Жыццё ў СІЗА: пазбаўленне волі не значыць пазбаўленне здароўя

Праваабаронцы «Магілёўскай вясны» запатрабавалі ад Генеральнай пракуратуры прывесці ў парадак ўмовы ўтрымання ў магілёўскай турме №4 і СІЗА. На іх думку, там ёсць цэлы букет парушэнняў.

6_1_3.jpg

Пра тое, што не ўсё гладка ў магілёўскай папраўчай установе «Турма №4», якая складаецца з рэжымнага будынка следчага ізалятара і, уласна, турмы, стала зразумела яшчэ тры месяцы таму. Менавіта тады праваабаронцы накіравалі калектыўны ліст да начальніка з просьбай прывесці ўмовы ўтрымання асуджаных i асоб, якія знаходзяцца пад вартай, у адпаведнасць з міжнароднымі нормамі.
Гаворка ішла аб так званых «вейчыках» на вокнах, якія, як аказалася, на еўрапейскай прасторы выкарыстоўваюцца толькі ў Беларусі. Нават у суседніх Расіі і Украіне яны даўно ўжо па-за законам. Металічныя палоскі шырынёй 5-6 сантыметраў (турэмная адміністрацыя называе іх “металічнымі жалюзі”), прывараныя да кратаў з вонкавага боку акна пад вуглом 45 градусаў. Яны не прапускаюць натуральнае святло і прызнаныя антыгуманным сродкам. Паўзмрок, знаходжанне пры кругласутачным электрычным асвятленні на працягу месяцаў прыводзіць да страты зроку вязнямі.
У магілёўскіх СІЗА і турме яны выкарыстоўваюцца вось ужо 40 гадоў, з 1979 года, калі былі пабудаваныя гэтыя будынкі. Аднак падчас перапіскі з кіраўніцтвам турмы і мясцоваым ўпраўленнем Дэпартамента выканання пакаранняў (ДВП) высветлілася, што «металічныя жалюзі» парушаюць акрамя міжнародных нормаў яшчэ і беларускае заканадаўства.
У магілёўскай турме №4 ні разу не праводзіліся замеры натуральнага асвятлення, і на сёння тут не выконваюцца Санітарныя нормы і правілы, гігіенічныя нарматывы па асвятленні камер, якія зацвердзіла беларускае Міністэрства аховы здароўя.

Усе ўсё ведаюць


У скарзе ў Генеральную пракуратуру праваабаронцы спаслаліся на адказ начальніка медыцынскай службы па Магілёўскай вобласці Дэпартамента фінансаў і тылу МУС Катлярэнка А.А.
Ён адкрыта прызнаў, што з-за спецыфікі камер следчых ізалятараў і турмаў немагчыма выканаць саму методыку вымярэння такога важнага паказчыка, як Каэфіцыент натуральнай асветленасці. Таму медслужба ДВП такія замеры нават не рабіла, а замярала толькі параметры штучнай асветленасці.
Упраўленне Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці выдатна разумее, што выкарыстоўвае для патрэб турмы будынак, які не правяраюць належным чынам на адпаведнасць санітарна-гігіенічным нормам, якія дзейнічаюць у Рэспубліцы Беларусь.
Верагодна, гэтыя нормы злосна парушаюцца, што ў сваю чаргу прыводзіць да парушэння канстытуцыйных правоў грамадзян (артыкул 45 Канстытуцыі гарантуе права на ахову здароўя).
Праваабаронцы асобна адзначылі, што ў СІЗА сядзяць грамадзяне юрыдычна невінаватыя да рашэння суда, і існуе верагоднасць іх апраўдання. Але іх здароўю ужо цяпер наносіцца шкода. Аб парушэннях асобна быў апавешчаны пракурор Магілёўскай вобласці.

Кола замкнулася


У каментары для MSPRING.ONLINE праваабаронца Аляксандр Буракоў так апісаў вынік калектыўнай перапіскі:
– Праз тры месяцы кола замкнулася: наша скарга пракурору была адпраўлена ў санітарную службу ДВП, куды мы ўжо звярталіся. Туды ж пераслаў наш зварот з патрабаваннем выконваць закон і начальнік занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Гэта значыць, усе дзяржаўныя службы здаюцца перад турэмшчыкамі, а тыя толькі дасылаюць адпіскі, бо не маюць паўнамоцтваў што-небудзь мяняць.
Улічваючы, што ўсе магчымыя меры на ўзроўні горада і вобласці былі зроблены і да поспеху не прывялі, праваабаронцы вырашылі дамагацца паляпшэння ўмоў утрымання ў пенітэнцыярных установах на рэспубліканскім узроўні. Відавочна, адзначае Буракоў, падобныя праблемы характэрныя для ўсіх беларускіх турмаў і СІЗА.
Усяго такіх устаноў у сістэме ДВП дзевяць: тры турмы – у Магілёве, Гродне і Жодзіна; і шэсць СІЗА – у Мінску, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Баранавічах і Воршы. У іх утрымліваецца больш за 6 тысяч чалавек, і ўсе гэтыя людзі сядзяць у камерах з пастаянным штучным асвятленнем, што негатыўна ўплывае не толькі на вастрыню зроку, але і на псіхіку чалавека. Фактычна гаворка ідзе пра тое, што такія ўмовы ўтрымання можна смела прыраўняць да катаванняў.
Праваабаронцы запатрабавалі ў тэрміновым парадку правесці праверку ўмоў і ўзроўню натуральнага асвятлення ў камерах СІЗА і турмы. У якасці тэрміновай меры па выпраўленню сітуацыі яны патрабуюць абавязаць кіраўніцтва ПУ «Турма №4» выдаліць з вокнаў камер жалезныя жалюзі і замяніць іх на краты, якія забяспечваюць бесперашкоднае максімальную пранікненне дзённага святла ў турэмныя камеры.
mspring.online