Выпальванне травы — экацыд супраць роднай зямлі
Колькасць пажараў з-за выпальвання сухой травы і смецця сёлета зменшылася ў разы. Гэтаму спрыяла позняя вясна. Але грамадзяне ўсё яшчэ працягваюць паліць траву на сваіх участках і ўздоўж дарог. Іх не палохаюць нават вялікія штрафы. Віной таму з'яўляецца экалагічная недасведчанасць насельніцтва.

Штрафы выпальванням не перашкода
Па стане на пачатак бягучага тыдня Міністэрства па надзвычайных сітуацыях зафіксавала больш 500 выпадкаў узгарання травы і хмызнякоў
на агульнай плошчы 207 га. Больш за ўсё пажараў адбылося ў Брэсцкай, Магілёўскай і Гарадзенскай абласцях.
Самы маштабны ў цяперашнім годзе пажар з-за выпальвання сухой
травы здарыўся ў вёсцы Ананіч Крычаўскага раёна. У выніку згарэла тры нежылых хаты. Ахвяр і
пацярпелых не было.
Увогуле, сёлета пры выпальванні сухой расліннасці ніхто не
загінуў. Хоць у мінуўшчыне
ахвярамі такіх пажараў сталі восем чалавек. Усяго, па дадзеных МНС, у 2012 годзе зафіксавана каля 2,5 тысяч выпадкаў узгарання травы і хмызнякоў
на агульнай плошчы больш 1,3
тысяч га. Брэсцкая і Гарадзенская вобласці як звычайна вылучыліся.
За выпальванне сухой расліннасці або непрыняцце мер па
ліквідацыі выпальванняў прадугледжаны штраф ад 1 да 4 мільёнаў рублёў. Толькі за цяперашні год да адміністрацыйнай адказнасці за гэты
правапарушэнне права было
прыцягнута да адказнасці 25
юрыдычных і фізічных асоб з выплатай штрафаў на агульную суму больш 8,5 мільёнаў рублёў. У мінулым годзе было 113
парушальнікаў. Яны папоўнілі дзяржаўны бюджэт на 16 мільёнаў рублёў.
«Штрафы па вялікім рахунку мала каго спыняюць. У людзей павінна быць разуменне, што выпальванне сухой травы можа прывесці да сумных наступстваў. Як глабальнае для экалогіі краіны, так і канкрэтна для дамоў, дачных участкаў асобных грамадзянаў», — кажа прэс-сакратар Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь Навіцкі.
Ад выпальванняў выратуе падвышэнне
экалагічнай свядомасці
Эколагі пастаянна папярэджваюць пра тое, што з-за травяных пажараў заўважна дэградуе глеба. Выпаленую тэрыторыю звычайна займае пустазелле. Пры гэтым гінуць многія казюркі, некаторыя віды птушак, звяры і паўзуны, гараць дрэвы і тарфянішчы. Да таго ж разам з сухой травой часцяком гарыць смецце, што выкідвае ў паветра шкодныя рэчывы.
«Кожны акт падпалу — гэта злачынства супраць далікатнага свету
прыроды», — лічаць у Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы
навакольнага асяроддзя.
Асаблівую занепакоенасць прыродаахоўнага ведамства выклікаюць выпадкі выпальвання сухой расліннасці ўздоўж аўтамабільных дарог і чыгунак.
«Адна справа, калі спаліў невялікую кучу смецця ў сябе на лецішчы і забыўся. Зусім іншае, калі чалавек свядома падпаліў поле. Ён проста не ў стане потым спыніць гэта некантралюемае полымя. Пры гэтым знайсці і пакараць падпальшчыка ў такіх выпадках практычна немагчыма», — кажа намеснік начальніка Упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Наталля Жаркіна.
Чалец грамадскага аб'яднання «Экадом», эксперт па біяразнастайнасці Ігар Куталоўскі назывые выпальванні «экацыдам супраць роднай зямлі». Па яго словах, сухая расліннасць ні ў якім разе не з'яўляецца смеццем. Гэта, перадусім, добрае ўгнаенне для глебы.
«Наша грамадства проста павінна пазбавіцца ад
гэтай згубнай звычкі. У той час, калі мы разважаем пра экалагічны крызіс і
змену клімату, праводзіць дыверсіі ў выглядзе
спальвання сухой расліннасці, гэта проста злачынства», —
лічыць эколаг.
Дзякуючы позняй вясне колькасць пажараў з-за выпальвання сухой травы сёлета значна зменшылася. «Дзякуй
Богу, што
сёлета нам дапамагла прырода, але будзем верыць у нашых людзей, якія змяняюцца», — кажа Наталля Жаркіна.
Для гэтага і эколагам, і дзяржаўным прыродаахоўным ведамствам давядзецца ладна папрацаваць.
Аляксандр Ярашэвіч, naviny.by