Вуліцы Рыгора Барадуліна ў Вушачах дагэтуль няма. У Мінску таксама

24 лютага народнаму паэту Беларусі Рыгору Барадуліну споўніўся б 81 год. Увосень 2015 году на ягонай магіле ва Ушачах усталявалі помнік — валун. 



00c56704_1fe4_4492_9af8_fcbf95897e57_w640_r1_s_cx0_cy11_cw0.jpg

Рыгор Барадулін, фота Сяргея Шапрана

А вось вуліца Барадуліна так і не з'явілася ні ў Віцебску, ні ва Ушачах, вушацкай сярэдняй школе імя Барадуліна не надалі, хаця было адмысловае рашэнне Віцебскага аблвыканкама.

 

У дзень народзінаў паэта ў Вушачах, на ягонай радзіме, і ў Мінску адбудзецца некалькі імпрэзаў.

gdb.rferl.org__7127b93a_7630_4_e54310cf37709aed2d3a7152d77132e2.jpeg

Рыгор Барадулін, травень 2012

У Белдзяржфілармоніі адбудзецца вечарына «Песьні матчыны з Вушаччыны». Праграма канцэрта складаецца з народных песняў Вушаччыны — тых самых, якія ўсё жыццё натхнялі дзядзьку Рыгора. У канцэрце возьмуць удзел этна-гурт «Vuraj», «Harmonic style project», «Re1ikt», фальклорны гурт «Варган» з Полацку, дуэт Ірэна Катвіцкая і Вера Саламонік.

 

Вершы Рыгора Барадуліна прачытае паэт Міxась Скобла. Вядоўца і аўтар праекту — саліст Белдзяржфілармоніі Сяргей Доўгушаў.

 

Моладзевае крыло кампаніі «Гавары праўду» ў дзень народзінаў паэта будзе раздаваць у цэнтры сталіцы ўлёткі з вершамі Рыгора Барадуліна.

 

Адмысловая імпрэза, прысвечаная слыннаму земляку, адбудзецца і ў Вушацкай сярэдняй школе. Школьнікі будуць чытаць вершы. У школьным музеі ёсць адмысловы стэнд, прысвечаны народнаму паэту.

 

А вось сваё абяцанне назваць у Вушачах вуліцу і сярэднюю школу імем Рыгора Барадуліна ўлады так і не выканалі.

gdb.rferl.org__8e67ce64_9982_4_9872bf6837cf3e7d839f7f780aa1d50d.jpeg

Рыгор Барадулін, падчас прэзентацыі сваёй кнігі, 2005 год

Адразу пасля смерці слыннага паэта, увесну 2014 году, Саюз беларускіх пісьменнікаў, Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, «Арт Сядзіба» ды іншыя звярнуліся з прапановай вуліцу Школьную, дзе дзядзька Рыгор правёў сваё дзяцінства, і школу ў гарадскім пасёлку Вушачы назваць імем Рыгора Барадуліна. Пра гэта пісалі многія СМІ. Пра гэта паведамляў у ліпені 2014 году нават афіцыйны сайт Віцебскага аблвыканкама:

 

«Віцебскі аблвыканкам разгледзеў звароты, накіраваныя ў Савет міністраў Рэспублікі Беларусь, аб увекавечанні памяці Рыгора Барадуліна і ў рамках кампетэнцыі, — адзначаецца ў адказе кіраўніцтва Віцебскай вобласці. — Вушацкім райвыканкамам і райсаветам ажыццяўляецца праца па перайменаванні вуліцы Школьная ў гарадскім пасёлку Вушачы ў вуліцу імя Рыгора Барадуліна. Накіраваны ліст у тапанімічную камісію пры Савеце міністраў Рэспублікі Беларусь аб магчымасці ўжывання транслітарацыі пры перакладзе планаванай назвы на расейскую мову».

 

У афіцыйным адказе таксама паведамлялася, што на сходзе працоўнага калектыву Вушацкай сярэдняй школы было прынятае рашэнне аб прысваенні гэтай установе імя Рыгора Барадуліна, і цяпер «рыхтуюцца адпаведныя дакументы».

 

Дакументы, мабыць, рыхтуюцца дагэтуль.

 

gdb.rferl.org__b237f40e_b862_4_b37ce703751a5e821bc4c080beb592bd.jpeg

Помнік Рыгору Барадуліну на Бутаўскіх могілках ва Ушачах

Старшыня Вушацкага райвыканкаму Віктар Родзіч адразу ж накіраваў карэспандэнта "Радыё Свабода" ў Віцебскі аблвыканкам: маўляў, райвыканкам такога рашэння не прымаў. Што да вушацкіх уладаў, яны шмат што зрабілі і робяць, каб уганараваць памяць Барадуліна:

 

«Мы даглядаем дом Рыгора Барадуліна, што стаіць на вуліцы Школьнай па просьбе ўдавы паэта Валянціны Міхайлаўны. Актыўна дапамагалі ва ўсталяванні помніка, агароджы — гэта дастаткова дарагія работы. Даглядаем за ягонай магілай. У школьным музеі ёсць стэнд, прысвечаны паэту. Праводзяцца „Дні Барадуліна“. З Вушаччыны паходзілі, акрамя Рыгора Барадуліна, Васіль Быкаў, Пятрусь Броўка і Еўдакія Лось. У нас ёсць яшчэ ідэі, як уганараваць памяць нашых славутых землякоў, спадзяюся, з цягам часу з'явіцца і вуліца Барадуліна».

 

Дарэчы, у Вушачах вуліцы Петруся Броўкі і Еўдакіі Лось ёсць. Праўда, мастакі, якія штогод арганізуюць каля Вушачаў пленэры, на доме, дзе жыў Барадулін (але не на фасадзе, а з таго боку, што ідзе ў гарод) прымацавалі шыльдачку «вуліца Рыгора Барадуліна» і пасадзілі ўздоўж маладыя дубы.

gdb.rferl.org__68b75c79_52d5_4_a9b4163ea7b13571e939fc7d1ba20620.jpeg

Шыльда «Вуліца Рыгора Барадуліна» на доме паэта

А вось ва ўпраўленні ідэалагічнай работы Віцебскага аблвыканкаму карэспандэнту "Радыё Свабода" так і не адказалі, чаму не выкананае рашэнне аблвыканкаму і дагэтуль няма вуліцы Барадуліна ў Вушачах.

 

Намеснік начальніка ідэалагічнага ўпраўлення Пётар Гнутэнка прачытаў верш Рыгора Барадуліна «Трэба дома бываць часцей», на добрай беларускай мове запэўніў, што рух ідзе, але марудна. Ён паабяцаў, што 24 лютага пасля абеду з'явіцца супрацоўнік, якога ў аўторак не было на месцы, і які курыруе гэты справу (дарэчы, кандыдат гістарычных навук).

 

Не з'явілася вуліца Барадуліна і ў Віцебску, хаця адпаведнае рашэнне 25 сакавіка 2015 году прыняў Віцебскі гарадскі савет дэпутатаў.

 

Няма і мемарыяльнай шыльды на доме па вуліцы Івана Мележа ў Мінску, дзе жыў народны паэт.

www.svaboda.org