Абвяшчаецца конкурс на ўдзел у Паглыбленым тэматычным курсе па правах чалавека

Рада адукацыйна-асветніцкай праграмы «Беларуская праваабарончая школа» абвяшчае конкурс на ўдзел у Паглыбленым тэматычным курсе па правах чалавека.

kurs_2019_2.jpg

Курс накіраваны на паглыбленне матываванымі маладымі людзьмі ведаў у галіне правоў чалавека, актывізацыю іх практычнага прымянення ў прафесійнай і грамадскай сферах.
Мэтай праграмы з’яўляецца пашырэнне і развіццё праваабарончай адукацыі як фактару, які ўплывае на агульнае выкананне правоў чалавека ў краіне.    
Выкладчыкі праграмы — прадстаўнікі вядучых праваабарончых арганізацый Беларусі і іншых краін, вядомыя і аўтарытэтныя спецыялісты ў галіне правоў чалавека і права.

Мэтавая група


Да ўдзелу ў праграме запрашаюцца кандыдаты/кі з Беларусі, якія маюць базавыя веды ў галіне правоў чалавека (выпускнікі/цы школ, семінараў і трэнінгаў праваабарончай накіраванасці), зацікаўленыя ў пашырэнні кампетэнцый у дадзенай сферы.
Асаблівая увага будзе надавацца заяўкам, атрыманым ад выпускнікоў/ц Летніх школ па правах чалавека, якія арганізоўваюцца і праводзяцца адукацыйна-асветніцкай праграмай «Беларуская правабарончая школа».
Узрост: 18-39 гадоў (пры наяўнасці высокай матывацыі, выдатнага эсэ і рэкамендацый, узроставыя межы могуць быць пашырыныя па рашэнні арганізатараў праграмы).
Група будзе сфармаваная з 20-22 удзельнікаў на конкурснай аснове.  


Месца правядзення


Правядзенне сесій запланаванае ў Беларусі і Літве.

Фармат курса


Курс разлічаны на 5 месяцаў і складаецца з 4 тэматычных сесій (семінараў), якія будуць праходзіць на працягу жніўня-снежня 2019 года. Працягласць кожнай сесіі — 3 поўныя дні (пятніца-субота-нядзеля).
Кожная сесія будзе складацца з тэарэтычных і практычных заняткаў, тэматычных дыскусій. Паміж сесіямі прадугледжана выкананне хатніх заданняў, якія будуць тэставацца і ацэньвацца экспертамі.  
Ад удзельнікаў будзе патрабавацца прысутнасць на ўсіх сесіях і выкананне хатніх заданняў, у сувязі з чым арганізатары просяць прэтэндэнтаў уважліва прааналізаваць і ацаніць свае магчымасці паўнавартаснага ўдзелу ў праграме (з улікам навучання, працы, сямейнага становішча і г.д.).
Арганізатары пакідаюць за сабой права выключыць удзельніка/цу на любым этапе праграмы ў выпадку невыканання ўмоваў і патрабаванняў удзелу ў яе працы.

Плануемая тэматыка сесій:


— Механізмы абароны правоў чалавека на нацыянальным і міжнародным узроўнях: тэорыя і практыка.— Свабода сходаў. Міжнародныя стандарты і нацыянальнае заканадаўства. Практычныя аспекты рэалізацыі свабоды сходаў ў Беларусі.— Права на выказванне меркавання.— Права на неўмяшальніцтва ў прыватнае і сямейнае жыццё. Інфармацыйная і фізічная бяспека.— Права на жыцце, свабода ад катаванняў, жорсткага, бесчалавечага або зневажальнага годнасць абыходжання i пакарання.— Практычныя аспекты зваротаў ў міжнародныя органы, у тым ліку ў Камітэт ААН па правах чалавека.— Пабудова стратэгічных дзеянняў у абарону правоў чалавека і грамадскіх інтарэсаў.— Іншыя тэмы і тэматыкі, звязаныя з правамі чалавека і грамадскім інтарэсам, актуальныя для сучаснай Беларусі
Працоўныя мовы: беларуская і руская.
Першая сесія адбудзецца ў перыяд з 30 жніўня па 1 верасня 2019 года.

Падача заявак і правядзенне конкурсу:


Для ўдзелу ў конкрсе прэтэндэнт/ка павінны запоўніць рэгістрацыйную форму, а таксама напісаць невялікае эсэ на тэму смяротнага пакарання ў Беларусі (аб’ёмам не менш за 2500 знакаў з прабеламі, прыкладна каля 1 старонкі фармата А4) і даслаць не пазней за 20 жніўня 2019 года ўключна (заяўкі, дасланыя пазней, разглядацца не будуць).
Плануецца, што пры наяўнасці дазвола аўтара/кі лепшыя эсэ будуць надрукаваныя ў СМІ і на тэматычных старонках сацыяльных сетак падчас Тыдня супраць смяротнага пакарання ў кастрычніку гэтага года.
Для прэтэндэнтаў, якія не з’яўляюцца выпускнікамі Летніх школ па правах чалавека (адукацыйна-асветніцкай праграмы «Беларуская праваабарончая школа») пажадана прадставіць рэкамендацыйны ліст (ад праваабарончай ці іншай грамадскай арганізацыі, з якой супрацоўнічае прэтэндэнт, з месца працы ці вучобы) або адсканаваную копію сертыфіката праваабарончай праграмы, выпускніком якой яны з’яўляюцца.
Удзельнікі будуць абраныя сярод заяўленых прэтэндэнтаў у выніку конкурсу, які правядзе спецыяльная кваліфікацыйная камісія. Пра вынікі конкурсу ўсе прэтэндэнты будуць апавешчаны 25 жніўня 2019 года.
Перавага будзе аддавацца ўдзельнікам, якія прадставілі важкія рэкамендацыі, напісалі эсэ, арыентуюцца ў грамадскай і праваабарончай праблематыцы, матываваныя на атрыманне ведаў у галіне правоў чалавека, гатовыя дзейнічаць на карысць іх абароны.

Важныя акалічнасці


Візы.
Вырашэнне пытання аб візавай падтрымцы бяруць на сябе арганізатары праграмы. Транспартныя выдаткі, звязаныя з афармленнем віз, кампенсаваныя не будуць.
Патрабаванні да пашпартоў.
Тэрмін дзеяння пашпартоў прэтэндэнтаў павінен быць на 3 месяцы большы, чым тэрмін заканчэння апошняй сесіі (снежань 2019 года); у пашпарце павінны быць дзве чыстыя старонкі з адзнакай «візы»; пашпарт павінен быць выдадзены на працягу апошніх 10 гадоў.
Выдаткі.
Удзел у праграме і навучальныя матэрыялы — бясплатныя. Арганізатары бяруць на сябе выдаткі на аплату віз і страхавых полісаў, транспартных выдаткаў (кошт праезду да месца правядзення навучальных мерапрыемстваў і назад), пражывання і харчавання ўдзельнікаў.
Дадатковую інфармацыю можна атрымаць, накіраваўшы пісьмовы запыт на электронны адрас: belschool@gmail.com
spring96.org