З 2022 года ў Беларусі ўводзяцца абмежаванні па размяшчэнні рэкламы

Фактычна, гэта яшчэ адна спроба пазбавіць СМІ магчымасці функцыянаваць.

yuridicheskie_aspekty_reklamy_meditsinskikh_uslug_1.jpg


1 лістапада 2021 года падпісаны Указ № 426 «Аб размяшчэнні (распаўсюджванні) рэкламы».
У адпаведнасці з дадзеным указам, з 1 студзеня 2022 г. плануецца стварэнне дзяржаўнага інфармацыйнага рэсурса «Рэестр рэкламараспаўсюджвальнікаў». Паўнамоцтвы на стварэнне і вядзенне дадзенага рэестра будуць належаць Міністэрству антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ). Рэестр будзе размешчаны на афіцыйным сайце МАРГ у адкрытым доступе.
Згодна з гэтым указам, з 1 лютага 2022 года размяшчэнне рэкламы суб'ектам, які не ўваходзіць у названы рэестр, будзе з'яўляцца незаконным, а аказанне такіх паслуг будзе забаронена.
Без уключэння ў рэестр можна будзе аказваць толькі тыя паслугі па размяшчэнні рэкламы, якія пералічаны ў дадатку да ўказа № 426. У іх лік уваходзяць паслугі па размяшчэнні (распаўсюджванні):
— вонкавай рэкламы;
— рэкламы на транспартных сродках і ўнутры іх салонаў;
— рэкламы па тэлефоннай, факсімільнай, сотавай рухомай электрасувязі, электроннай пошце;
— рэкламы ў будынках (памяшканнях, збудаваннях), а таксама ў месцах правядзення культурных, адукацыйных, спартыўных, спартыўна-масавых, турыстычных мерапрыемстваў, спаборніцтваў, конкурсаў, выстаў, семінараў, канферэнцый і іншых падобных мерапрыемстваў;
— рэкламы на папяровым носьбіце, які не адносіцца да друкаванага сродку масавай інфармацыі;
— рэкламы ў глабальнай кампутарнай сетцы Інтэрнэт (у тым ліку з выкарыстаннем рэкламных сэрвісаў), не звязанай з размяшчэннем у сеткавым выданні;
— іншай рэкламы, вызначаныя Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.
На МАРГ распаўсюджваюцца абавязкі па ўключэнні ў рэестр звестак пра рэкламараспаўсюджвальніка, а таксама па выключэнні яго з рэестра. Пры гэтым рашэнне аб выключэнні прымаецца ў наступных выпадках: 
— пры выяўленні парушэння распаўсюджвальнікам рэкламы заканадаўства аб рэкламе, аб сродках масавай інфармацыі і пры невыкананні патрабавання аб ліквідацыі выяўленага парушэння;
— пры паступленні ад распаўсюджвальніка рэкламы апавяшчэння аб выключэнні з рэестра;
— пры іншых выпадках, устаноўленых Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Калі выключэнне з рэестра адбылося  ў сувязі з выяўленнем парушэння заканадаўства аб рэкламе, заява на паўторнае ўключэнне ў рэестр ў МАРГ будзе прымацца не раней чым праз 6 месяцаў пасля прыняцця рашэння аб выключэнні.
На думку юрысткі Юліі Міхайлічэнка, ва ўказе № 425 ёсць таксама і пункт 3, прызначаны «для службовага карыстання» і таму неапублікаваны, пра змест якога можна толькі здагадвацца.
Фактычна, пішы юрыстка, гэтым указам дзяржава легалізавала дадатковы рычаг ціску на сродкі масавай інфармацыі (як «папяровыя», так і сеткавыя), якія шмат у чым утрымліваюцца менавіта за кошт паступленняў ад аказання імі рэкламных паслуг. У любы момант МАРГ зможа выключыць СМІ з рэестра рэкламараспаўсюджвальнікаў, угледзеўшы нібыта «парушэнне заканадаўства аб рэкламе», і тым самым паралізаваць яго дзейнасць (бо работнікам трэба плаціць зарплаты, а без паступленняў ад рэкламы плаціць акажацца няма чым).
Акрамя таго, пакуль не ясна, ці будзе прынцып ўключэння ў рэестр заяўным, ці ж МАРГ на якіх-небудзь падставах зможа адмовіць суб'екту ва ўключэнні ў рэестр. Быць можа, менавіта пра гэта маўчыць пункт 3, які прызначаны «для службовага карыстання»?