Дзмітрыя Завадскага ўзгадалі ў Лондане
У 13-я ўгодкі знікнення беларускага журналіста калегі ўшанавалі яго памяць у «журналісцкай» царкве St. Bridgete’s, што знаходзіцца на знакамітай лонданскай Fleet Street. Партрэты Дзмітрыя Завадскага з’явіліся ў частцы гэтай царквы, што з’яўляецца мемарыялам журналістам, якія загінулі ці зніклі без вестак.
Царква Святой Брыджэт — St. Bridgete’s church — вядомая як «журналісцкая царква», таму што знаходзіцца на лонданскай Фліт-стрыт (Fleet street), якая лічыцца «калыскай» брытанскай журналістыкі. Менавіта тут з XVI стагоддзя пачалі месціцца спачатку друкарні, а потым і рэдакцыі газет. Таму і царква, што знаходзіцца тут, атрымала статус «духоўнага дому брытанскіх медыяў», дзе ўшаноўваецца памяць рэпарцёраў.
13 гадоў таму, 7 ліпеня 2000 г., тэлеаператар Грамадскага расійскага тэлебачання (ОРТ), сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў знік, калі паехаў сустракаць свайго калегу Паўла Шарамета ў аэрапорт «Мінск-2». У 2002 годзе чацвёра асобаў былі асуджаныя за выкраданне Дзмітрыя Завадскага, у тым ліку двое — да пажыццёвага зняволення, хаця ніводзін з іх не прызнаў сваёй віны. Паводле следства, матывам для выкрадання журналіста была помста былога супрацоўніка спецпадраздзялення «Алмаз» Валерыя Ігнатовіча нібыта за тое, што Завадскі выкрыў ягоны ўдзел у Чачэнскай вайне на баку чачэнцаў. У лістападзе 2003 г. суд Фрунзенскага раёна Мінска прыняў рашэнне аб прызнанні зніклага журналіста памерлым. Аднак ні суд, ні следчыя органы так і не далі адказу пра лёс Дзмітрыя Завадскага, а таксама пра сапраўдных замоўцаў ягонага знікнення.