З 1 студзеня камуналка падаражэе на 10 рублёў
Кошт жыллёва-камунальных паслуг у Беларусі з 1 студзеня 2017 года ўзрасце прыкладна на 10 рублёў. Пры неабходнасці будзе весціся гаворка пра другі этап росту тарыфаў.
Пра гэта паведаміў першы намеснік міністра эканомікі Аляксандар Забароўскі, адказваючы на пытанне пра перамовы з МВФ:
«Адносна 2017 года мы гаворым пра тое, што з 1 студзеня, як і належыць у адпаведнасці з дзейным заканадаўствам, адбудзецца павышэнне кошту жыллёва-камунальных паслуг прыблізна на 10 рублёў. Далей на працягу года будзе ісці праца па зніжэнні выдаткаў манаполіяў і выкарыстанні магчымасцяў ЭАЭС. Пры неабходнасці будзе весціся гаворка пра другі этап росту тарыфаў. Але гэта адбудзецца так, каб уздзеянне на неабароненыя слаі насельніцтва было мінімальнае».
Паводле Забароўскага, у праграме дзейнасці ўраду ёсць два асноўныя пункты павышэння кампенсацыі затрат насельніцтвам: да канца 2017 году павінны выйсці на 75%, да канца 2018 года — на 100%.
«Іншае пытанне, наколькі павінны быць павышаныя тарыфы ў абсалютнай велічыні, каб мы дасягнулі мэты па ўзроўні кампэнсацыі тарыфамі затрат», — сказаў ён.
На перамовах з МВФ у справе павышэння тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі прыярытэт аддаецца мерам сацыяльнай абароны, цытуе БелТА намесніка міністра.
Ён сказаў, што манаполіі павінны мець «выразны і амбітны плян зніжэньня выдаткаў».
Аляксандар Забароўскі сказаў, што беларускі бок прапануе МВФ разглядаць тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі не адасоблена, як гэта было ў многіх класічных праграмах фонду, а ва ўвязцы з трыма найважнейшымі тэмамі. Першая тэма — сурʼёзнае зніжэнне выдаткаў манаполіяў.
«Мы лічым несправядлівым перакладаць залішнія выдаткі манаполіяў на насельніцтва. Таму працэс змены тарыфаў павінен ісці ў выразнай увязцы са зніжэньнем выдаткаў манаполіяў і павышэннем эфектыўнасці працы сыстэм жыллёва-камунальнай гаспадаркі і энэргетыкі», — сказаў ён.
Другая тэма, паводле першага намесніка міністра, звязаная з разгортваннем эфэктыўнай сістэмы адраснай сацыяльнай абароны насельніцтва.
«Гэта значыць, не павінна атрымацца так, што тарыфы павысіліся, а сыстэма адраснай сацыяльнай абароны не паспела адрэагаваць на патрэбы малазабяспечаных, уразлівых грамадзян».
Трэцяя тэма палягае ў неабходнасці разьвіваць энэргетычны рынак у ЭАЭС.
«У сярэднетэрміновым пэрыядзе цэны на энэрганосьбіты ў саюзе павінны быць уніфікаваныя. Перамовы, якія прайшлі з расійскімі калегамі, гэта пацвярджаюць.Таму мы павінны ўзважана падыходзіць да сярэднетэрміновага прагнозу цэнаў на прыродны газ, дзеля таго каб загадзя не задзіраць разліковыя затраты манаполіяў».
Пра падвышэнні «камуналкі» ў 2017 годзе раней заявіў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка: «У наступным годзе 5 даляраў будзе дакладна. У колькі гэта выльецца адсоткаў, ня ведаю».
Паводле svaboda.org