Выстава пра Курапаты — уклад у абарону нацыянальнага некропалю

У Палацы мастацтваў завяршыла працу II дакументальна-мастацкая выстава «Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні», арганізаваная грамадскай ініцыятывай «Эксперты ў абарону Курапатаў» разам з суполкай «Пагоня» Беларускага саюзу мастакоў.

Твор Вольгі Мокат "Ахвяра" (ляўкас, змешаная тэхніка, 2016)

Твор Вольгі Мокат "Ахвяра" (ляўкас, змешаная тэхніка, 2016)


За шэсць дзён выставу наведалі больш за 4 тысячы жыхароў Беларусі і замежных гасцей з шэрагу краінаў Еўропы. Сярод іх — сведкі трагедыі, сваякі ахвяраў сталінізму — пляменніца паэта Алеся Дудара і праўнук першага народнага артыста Беларусі Уладзіслава Галубка.

kurapaty_vystava_2_vyniki_1_logo.jpg
kurapaty_vystava_2_vyniki_2_logo.jpg


Сярод іншаземных гасцей выставы былі знакаміты кінарэжысёр Кшыштаф Занусі, першы радца амбасады Польшчы ў Мінску Марцін Вайцяхоўскі, дырэктар Польскага інстытуту ў Мінску Матэвуш Адамскі, гісторык і палітолаг, дырэктар Польскага інстытуту міжнародных справаў Славомір Дэмбскі і ягоны намеснік Яцэк Фокс, прадстаўнікі амбасады Украіны і грамадзяне гэтай краіны.

Кшыштаф Занусі (справа)

Кшыштаф Занусі (справа)


Сярод наведнікаў — людзі розных прафесіяў і ўзростаў: ад гадавалага Рыгоркі да 87-гадовай прафесаркі, доктара медычных навук, дачкі рэпрэсаванага настаўніка беларускай мовы і літаратуры з Гомеля Клары Чвялёвай. Маці Рыгоркі Наста напісала ў Кнігу водгукаў: «Вельмі баліць за тое, што было зроблена тады, і нашмат горай за сённяшнія дні».

Гадавалы Рыгорка

Гадавалы Рыгорка

kurapaty_vystava_2_vyniki_4_logo.jpg

87-гадовая Клара Чвялёва (у цэнтры)
Дарэчы, у параўнанні з першай выставай, якая адбылася напрыканцы лістапада 2015 г. у Палацы мастацтва, новую экспазіцыю наведала нашмат больш родзічаў ахвяраў сталінізму, у тым ліку нашчадкаў герояў экспазіцыі. Яны прынеслі на выставу нямала дакументальных і выяўленчых сведчанняў трагедыі, што напаткала іхныя сем’і ў 1930-1940-я гады. Найбольшае ўражанне пакідаюць лісты з абласных упраўленняў КДБ Рэспублікі Беларусь пачатку 1990-х гадоў, у якіх меркаваным месцам пахавання трох расстраляных ахвяраў названыя Курапаты. Аднак пазней родзічы рэпрэсаваных атрымоўвалі іншыя лісты з абласных упраўленняў КДБ, дзе пазначалася толькі месца расстрэлу ахвяры — Мінск, а Курапаты як месца магчымага пахавання ўжо не згадвалася.


Унук адной з гэтых ахвяраў у Кнігу водгукаў напісаў: «Перажываю невыказны боль. Трагедыя ўсяленскага маштабу. Мне 62 гады. Але да гэтай пары не пакідае думка, што людажэрская ўлада пазбавіла адной бабулі і двух дзядуляў, якія не пагладзілі мяне маленькага па галоўцы , не пацалавалі перад сном. Скурай адчуваю жывёльны жах, што перанёс перад расстрэлам мой дзядуля Акуліч Сямён Герасімавіч, забіты 29 лістапада 1938 году ў Курапатах».  

Нашчадкі героя выставы Антона Матусевіча — унучка Ірына Гаеўская і праўнучка Ганна Кудраўская робяць запіс у Кнігу водгукаў

Нашчадкі героя выставы Антона Матусевіча — унучка Ірына Гаеўская і праўнучка Ганна Кудраўская робяць запіс у Кнігу водгукаў


А настаўніца гісторыі, метадыст Нацыянальнага інстытуту адукацыі Алена Палейка лічыць неабходным скласці адукацыйныя праграмы па Курапатах — для школьнікаў, студэнтаў і дарослых, а таксама падрыхтаваць настаўнікаў гісторыі для працы з гэтым складаным гістарычным матэрыялам.

