З моманту знікнення Дзмітрыя Завадскага прайшло 13 гадоў

Тэлеаператар Дзмітрый Завадскі бясследна знік у Беларусі 7 ліпеня 2000 года. Яму было 27 гадоў.



chvilina.jpg

У 1994—1997 гадах Завадскі працаваў у аператарскім пуле Аляксандра Лукашэнкі, затым перайшоў на ОРТ (цяпер Першы канал).
 

Вясной 1997 года Дзмітрый разам з карэспандэнтам ОРТ Паўлам Шараметам быў арыштаваны і абвінавачаны ў незаконным перасячэнні беларуска-літоўскай мяжы падчас здымак рэпартажу, яго ўмоўна асудзілі на паўтары гады пазбаўлення волі. З кастрычніка 1999 года па май 2000-га Завадскі працаваў у Чачні, дзе з Шараметам здымаў фільм «Чачэнскі дзённік».
 

Раніцай 7 ліпеня 2000 года Завадскі выехаў з дому ў нацыянальны аэрапорт Мінск сустракаць Шарамета, які прылятаў з Масквы. З таго часу аператара ніхто не бачыў. Яго аўтамабіль быў знойдзены ў аэрапорце.
 

У 2002 годзе Мінскі абласны суд прызнаў вінаватай у выкраданні Завадскага групу былога байца спецпадраздзялення МУС «Алмаз» Валерыя Ігнатовіча, які сустракаў Завадскага ў Чачні. Два ўдзельнікі гэтай групы, у тым ліку сам Ігнатовіч, прыгавораны да пажыццёвага зняволення. У сакавіку 2004 года пракуратура прыпыніла расследаванне справы аб выкраданні Завадскага «ў сувязі з невыяўленнем без вестак зніклай асобы». У 2005 годзе расследаванне было адноўлена, але ў красавіку 2006-га зноў прыпынена.
 

На думку старшыні юрыдычнай камісіі праваабарончага аб'яднання «Беларускі Хельсінкскі камітэт» (БХК) Гары Паганяйлы, следства «вельмі шмат не зрабіла для расследавання справы Завадскага». «Поўнасцю не даказаны сам факт выкрадання, не высветлены яго акалічнасці, хто ў ім удзельнічаў. Хоць абвешчана, што ўдзельнікамі выкрадання з'яўляюцца Малік і Ігнатовіч, але яны дзейнічалі ў складзе групы невядомых асоб. Абодва знаходзяцца ў турме, і незразумела, чаму нельга было працягнуць працу з імі, каб высветліць усе акалічнасці справы», — адзначыў юрыст у інтэрв'ю БелаПАН.
 

Паводле яго ацэнкі, прысуд у дачыненні да выкрадальнікаў Завадскага «гучыць вельмі непераканаўча, пададзена мала доказаў таго, што злачынства сапраўды раскрыта».

«Чым больш праходзіць часу, тым менш шансаў, што злачынствы, звязаныя з гучнымі знікненнямі людзей у Беларусі, будуць раскрыты», — дадаў Паганяйла. Пры гэтым ён мяркуе, што на аператыўным узроўні злачынствы, звязаныя са знікненнем Завадскага, а таксама былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, палітыка Віктара Ганчара і бізнесмена Анатоля Красоўскага (зніклі ў 1999 годзе), раскрыты.
 

Згодна з меркаваннем Паганяйлы, у дачыненні да спраў выкрадзеных варта зрабіць толькі «некаторыя працэсуальныя дзеянні, якія паклалі б у доказную базу сабраныя раней факты», і матэрыялы спраў можна было накіраваць у суд. «Але гэтага так і не адбылося. Нікому нічога не паведамляюць, робяць выгляд, што следства ідзе. Дзяржава дэманструе нежаданне працаваць па гэтых справах — гэта не проста бязволле і безыніцыятыўнасць, гэта адсутнасць усякага жадання весці следства і збіраць доказы», — падкрэсліў праваабаронца.
 

Як лічыць прадстаўнік БХК, «бяздзейнасць улад самым красамоўным чынам сведчыць пра іх дачыненне да злачынстваў».
 

Варта адзначыць, што ў пачатку 2000-х гадоў былі апублікаваны дакументы, з якіх вынікала, што з апазіцыйнымі палітыкамі і грамадскімі актывістамі расправіўся спецыяльна створаны для гэтага «эскадрон смерці». Сярод тых, хто мае дачыненне да выкраданняў, згадваўся былы кіраўнік МУС Юрый Сівакоў. З гэтай прычыны яму, як і шэрагу іншых беларускіх чыноўнікаў, быў забаронены ўезд на тэрыторыю Еўрасаюза.

БелаПАН