«З пазнакай аб дэпартацыі». Арганізатарка жаночых акцый, якая жыла ў Маскве, з'ехала з Расіі
Марына Ментусова была адной з арганізатарак жаночых акцый у белым. Месяц таму разам з маленькай дачкой яна тэрмінова пакінула Маскву. «Хацела б напісаць, што наша эміграцыя інтэлектуальная, але, на жаль, палітычная». Дзяўчына распавяла «Нашай Ніве», што адбылося.
Марына — выпускніца БДУКІ. Апошнія некалькі год яна жыла ў
Маскве (дзяўчына замужам з расійскім рэжысёрам і членам праўлення Фонда
дапамогі хоспісам «Вера» Аляксандрам Сёміным). Але ў жніўні 2020-га не змагла
заставацца проста назіральнікам. Пакінула шасцімесячную дачку дома і прыехала ў
Мінск.
«Пасля таго як мы арганізавалі з дзяўчатамі першыя жаночыя
акцыі ў белым, я стварыла тэлеграм-канал, у якім мы гэтыя акцыі асвятлялі.
Кажуць, прэтэнзіі могуць быць праз яго», — расказвае Марына.
Праз некалькі тыдняў пасля тых ланцугоў салідарнасці ёй
паступілі першыя пагрозы з-за артыкула Мукавозчыка, і яна з’ехала да дачкі і
мужа ў Маскву.
За год з Марынай двойчы праводзілі тлумачальныя гутаркі
пасля акцый каля беларускай амбасады — адну ў мікрааўтобусе, другую проста ў
горадзе. Пяпярэдзілі, што трэці раз цырымоніцца не будуць. Дзеля сям’і дзяўчына
замоўкла.
Але на гэтым гісторыя не скончылася. Напачатку жніўня
прыйшла павестка на яе імя — на адрас былога мужа ў Мінскай вобласці. З’явіцца
на допыт Марына павінна была на наступны дзень. Па якой справе, ніхто так і не
патлумачыў. Прыехаць на той допыт з Масквы дзяўчына не магла.
Яна хвалявалася, што за няяўку яе могуць адразу прыцягнуць
да адказнасці, узяла кансультацыі ў некалькіх юрыстаў. Парада ад усіх была адна
— тэрмінова з’язджаць з Расіі, бо апошнім часам колькасць дэпартацый з краіны
вырасла. Марына з дачкой з’ехала.
Пасля ўжо стала вядома, што яе канал прызналі экстрэмісцкім,
«Блізкаму сябру ўдалося па сваіх сувязях удакладніць, ці
ёсць я ў спісах. Я там была з пазнакай пра артыкул аб злачынствах супраць асноў
канстытуцыйнага строю і бяспекі дзяржавы, з пазнакай аб дэпартацыі. У Расіі
напярэдадні выбараў зачышчаюць усё, што хоць крыху аддае апазіцыяй, затыкаюць
раты і СМІ, і актывістам, таму мы вырашылі не вяртацца да неякіх глабальных
зменаў», — дзеліцца Марына.
Прызнаецца, што да павесткі не думала, што ёй у Маскве можа
штосьці пагражаць.
«Але мы і не думалі, што яны асмеляцца на план паглыбленай
інтэграцыі, а цяпер гэта здаецца пытаннем часу», — заўважае дзяўчына. Цяпер яна
з дачкой ў Вільні.
У Маскве Марына выкладала ў прыватным універсітэце і
займалася праектам па сэксуальнай адукацыі падлетаў. Для ўніверсітэта яна
працягвае запісваць матэрыялы.
«А вось новы праект па гендарнай роўнасці, якія я планавала
пачаць у верасні, давядзецца прытармазіць. Пакуль трэба ўсё нададзіць тут,
выдыхнуць і думаць, як не ўпасці ў вывучаную бездапаможнаць праз гэту сітуацыю.
Канечне, хочацца працягнуць сваю жаночую павестку, але пакуль загадваць рана».