«Улады раз і назаўжды павінны паставіць кропку ў справе Курапатаў»
Пра галоўны ўрок супрацьстаяння на вуліцы Мірашнічэнка ў Мінску распавялі эксперты і ўдзельнікі вахты.
Канфлікт на будпляцоўцы на вуліцы Мірашнічэнка ля Курапатаў часова вырашыўся на карысць абаронцаў урочышча.
Кампанія-заказчык «Белреконструкция», якая распачала будаваць бізнес-цэнтр практычна ля ўваходу ў мемарыял, адмовілася працягваць працы. Гэтаму рашэнню папярэднічала дзесяцідзённая вахта неабыякавых грамадзян і мясцовых жыхароў, якая суправаджалася сутычкамі з будаўнікамі.
— Будаваць там, дзе людзі катэгарычна супраць, дзе яны прыкоўваюць сябе кайданкамі да тэхнікі, катэгарычна нельга, — заявіў у каментары TUT.BY акцыянер кампаніі-заказчыка «Белреконструкция» Ігар Анішчанка.
З будпляцоўкі выведзена тэхніка і бытавыя збудаванні, у бліжэйшы панядзелак забудоўшчык паабяцаў прыбраць плот і зараўняць пляцоўку.
У сваю чаргу ўдзельнікі вахты паабяцалі на мітынгу 3 сакавіка зняць лагер, калі кампанія стрымае слова.
Дашкевіч: Нават калі Шорац прывязе кітайцаў, будзем абараняцца
— Абсалютна ясна, што абаронцы Курапатаў перамаглі. Як мінімум гэты забудоўшчык тут нічога не будзе рабіць нават пад прымусам Андрэя Шорца. Ёсць у нас інсайдэрская інфармацыя, што кіраўнік Мінгарвыканкама ўгаворваў «Белреконструкцию» будаваць далей. Не ведаю, дзе ён знойдзе новага забудоўшчыка, можа з Кітая прывязе. Але нашы беларусы тут наўрад ці будуць будавацца, каб зноў справакаваць супрацьстаянне, - распавёў адзін з ініцыятараў стварэння лагера каля будпляцоўкі Зміцер Дашкевіч.
Паводле яго слоў, абаронцы Курапатаў не пакінуць па-за ўвагай любую спробу аднавіць будаўніцтва.Галоўным высновай, на думку Дашкевіча, павінна стаць канчатковае рашэнне праблемы ахоўнай зоны вакол ўрочышча.
— Дзяржава павінна раз і назаўжды паставіць кропку ў курапацкай тэме, вырашыўшы праблему ахоўнай зоны. Навошта яе кожны раз зразаць, забудоўваць? Гэта не паддаецца ніякаму разумнаму тлумачэнню. Вырашыць праблему трэба канчаткова і зрабіць гэта павінны былі яшчэ ў 2001 годзе, — лічыць абаронца Курапатаў.
Лагвінец: Беларусы праявілі гатоўнасць да самаахвяравання
Палітолаг Алесь Лагвінец, які браў удзел у вахце, распавёў пра тое, што ў першую чаргу дапамагло выстаяць абаронцам мемарыяла:
— Салідарнасць і мэтанакіраванае дзеянне, гатоўнасць ахвяраваць уласным часам і здароўем дзеля дасягнення грамадска важных мэтаў. Абарона гэтага ўчастка ад забудовы і стала прыкладам такой самаахвярнасці і жадання адстойваць інтарэсы беларусаў як нацыі ў цэлым і асобных жыхароў бліжэйшых дамоў.
Па словах суразмоўцы, дасягнуць прамежкавага выніку дапамог збег розных фактараў. Сам жа досвед вулічных пратэстаў — як супраць дэкрэта №3, так і супраць забудовы ў Курапатах — кажа пра тое, што грамадскі ціск дае вынік ва ўмовах, калі ўлады аказваюцца ўсё больш абмежаванымі ў рэсурсах. У такіх умовах яны вымушаныя ісці на саступкі пратэстуючых.
Астаповіч: Курапаты — адзін з мноства помнікаў, якія патрабуюць абароны
— Гэта вельмі моцны ўрок. Але ўсё пытанне ў тым, ці будзе ён засвоены. Бо сітуацыя з Курапатамі — стандартная для аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, — лічыць старшыня Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч. — Пакуль грамадства ўсе свае разнапланавыя намаганні будзе накіроўваць толькі на Курапаты, мы нічога не дасягнем. Нават калі адкаціцца гэтая будоўля, нават калі жалезна ўсталююць ахоўную зону — дзе гарантыя, што гэта ўсё не будзе зноў парушана?
На думку суразмоўцы, падобная увага і мабілізацыя грамадства павінны быць гарантаваныя кожнаму помніку гісторыі, бо заканадаўства ў сферы аховы помнікаў не працуе.
— Як толькі мы даможамся нармальнай практыкі правапрымянення заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны, тады і Курапаты будуць абаронены, — лічыць эксперт.
Грамадзянская супольнасць і незалежныя СМІ традыцыйна больш уважліва сочаць за падзеямі вакол Курапатаў у сілу самой гісторыі ўрочышча, адзначае Антон Астаповіч. У той жа час іншыя гістарычныя аб'екты Мінска (і не толькі) незаслужана застаюцца ў цені.
— А гэта ж звёны аднаго ланцуга, — падкрэслівае эксперт.
Паводле zautra.by