Скульптурна-ландшафтныя праекты (на пярэднім плане — на стале і сцяне -- творы Льва і Сяргея Гумілеўскіх, на сцяне ў цэнтры — Генадзя Драздова, на сцяне зправа — Алеся Сушы, на стале зправа — Геніка Лойкі)

Скульптурна-ландшафтныя праекты (на пярэднім плане — на стале і сцяне -- творы Льва і Сяргея Гумілеўскіх, на сцяне ў цэнтры — Генадзя Драздова, на сцяне зправа — Алеся Сушы, на стале зправа — Геніка Лойкі)

kurapaty_vystava_2_vyniki_18_logo.jpg

Уладзімер Анішчанка “Кабыляцкая гара ў Оршы” (палатно, алей, 2017)

kurapaty_vystava_2_vyniki_17_logo.jpg

Георгій Скрыпнічэнка “Белы бераг” (палатно, тэмпера, алей, 1987)

Дарэчы, з амаль сотні запісаў у Кнігу водгукаў толькі адзін негатыўны: «Позор реаниматорам БНФовской лжи и их властным пособникам».


Зараз сябры ініцыятывы рыхтуюць чарговыя круглыя сталы экспертаў. Яны будуць прысвечаныя экалагічнай, у тым ліку і гідралагічнай сітуацыі ў Курапатах, а таксама адукацыйна-выхаваўчаму, у тым ліку і экскурсійнаму, патэнцыялу нацыянальнага некропалю.

Вольга Бычко “Ахоўнікі” (палатно, алей, 2017)

Вольга Бычко “Ахоўнікі” (палатно, алей, 2017)


Неабходна зазначыць, што на выставе былі прадстаўленыя працы на адкрыты  творчы конкурс «Курапаты — народны мемарыял» пад дэвізам «Праз Курапаты — да пакаяння». Гэта 32 творы выяўленчага мастацтва 24 мастакоў, у тым ліку 7 скульптурна-ландшафтных праектаў, архітэктурны праект Цэнтру нацыянальнай памяці польскіх дойлідаў, эсэ навучэнцы Беларускага гуманітарнага ліцэю Дануты Радына, а таксама шэраг вершаў. Сярод аўтараў — паэты Валер Максімовіч, Андрэй Мельнікаў, Зміцер Захарэвіч і Алесь Разанаў, скульптары Анатоль Арцімовіч, Леў і Сяргей Гумілеўскія, Гэнік Лойка і Алесь Сокалаў, жывапісцы Эдуард Агуновіч, Уладзімер Анішчанка, Вольга Бычко, Лявон Грышук, Мікола Бушчык, Генадзь Драздоў, Алесь Мара, Вольга Мокат, Віктар Мікіта, Георгій Скрыпнічэнка, Кацярына Сумарава, Анатоль Сухан, Алесь Цыркуноў, графікі Алесь Грыгор’еў, Генадзь Мацур, Усевалад Свентахоўскі, Алесь Суша і Алег Усціновіч.  

kurapaty_vystava_2_vyniki_9_logo.jpg


Так супала, што падчас падрыхтоўкі і правядзення выставы каля Курапатаў адбылася акцыя пратэсту супраць пачатку будаўніцтва ў непасрэднай блізкасці ад народнага мемарыялу пяціпавярховага будынку бізнэс-цэнтру.

kurapaty_vystava_2_vyniki_12_logo.jpg

Алесь Сокалаў “Малітва” (бронза, 2016)
Падчас адкрыцця выставы яе арганізатары заявілі, што маладафронтаўцы на чале з Змітром Дашкевічам, якія паставілі каля будаўнічай пляцоўкі намётавы лагер і выступілі супраць будаўніцтва бізнэс-цэнтру, увасабляюць гонар, годнасць і сумленне беларусаў.

