БАЖ прапануе зладзіць у нядзелю хвіліну маўчання ў інтэрнэце
7 ліпеня а 12-й гадзіне. Гэта будуць 13-я ўгодкі знікнення тэлеаператара, сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Дзмітрыя Завадскага.
Нагадаем, Дзмітрый Завадскі знік пры нявысветленых абставінах па дарозе ў аэрапорт «Мінск-2» 7 ліпеня 2000 года. Яму было 27 гадоў.
У 1994–1997 гадах Завадскі працаваў аператарам у пуле Аляксандра Лукашэнкі. Са студзеня 1997-га ён перайшоў на Грамадскае расійскае тэлебачанне.
Па факце знікнення Дзмітрыя была распачатая крымінальная справа па артыкуле «забойства», аднак потым абвінавачанне было перакваліфікавана на «выкраданне і незаконнае пазбаўленне чалавека волі». У сакавіку 2002 года Мінскі абласны суд прызнаў вінаватымі ў выкраданні Завадскага афіцэраў спецпадраздзялення МУС «Алмаз» Валерыя Ігнатовіча і Максіма Маліка (асуджаныя на пажыццёвае зняволенне), былога курсанта Акадэміі МУС Аляксея Гуза (асуджаны на 25 гадоў пазбаўлення волі), а таксама грамадзяніна Сяргея Савушкіна (ён ужо выйшаў на волю).
Паводле абвінавачання, матывам злачынства сталася помста: маўляў, Дзмітрый Завадскі публічна абвінаваціў Ігнатовіча ва ўдзеле ў вайне на баку чачэнскіх партызанаў. Аднак ніхто з асуджаных не прызнаў сваёй віны ні па адным з эпізодаў.
У лістападзе 2003 года суд Фрунзенскага раёна Мінска прызнаў зніклага журналіста памерлым. Між тым, цела Дзмітрыя Завадскага дагэтуль не знойдзена.