«Вяртайцеся з Мінска ў свае гарады!»

Як стварыць у рэгіёне крутую ініцыятыву і не аблажацца.

new_regions_10_logo.jpg

Грамадзянская ініцыятыва “Новыя рэгіёны” пазіцыянуе сябе як пляцоўка, накіраваная на падтрымку ўразлівых сацыяльных груп, у прыватнасці, ЛГБТК+ людзей. Як адзначаюць яе заснавальнікі, у беларускіх рэгіёнах амаль адсутнічаюць адкрытыя пляцоўкі для ЛГБТ-супольнасці, куды б можна было прыйсці і ўбачыць, што яны такія не адны, дзе можна не баяцца быць самімі сабою. “Новыя рэгіёны” — даволі маладая ініцыятыва, якой яшчэ няма і паўгода, але ўжо мае вялікі цікавы досвед. Таму іх ужо смела можна назваць экспертамі ў стварэнні рэгіянальных ініцыятываў.
“Новы Час” сустрэўся з актывістамі “Новых рэгіёнаў” Канстанцінам Чарновым і Гошам, і спытаў, як ім удалося стварыць паспяховую ініцыятыву для патрымкі ЛГБТ-людзей у самым гамафобным горадзе Беларусі. На аснове гутаркі мы склалі алгарытм для тых, хто таксама хоча змяніць свой рэгіён, але не ведае, з чаго пачаць.

Канстанцін Чарноў (злева) і Гоша

Канстанцін Чарноў (злева) і Гоша


1. Зразумей, што непакоіць менавіта цябе ў родным горадзе, і пачні з гэтым працаваць

Шмат ініцыятываў пачынаецца менавіта з нейкай асабістай гісторыі чалавека. Хто, як не ты, ведае, што не так у тваім горадзе і што трэба змяніць. Зразумей, што больш за ўсё цябе не задавальняе ў тваім рэгіёне і не дае спакою ўсё жыццё. Вызначыў? Лічы, што ўжо палова справы зроблена.
Як адзначаюць Косця і Гоша, “Новыя рэгіёны” таксама ўзніклі як комплекс. Тут шмат асабістых гісторый людзей, якія сутыкаліся з несправядлівымі адносінамі да сябе як ЛГБТ-людзей у родным рэгіянальным гарадку.
“У Магілёве мне было вельмі цяжка сацыялізавацца як ЛГБТ-чалавеку. Увесь час здавалася, што са мной штосьці не так. Нейкую падтрымку я спрабаваў знайсці ў серыялах і фільмах. Цяпер разумею, што без жывой камунікацыі з людзьмі пра нармалёвую сацыялізацыю казаць цяжка”, — распавядае Косця сваю гісторыю.

Косця

Косця

З 2011 года Косця, як і многія маладзёны, з’ехаў з Магілёва вучыццца. За восем гадоў ён ужо паспеў пажыць ў Швецыі, Маскве, Екацярынбургу, Мінску.
“Калі вярнуўся ў Магілёў, то зразумеў, што за гэты час тут нічога не змянілася. Мне вельмі захацелася неяк паўплываць на гэта. А якім чынам гэта можна зрабіць? Зрабіць нешта самому! Хоць я і не вельмі люблю Магілёў, але я не абыякавы да людзей, якія тут жывуць. Мяне вельмі хвалюе іх лёс у гэтай дзяржаве ўвогуле”, — дадае Косця.
Актывіст Гоша далучыўся да ініцыятывы крыху пазней. Ён цікавіцца правамі чалавека, а ў Магілёве, па яго словах, шмат, што ім супярэчыць і яны не выконваюцца. Аб гэтым сведчыць, у тым ліку, і падыход да ЛГБТ-людзей.  
“Я не цярплю любыя праявы нянавісці ў грамадстве. Калі я дазнаўся, што рабяты робяць ініцыятыву, для мяне гэта стала магчымасцю таксама ўнесці свой уклад, каб панізіць гэты ўзровень нянавясці ў родным Магілёве. Гэта ўжо хоць нейкі пачатак на вялікім шляху”, — распавядае сваю гісторыю актывізму ў “Новых рэгіёнах” Гоша.

Гоша

Гоша

Што тычыцца звання Магілёва “самы гамафобны горад Беларусі”, то рабяты ставяцца да гэтага даволі скептычна:
“Насамрэч, нам шчыра падаецца, што гамафобны не толькі Магілёў, а ўся Беларусь. Проста ў нашым горадзе склаўся інцыдэнт з “Вячэрнім Магілёвам”, таму ўсе так лічаць. Калі галоўная рэгіянальная газета адкрыта транслюе нянавісць і за гэта нікога не караюць — выглядае сапраўды абуральна”.

