Вярнуць кампутары з КДБ!
Пацярпелыя ад ператрусаў КДБ грамадзяне будуць змагацца за вяртанне сваёй уласнасці. Праваабаронца Алег Волчак заклікаў распачаць “кампанію па вяртанні кампутараў з незаконнага ўладання КДБ.
Пацярпелыя ад ператрусаў КДБ грамадзяне будуць змагацца за вяртанне сваёй уласнасці. Праваабаронца Алег Волчак заклікаў распачаць “кампанію па вяртанні кампутараў з незаконнага
ўладання КДБ.
Пасля выбарчых ператрусаў прайшло два месяцы, а вынятыя кампутары дагэтуль у КДБ. Вярнуць сваю маёмасць намагаюцца і праваабаронцы, і журналісты, а таксама палітыкі і моладзевыя актывісты. Але
тэлефанаванні ў КДБ плёну не прыносяць. Напрыклад, следчы Андрэй Дарашэвіч, які праводзіў ператрус у Алега Волчака, заявіў, што ён цяпер да гэтага кампутара не мае ніякага дачынення. Яго забралі ў
“інфармацыйны цэнтр.
“Нам трэба зараз усім скаардынавацца. Падвесці вынік, колькі было забрана кампутараў, хто іх вымаў, каб былі прозвішчы. І ўзяцца за абарону сваіх правоў — унутры краіны і на
міжнародным узроўні падняць гэта пытанне, — сказаў Алег Волчак.
“Працэсуальную атаку па вяртанні тэхнікі, як адзначыў ён, трэба пачынаць са следчых. Андрэю Дарашэвічу праваабаронца дашле бліжэйшым часам хадайніцтва з пералічэннем парушаных
правоў і патрабаваннем вярнуць кампутар. “І каб далі тлумачэнне, дзе мая тэхніка. Чаму праводзяць агляд, і не выклікаюць мяне як сведку? У адпаведнасці з законам, яны абавязаны паведаміць,
якая праводзіцца экспертыза. Я павінен азнаёміцца і ўнесці свае заўвагі. А то калупаюцца ў кампутары, не ставячы мяне ў вядомасць.
Калі пытанне не будзе вырашана следчым, наступныя крокі — скарга начальству КДБ і зварот у суд. Таксама Алег Волчак мае намер звярнуцца ў Генпракуратуру. Бо лічыць, што пракурор Мінска
Мікалай Кулік даў санкцыю на ператрус “на пустым месцы.
“Гэтыя налёты на праваабаронцаў, на журналістаў не маюць законных падстаў. Іх мэта — зрабіць перашкоды для нашай працы. Атрымаць інфармацыю з гэтых кампутараў не для справы аб
“масавых беспарадках. У адносінах да нас вядуцца аператыўныя мерапрыемствы, каб выявіць сувязі і кантакты. Бо супрацоўнікі КДБ прыходзяць і не ведаюць, што шукаюць і што ім трэба
знайсці. Усё запар пераглядаюць. А гэта ўжо ўмяшанне ў асабістае жыццё, — падкрэсліў Алег Волчак.
Ён адзначыў, што сітуацыю з невяртаннем тэхнікі трэба давесці і да міжнароднай супольнасці. У
прыватнасці, да спецдакладчыка ААН па пытанні пра становішча праваабаронцаў, камісара ААН па правах чалавека і да праваабарончых арганізацый.
Паводле словаў Алега Волчака, кампанія за вяртанне кампутараў “імідж Беларусі не палепшыць. “Калі ўлады думаюць, што мы не можам абараніцца, то яны глыбока памыляюцца. За
намі таксама ёсць сіла — і закона, і міжнароднай падтрымкі, пра што кажуць санкцыі, — лічыць ён. Праваабаронца спаслаўся на рэзалюцыю ПАСЕ па Беларусі з патрабаваннем
спыніць пераслед грамадзянскай супольнасці.
“Пад ляжачы камень вада не цячэ. Таму, натуральна, трэба адстойваць свае правы. Бо другога выйсця ў нас няма. І мы павінны давесці да следчых, што яны нясуць персанальную адказнасць за свае
дзеянні. Каб потым не спісвалі на рэжым ці загад начальніка. Бо раней ці пазней гэты мутны час скончыцца, — зазначыў Алег Волчак.