным валютным рынку. Гэтым разам заклад акцый “Беларуськалія ў якасці забеспячэння гарантый вяртання крэдыту не прадугледжаны. Раней агучвалася інфармацыя пра
перамовы з мэтай атрымання крэдыту ў 2 мільярды долараў ад расійскага “Сбербанка і Deutsche Bank пад заклад у 35% акцый. Супраць такога варыянту выступала, у першую чаргу,
кіраўніцтва “Беларуськалія.
Пра тое, што дзяржаве, як паветра, патрэбна валюта, кажуць усе эканамісты. Тым больш дзіўнае паведамленне прыйшло 14 верасня з Нацбанку Беларусі. Па словах намесніка старшыні праўлення НБ Тараса
Надольнага, Беларусь можа адмовіцца ад новага крэдыту МВФ. Надольны адзначыў, што наша краіна пакуль спраўляецца ўласнымі высілкамі, таму канчатковае рашэнне аб неабходнасці атрымання новага крэдыту
МВФ пакуль не прынята. “Паглядзім, як павядзе сябе дадатковая гандлёвая сесія, і тады прымем рашэнне, — сказаў прадстаўнік Нацбанку.
Дзіўнавата, бо яшчэ нядаўна беларускі ўрад вуснамі яго старшыні Міхаіла Мясніковіча заяўляў пра намер атрымаць ад МВФ крэдыт памерам ад 3,5 да 8 мільярдаў долараў. Знайшлася нейкая новая крыніца
фінансавання? Хто ж вам адкажа… На паверхні ляжыць хіба што варыянт продажу другой паловы акцый “Белтрансгазу за 2,5 мільярда долараў, але пра паступленне гэтых грошай
можна будзе казаць толькі пасля завяршэння перамоваў па чарговаму кантракту на пастаўкі расійскага газу ў Беларусь на наступны год, бо беларускі бок увязвае пытанне продажу
“Белтрансгазу менавіта з цаной на “блакітнае золата. Шляхі ўрадавыя неспавядальныя…
14 верасня ў другой палове дня стала вядома, што афіцыйны беларускі лідар памілаваў яшчэ 11 удзельнікаў падзей 19 снежня 2010 года. Як пазначана, “карыстаючыся прынцыпамі
гуманнасці. Незалежныя эксперты называюць гэты крок кіраўніка дзяржавы не праявай гуманізму, а вынікам патаемнага гандлю ўладаў з Захадам. Што ж, нічога новага тут мы не бачым. Толькі
вельмі і вельмі шкада слёз і пакут родзічаў палітычных зняволеных.
Беларуская апазіцыя атрымала нечаканую поўху з боку кіраўніка суседняй краіны — сяброўкі Еўрапейскага Саюза. Так, прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ ў інтэрв’ю літоўскаму радыё
выказала меркаванне, што беларускую апазіцыю цікавяць пераважна грошы. “Калі гутарыш альбо чуеш, як размаўляюць некаторыя прадстаўнікі апазіцыі, то часцей за ўсё не чуеш, што іх прыярытэтам
і мэтай з’яўляецца незалежная Беларусь… Часцей за ўсё, мы чуем, што трэба больш грошай, і што Расія, у прынцыпе, сябар. Гэта, несумненна, выклікае ў нас пэўную заклапочанасць,
паколькі нацыянальны інтарэс Літвы — незалежны сусед, незалежная краіна, — цытуе літоўскага прэзідэнта афіцыйная БелТА.
У газеце “Lietuvos rytas яе галоўны рэдактар Рымвідас Валатка так пракаментаваў выказванні Далі Грыбаўскайтэ: “Пасля такіх словаў кіраўніцы дзяржавы адзінае пачуццё, якое
цябе ахоплівае, гэта сорам. Сорам за Літоўскую дзяржаву, сорам за “герояў, якія спяць у магілах. Сорам, што Літва абрала прэзідэнтам жанчыну, якой чужое не толькі пачуццё сораму.
Прамова па радыё паказвае, што ёй чужое хоць нейкае спачуванне да людзей, з чыіх натуральных правоў і свабодаў ужо паўтара дзесяцігоддзі здзекуецца дзяржаўная машына беларускага
дыктатара.
Што тут дадаць?