2. Засвой правіла: адзін варушняк параджае іншы

“Новыя рэгіёны” выйшлі са Школы крэатыўнага лідарства для ЛГБТК+ людзей, якую ладзіў Makeout, часопіс аб гендары і сексуальнасці.
“Я ведаў, што хачу змяніць у Магілёве, але не ведаў, з чаго пачаць і за што ўзяцца. Таму, калі ўбачыў абвестку пра набор у Школу Makeout, я адразу падаўся”, — распавядае Косця.
З Алінай, другой заснавальніцай “Новых рэгіёнаў”, яны пазнаёміліся менавіта там. Хаця маладзёны і з аднаго горада. “А давай нешта ў Магілёве зробім!” — па сутнасці з гэтага і пачалася гісторыя ініцыятывы “Новыя рэгіёны”.

У любых распачынаннях вельмі важная падтрымка, адзначаюць актывісты. “Рабяты з Makeout вельмі нас падтрымлівалі. Ну зусім як малых дзяцей. Менавіта яны ўсялілі ў нас сілу і ўпэўненасць. Тады мы нарэшце ўсвядомілі, што акрамя нас, цяпер у Магілёве гэтым заняцца няма каму”, — ўспамінае Косця.  

Канстанцін Чарноў

Канстанцін Чарноў


3. Стаў больш вялікія і натхнёныя мэты  

“Новыя рэгіёны” распавядаюць, што іх мэта — не толькі стварыць бяспечнае асяроддзе для ЛГБТ-людзей, а ўвогуле выхаваць талерантнае і бяспечнае грамадства ў Магілёве. А да гэтага, як вядома, можна прыйсці, толькі працуючы з усімі людзьмі. Таму актывісты ладзяць шмат асветніцкіх мерапрыемстваў для ўсіх магілёўцаў. “Для мяне асабіста “Новыя рэгіёны” — гэта не столькі пра супрацьстаянне “Вячэрняму Магілёву”, а, у першую чаргу, пра асвету людзей. Калі казаць зусім простай мовай, то гэта гісторыя пра выратаванне людзей ад трансляцыі нянавісці ў Магілёве”, — распавядае Гоша.

Актывіст Гоша

Актывіст Гоша

Актывісты адзначаюць, што ў Магілёве не вельмі актыўна асвятляюцца стыгматызаваныя праблемы. І па гэтай прчыне яны займаюцца не толькі тэмай ЛГБТК+, але і іншымі: гендарам, мовай варожасці, псіхатэрапіяй. Бо, як яны падкрэсліваюць, вельмі важна прасвятляць грамадства ў такіх пытаннях, рабіць яго больш пісьменным, каб яно не верыла нецярпімым публікацыям таго ж “Вячэрняга Магілёва”, дзе, напрыклад, распавядаецца пра гвалтанне геямі дзяцей.
“Мы хочам, у тым ліку, навучыць людзей адрозніваць няякасную і ілжывую інфармацыю ад праўды”, — заяўляюць яны.
У будучым актывісты на базе сваёй ініцыятывы плануюць зрабіць нешта накшалт псіхалагічнай падтрымкі, а таксама камьюніці-цэнтр для ЛГБТК+ людзей, куды яны могуць прыходзіць для жывой камунікацыі. У Магілёве ў “Новых рэгіёнаў” пакуль няма сталага офіса. Пакуль лета, яны праводзяць некаторыя мерапрыемствы на прыродзе, як, напрыклад, квір-пікнік, але ў далейшым будуць шукаць памяшканне.
“Канешне, дзякуй, што нас не забіваюць, як у Саудаўскай Аравіі, ці няма смяротнага пакарання за гэта. Можна, параўноваючы з адносінамі ў іншых краінах да ЛГБТК+, дзякаваць за маленькія рэчы, але чакаць, калі стане горш, мы не збіраемся.
За ўсё сваё жыццё, улічваючы, у колькіх гарадах я жыў, больш за ўсё за з гамафобіяй на бытавым узроўні я сутыкаюся менавіта ў Магілёве. Гэта нейкая асабістая непрыязнасць, якую ўжо можна расцэньваць як ксенафобію. Здаецца, што людзям проста зручна кагосьці не любіць і ненавідзець. Хочацца сказаць усім “Вяртайцеся з Мінска ў свае гарады, каб зрабіць іх лепшымі!” Я вось вярнуўся і ў мяне ўсё атрымалася”, — выказваецца Косця пра стварэнне ініцыятываў у рэгіёнах.