Мікола Бушчык “Гвалтоўны ор” (дыпціх, палатно, алей. 1993)

Мікола Бушчык “Гвалтоўны ор” (дыпціх, палатно, алей. 1993)

Праводзячы экскурсіі па выставе, сябры ініцыятывы тлумачылі наведнікам першапрычыны чарговага супрацьстаяння каля Курапатаў, каментавалі сітуацыю журналістам, дэманстравалі невялікую экспазіцыю пра гэтую падзею. Адзін са стэндаў выставы прысвечаны судовым працэсам, якія ініцыятыва «Эксперты ў абарону Курапатаў» ужо тры гады вядзе супраць дзяржаўных органаў, вінаватых у скарачэнні ахоўнай зоны помніка і тым самым у новым канфлікце з грамадскасцю.

Кацярына Сумарава “Курапацкая плашчаніца” (папера, акрыл, 2017)

Кацярына Сумарава “Курапацкая плашчаніца” (папера, акрыл, 2017)

Удзельнікі ініцыятывы перадалі абаронцам народнага мемарыялу шэраг фатаздымкаў і публікацый, падрыхтавалі ў газеце «Новы час» артыкул «Курапаты: што згубіў і прыдбаў нацыянальны некропаль?», які падае гісторыю змагання беларускага грамадства за зацвярджэнне ахоўнай зоны народнага мемарыялу і супраць яе скарачэння, а таксама ўдзельнічалі ў перамовах прадстаўнікоў абаронцаў Курапатаў з старшынём Мінгарвыканкаму Андрэем Шорцам.    

Анатоль Арцімовіч, мадэль помніка для Курапатаў (бронза, граніт, 2011)

Анатоль Арцімовіч, мадэль помніка для Курапатаў (бронза, граніт, 2011)


Хацеў бы выказаць падзяку за падрыхтоўку, падтрымку і асвятленне выставы актывістам нашай ініцыятывы Валянціне Вяргей, Валянціне Свяцкай, Зінаідзе Тарасевіч, Вацлаву Арэшку, Вінцуку Вячорку, Аляксею Галічу, Генадзю Драздову, Змітру Захарэвічу, Аляксею Марачкіну і Алесю Макаву, старшыню суполкі «Пагоня» Ігару Марачкіну і ягоным паплечнікам, старшыню Беларускага саюзу мастакоў Рыгору Сітніцу, архітэктару Раману Забелу, вадзілу Уладзімеру Мышко, журналістам Галіне Абакунчык, Паўліне Скурко, Аляксею Аляксандраву, Генадзю Барбарычу, Любові Каспяровіч, Каці Маркоўскай, Алесю Кіркевічу і Паўлу Свярдлову, незалежным медыям: Белсату, Радыё Свабода, Радыё Рацыя, Еўрарадыё, Хартыі-97, Салідарнасці, БелаПАН, Новаму часу, Нашай ніве, Народнай волі і Свободным новостям Снплюс, калектыву Палацу мастацтваў, грамадскім аб’яднанням — Беларускай асацыяцыі журналістаў, Саюзу беларускіх пісьменнікаў, Таварыству беларускай школы, Цэнтру Супольнасць і ГА «Дыярыуш», прафсаюзу РЭП, Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі, Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій, Грамадскаму электроннаму архіву «Вытокі», Арт Cядзібе і Праваабарончаму цэнтру «Вясна», а таксама сведкам трагедыі, якія падзяліліся сваімі ўспамінамі пра падзеі ў Курапатах.

Анатоль Сухан “Пакутнік” (палатно, алей, год невядомы)

Анатоль Сухан “Пакутнік” (палатно, алей, год невядомы)


Такім чынам, выстава стала сапраўды народнай па колькасці структураў грамадзянскай супольнасці і грамадзянаў, што падтрымалі творчую акцыю, а таксама дзякуючы велізарнай цікавасці з боку грамадства: людзі прыходзілі за паўгадзіны да адкрыцця, некаторыя наведвалі экспазіцыю двойчы, кожны дзень даводзілася прасіць наведнікаў пакінуць залу пасля заканчэння працоўнага дня ў Палацы мастацтва, было шмат моладзі і студэнтаў, у тым ліку арганізаваныя групы з тэхналагічнага і мэдычнага ўніверсітэтаў.
Гэта сведчыць, што з кожным днём усё больш беларусаў успрымаюць Курапаты як нацыянальную святыню. Вялікі дзякуй ім за гэта.