За партрэт Завадскага далі штраф 2,5 мільёны

Суддзя Савецкага райсуда Таццяна Палулех прызнала актывіста Паўла Пракаповіча вінаватым у правядзенні несанкцыянаванага вулічнага пікетавання (арт. 23.34 КаАП) і прысудзіла яму штраф памерам у 25 базавых велічыняў.



prakapovic.jpg

Павел Пракаповіч у судзе. Фота Барыса Гарэцкага, baj.by

7 ліпеня, на 13-ю гадавіну знікнення журналіста Дзмітрыя Завадскага, у Мінску быў затрыманы сябар аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Пракаповіч.

Увечары актывіст размясціў на сталічнай плошчы імя Якуба Коласа партрэт Дзмітрыя Завадскага, пасля чаго быў затрыманы. Пра інцыдэнт Павел Пракаповіч здолеў паведаміць толькі раніцай 8 ліпеня. Ноч ён правёў у ізалятары на Акрэсціна.

8 ліпеня распачаўся адміністратыўны працэс. Пракаповіч прызнаў, што праводзіў акцыю, але падкрэсліваў, што не парушаў грамадскага парадку, а проста адзін выказваў уласнае меркаванне, трымаючы партрэт зніклага журналіста.

baj.by