4. Памятай: нічога так не ўпрыгожвае ініцыятыву, як свой мерч і назва

Пагадзіся, назва шмат што вырашае. Як правіла, назва ініцыятываў нясе некалькі відавочных і нейкіх патаемных пасылаў для грамадства. “Новыя рэгіёны” — не выключэнне:
“Чаму менавіта “Новыя рэгіёны”? Ёсць рэгіёны, пра якія ніхто нічога не ведае. Часта, складваецца ўражанне, што людзі ўвогуле рэдка выязджаюць з Мінска. Магілёў для многіх застаецца нязведаным краем. “Новыя” — таму што з дапамогай нашай ініцыятывай можна наноў адкрыць рэгіёны. Асноўны мэсэдж нашай назвы — новы пачатак у рэгіёнах, бо ў Беларусі мы — першая рэгіянальная ЛГБТ-арганізацыя”.
Прадукцыя з лагатыпам сваёй кампаніі — таксама добры спосаб заявіць пра сябе. І ў гэтым можна пераканацца на прыкладзе налепак “Новых рэгіёнаў”, якія яны выпусцілі гэтай вясной. Здаецца, пра налепкі “MOGILOVE”, “Вячэрні Магілёў” на фоне вясёлкі, “МОГЕЙЛЕВ” напісалі ўсе вядучыя медыя Беларусі. Многія тады дазналіся пра ініцыятыву менавіта праз тыя налепкі.
“Нам здаецца, што калі б не гэтыя налепкі, то на нашыя мерапрыемствы прыходзілі б не сорак чалавек, а ў разы менш. Калі мы іх выпусцілі, то некаторыя людзі прыходзілі толькі дзеля іх. Але потым яны пачалі завітваць да нас, каб паслухаць нашыя лекцыі. Яны далі нам моцны штуршок у нашай працы.Мы самі не чакалі, што налепкі нас так раскруцяць. Калі мы іх надрукавалі ў “Лістоўцы”, я проста сфатаграфаваў іх і выклаў у асабісты інстаграм. А на наступную раніцу, як у казачных гісторыях, здарыўся цуд: мы ўбачылі шмат публікацый пра іх”, — распавядаюць актывісты.

Налепка "Новых рэгіёнаў"

Налепка "Новых рэгіёнаў"


Каб зрабіць круты мерч, па сутнасці, патрэбная толькі галава. Налепкі “Новых рэгіёнаў” прыдумаў Косця і дызайнерка, якая ім дапамае, груба кажучы, на кухні. Галоўнае — крэатыўная ідэя. І кухня.

5. Камунікуй са сваёй аўдыторыяй

Калі “Новыя рэгіёны” распачыналі сваю ініцыятыву, то яны самі не чакалі, што адгукнецца столькі зацікаўленых людзей, ды яшчэ і ў Магілёве.
“Мы крыху шакаваныя, наколькі людзі, аказваецца, у тэме. Людзі лепшыя, чым нам часам падаецца. Мы прыслухоўваемся да нашай аўдыторыі, просім, каб яна давала нейкі фідбэк. Таму бывае, што нас просяць правесці лекцыю, напрыклад, на тэму сепаратысцкага фемінізма. А мы самі пакуль да гэтага не гатовыя”, — адзначаюць актывісты.

Гоша

Гоша

Канешне, калі ты ўваходзіш у грамадства з нейкай новай ініцыятывай, то вельмі цяжка ацаніць маштабы аўдыторыі і яе рэакцыю. Але, калі ў ініцыятыве ўжо хаця б тры чалавекі, значыць, знойдуцца і іншыя аднадумцы. Галоўнае — не баяцца спрабаваць. Праверана “Новымі рэгіёнамі”.
“Адразу незразумела было, як да нас паставяцца і як успрымуць магілёўцы. Але, шчыра кажучы, мне проста ўжо абрыдла баяцца ў гэтай краіне ўсіх і ўсяго. Столькі баяўся, што ўжо аніякага страху не засталося. Таму, калі распачыналі ініцыятыву, засталося толькі хваляванне”, — успамінае Косця свае эмоцыі пры распачынанні ініцыятывы.
Актывіст Гоша дадае, што трэба мяняць агульны настрой у грамадстве, паніжаць узровень варожасці і нянавісці. І ў гэтым плане нават паказаць прыклад, як можна не баяцца, — гэта таксама крута і важна.

