Апошні Дзень нараджэння Рыгора Барадуліна
Пасля таго, як нейкі там Гарашчэня аблаяў Дзядзьку Рыгора, нейкі там рыэлтар зняважыў Майстра, шмат хто ў інтэрнэце пачаў выкладаць творы Барадуліна і ўспаміны пра яго. Далучаемся да гэтага своеасаблівага флэшмобу і мы.
Рыгор Барадулін і Уладзімір Някляеў. Фота Сяргея Шапрана 24 лютага 2014 года. Апошні дзень нараджэння Рыгора Барадуліна, які мы сустрэлі з ім разам. Паехалі тады з Вольгай і Уладзімірам Някляевымі да дзядзькі Рыгора, каб павіншаваць з 79-годдзем.
Барадулін пачуваўся не лепшым чынам і гаварыў гэтаксама, нават практычна не гаварыў, а, здавалася, быў засяроджаны ў сваіх думках.
Ён не стрыгся і не галіўся з восені, жартаваў, што зрабіўся падобным да маджахеда, і неаднойчы клікаў сфатаграфаць яго, што крыху здзіўляла, бо рэдка калі раней Барадулін прасіў фатаграфаць яго (прыгадаю цяпер толькі фотасесіі для кніг «Ксты» і «Дуліна ад Барадуліна»).
А калі ўбачыў той свой фотаздымак, з якога ён глядзеў так пранізліва, што і дасюль ніякавееш пад ягоным позіркам, і які пасля пастаўлю на вокладку першай яго пасмяротнай кнігі «У неба пехатою», настолькі быў, здаецца, задаволены ўбачаным, што не мог адарвацца ад фотаздымка, які быў змешчаны тады Аляксеем Сцяпанавічам Каралём у «Новым часе» разам з вялікімі апошнім інтэрв’ю паэта. Тым самым інтэрв’ю, у якім ён казаў, што смерці няма… І, мусіць, дачакаўшыся таго, пра што думалася яшчэ з восені, праз некалькі дзён дзядзька Рыгор пагаліўся і пастрыгся «пад нуль». І неяк адразу састарэў і паменшыўся. У дадатак глядзеў цяпер на нас, падавалася, адсутным позіркам…
У той свой апошні дзень нараджэння ён практычна ні пра што не пытаўся, мала гаварыў, рэдка калі ўсміхаўся і ўсё больш глядзеў у вакно. Нібыта знаходзіўся на мяжы гэтага і ўжо таго света…
Гэта быў апошні дзень нараджэння Барадуліна, які мы сустрэлі з ім разам. Гэта быў апошні раз, калі мы з ім бачыліся. З таго часу ўжо прамінуло ягонае 80-годдзе, надышоў вось 81 год… З днём нараджэння, дзядзька Рыгор.