Вярхоўны Суд узбудзіў справу па скарзе СБП

Вярхоўным судом Рэспублікі Беларусь узбуджана грамадзянская справа па скарзе грамадскага аб'яднання «Саюз беларускіх пісьменнікаў» на пісьмовае папярэджанне, вынесенае Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

photo_2021_09_07_19_19_15.jpg


Сёння, 7 верасня, адбылося апытанне бакоў дзеля падрыхтоўкі справы да судовага разбіральніцтва. Па выніках апытання судовае пасяджэнне прызначана на 24 верасня.
Нагадаем, 24 жніўня у Вярхоўным судзе адбылося апытанне па пазове Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў». Прадстаўнікамі арганізацыі раней былі пададзеныя дакументы на абскарджванне аднаго з папярэджанняў Міністэрства юстыцыі.
«Саюз беларускіх пісьменнікаў» — гэта гэта найстарэйшае творчае аб'яднанне краіны. Ён быў створаны ў 1933-1934 гадах. З’яўляецца пераемнікам «Саюза пісьменнікаў БССР». СБП актыўна ўдзельнічае ў грамадскім і культурным жыцці Беларусі, спрыяе развіццю і прапагандзе беларускай літаратуры і беларускай мовы.
У 2005 ад яго аддзялілася група, якая стварыла альтэрнатыўны, лаяльны да ўлады, «Саюз пісьменнікаў Беларусі».
Цяпер у арганізацыю ўваходзяць больш за 450 чалавек.
17 лістапада 2020 года «Саюз беларускіх пісьменнікаў» выступіў з адкрытым зваротам пісьменніцкай супольнасці «Хопіць гвалту, прыміце волю народа!», у якім асудзіў гвалтоўныя дзеянні з боку сілавых структур і прадстаўнікоў улады ў дачыненні да грамадзян, якія выходзяць на мірныя акцыі пратэсту супраць гвалту і фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. СБП заклікаў спыніць масавыя рэпрэсіі, здзекі з людзей, якія хочуць перамен, а таксама запатрабаваў ад улады прызнаць сваю паразу і прыняць волю народа. Пад адкрытым лістом падпісаліся больш за 200 беларускіх пісьменнікаў.
14 ліпеня ў офісе грамадскага аб’яднання «Саюз беларускіх пісьменнікаў» прайшоў ператрус, у выніку якога Следчым камітэтам РБ былі канфіскаваныя тэхніка і інфаносьбіты, офіс быў апячатаны. У той жа дзень ператрус адбыўся ў кватэры старшыні СБП Барыса Пятровіча, з якога была ўзятая падпіска аб нявыездзе і неразгалошванні. Пасля вобшуку адбылося блакаванне банкаўскага рахунку Следчым камітэтам Рэспублікі Беларусь, а таксама вынесеныя два папярэджанні ад Міністэрства юстыцыі. Адно з іх было ў сувязі з непрадастаўленнем дакументаў, якія засталіся ў апячатаным памяшканні офіса.
«Новы час» разам з СБП выдаваў дадатак «Літаратурная Беларусь».