Гоша і Косця

Гоша і Косця

6. Ведай, што ў цябе ёсць моцная падтрымка грамадзянскай супольнасці

Можна сёння з упэўненасцю сказаць, што ў Беларусі ўжо склалася моцная грамадзянская супольнасць, якая складаецца з дзясяткаў арганізацый самых розных спецыялізацый. Таму ў любым разе падтрымка будзе.Актывісты “Новых рэгіёнаў” з пачатку іх дзейнасці, з красавіка месяца, толькі адзін раз гутарылі з прадстаўніком міліцыі. І тое — толькі па тэлефоне. Ён паведаміў, што “Вячэрні Магілёў” напісаў на іх пару заяў. Але гэта недакладная інфармацыя, бо міліцыянты гэта так нічым і не пацвердзілі.
“Мы адразу звярнуліся па юрыдычную кансультацыю да магілёўскіх праваабаронцаў “Вясны”, якія нам растлумачылі, што выклікаць у міліцыю нас могуць толькі па позве. Мы гэта сказалі міліцыянту, які нам тэлефанаваў. Позвы мы так і не дачакаліся, таму і асабістай сустрэчы не атрымалася”, — распавядае пра выпадак Косця.
Актывіст дадае, што часам кампетэнтнасць праваахоўных органаў пакідае жадаць лепшага. Міліцыянт адразу прад'явіў, што нібыта “Новыя рэгіёны” на вуліцах ладзяць нейкія акцыі. Калі актывістка Аліна адказала, што на прыватнай тэрыторыі можна ладзіць якія заўгодна імпрэзы, то ён адразу ўспомніў асновы грамадзянскага права і пагадзіўся.
“Новыя рэгіёны” распавядаюць, што ўжо гатовыя да ўсяго, бо ведаюць, што ў іх ёсць вялікая падтрымка. І выпадак з міліцый гэта пацвярджае.
“Нават у гэтай несур’ёзнай сітуацыі мы атрымалі вялікую падтрымку ад розных грамадскіх і праваабарончых арганізацый: Makeout, “Индентичность и право”, “Вясна”, “Human Constanta””, — узгадваюць з удзячнасцю актывісты.

7. Шукай розныя пляцоўкі, каб заявіць пра сябе

У Беларусі склалася такая сітуацыя, што медыйна бачныя толькі мінскія грамадскія ініцыятывы, распавядаюць актывісты. “Новыя рэгіёны” хочуць нагадаць сваёй ініцыятывай, што ў абласцях таксама жыве шмат людзей з не менш сур’ёзнымі праблемамі.
“Канешне, мы б маглі ўжо не замарочвацца па аўдыторыі, таму што да нас ужо і так на мерапрыемствы ходзіць дастатковая колькасць людзей. На некаторыя імпрэзы мы нават вымушаныя адмаўляць праз недахоп месцаў. Але ўсё роўна мы намагаемся выходзіць на новую аўдыторыю і шукаць розныя падыходы да грамадства”, — адзначае Косця.

Канстанцін

Канстанцін

“Мы заўважылі, што на кожным мерапрыемстве да нас прыходзяць усё новыя і новыя твары. Нехта прыходзіць, а хтосьці сыходзіць. Гэта дзіўна і цікава. Але цяпер мы дакладна ведаем, што адзін з добрых спосабаў пошуку новай аўдыторыі — мерапрыемствы са спікерамі і спікеркамі з розных арганізацый. Гэта сапраўды працуе.
Калі мы праводзілі лекцыю пра мову варожасці, то я нават размяшчаў абвестку на журфаку ў нашым універсітэце Куляшова. Каб мне дазволілі павесіць афішу на стэндзе, прыйшлося абыйсці каля дзясятка кабінетаў. Але ўсё ж такі дазвол мы атрымалі, і на нашае мерапрыемства нават прыйшло некалькі студэнтаў з журфака”, — дзеляцца досведам актывісты.

8. Сябруй, аб’ядноўвайся, рабі калабарацыі

Адметнай рысай “Новых рэгіёнаў” з’яўляецца тое, што на свае мерапрыемствы яны запрашаюць спікераў і спікерак з розных вядомых арганізацый: Eclab, “Журналісты за талерантнасць”, Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт.
Як заўважылі актывісты, з дапамогай такіх калабарацый можна інтэграваць і пашыраць сваю аўдыторыю:
“Часта людзі прыходзяць, толькі каб паслухаць пэўнага лектара ці лектарку. Гэта мы разумеем і выкарыстоўваем у сваіх мэтах. Напрыклад, на апошняе мерапрыемства з Алегам Ражковым з “Журналісты за талерантнасць” пра мову варожасці прыйшлі некалькі журналістаў, якія не прыходзілі да нас раней. Хто ведае — можа яны і надалей будуць да нас завітваць. Але відавочна, што іх прыцягнула менавіта гэтая спецыялізаваная журналісцкая тэматыка. Таму любую калабарацыю трэба расцэньваць як спосаб нарошчвання аўдыторыі”.
Галоўнае — пачаць працаваць з іншымі арганізацыямі, паказаць, што ты фрэндлі, і да цябе самі пацягнуцца людзі. Цяпер “Новым рэгіёнам” самі пішуць розныя эксперты і эксперткі і ініцыююць мерапрыемствы, хочуць прыехаць да магілёўцаў.
“Мы намагаемся рабіць для Магілёва нешта ўнікальнае, каб людзі разумелі, што не абавязкова ехаць у Мінск — можна ўсё атрымаць і тут, у родным горадзе”, — адзначаюць “Новыя рэгіёны”.

regions_728_logo.jpg


Фота аўтаркі