За месяц вайны ва Украіне зафіксавалі 120 экалагічных злачынстваў

Вайна ва Украіне наносіць шкоду навакольнаму асяроддзю, а наступствы адчуюць многія дзяржавы. Так, напрыклад, суседнія краіны ўжо вясной могуць сутыкнуцца з павышаным узроўнем радыяцыі, а краіны Афрыкі застацца без харчавання на гады наперад.

_krajavid___zbozza___neba___leta___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__8__logo.jpg

Пра экалагічныя пагрозы газета «Беларусы і рынак» паразмаўляла з беларускім і ўкраінскім экспертамі – кіраўніком аддзела клімату і транспарту ГА «Цэнтр экалагічных ініцыятыў “Екодія”» (Украіна) Яўгеніяй Засядзька і аўтарам і выпускаючым рэдактарам «Зялёнага партала» Аляксеем Аўчыннікавым. Абодва эксперты адразу адзначылі, што збіраць інфармацыю аб уплыве вайны на навакольнае асяроддзе вельмі цяжка, таму што ў актывістаў і вучоных проста няма доступу да большасці тэрыторый, на якіх вядуцца баявыя дзеянні. Тым не менш ужо цяпер можна пазначыць самыя праблемныя напрамкі.

У нямірны час мірны атам таксама нямірны


Нагадаем, падчас баёў некалькі снарадаў патрапілі ў карпусы Запарожскай АЭС, адбыўся пажар, але выкіду радыяцыі, на шчасце, не адбылося.
Што да Чарнобыльскай АЭС, то цяпер расійскія вайскоўцы пакінулі яе.
— Атамныя электрастанцыі нават у мірны час небяспечныя аб'екты, а ва ўмовах вайны тым больш. Патрапленне снарада ў АЭС можа скончыцца яшчэ адным Чарнобылем. Цяпер ва Украіне чатыры атамныя станцыі, і, пакуль не скончыцца вайна, усе АЭС уяўляюць вялікую экалагічную пагрозу не толькі для Украіны, але і для ўсяго свету, — сказала Яўгенія Засядзька.
— На тэрыторыі Чарнобыльскай АЭС знаходзяцца кантэйнеры з адпрацаваным палівам. За час баявых дзеянняў у раёне ЧАЭС двойчы былі пашкоджаны лініі электраперадачы, якія сілкуюць станцыю. Абясточванне сховішчаў ядзерных адходаў магло прывесці да радыеактыўных выкідаў. На шчасце, гэтага ўдалося пазбегнуць. Павышаны ўзровень радыяцыі быў зарэгістраваны толькі 24 і 25 лютага, калі расійская ваенная тэхніка прайшла праз зону адчужэння і падняла ў паветра радыеактыўны пыл, — распавёў Аляксей Аўчыннікаў.
Ён папярэдзіў, што Чарнобыль яшчэ можа паведаміць пра сябе.
— Надыходзіць пажаранебяспечны перыяд. Нават у мірны час лакалізоўваць і спыняць пажары ў Чарнобыльскай зоне было цяжка. Цяпер ва ўкраінскага боку проста можа не быць магчымасці тушыць пажары. У гэтым выпадку радыеактыўныя рэчывы апынуцца на тэрыторыі і Украіны, і Расіі, і Беларусі — у залежнасці ад таго, куды будзе дзьмуць вецер. Нездарма ж лясы вакол зоны адчужэння яшчэ называюць натуральным саркафагам. Выгаранне нават часткі гэтых лясоў адаб'ецца на ўсёй Усходняй Еўропе.
Эксперты расказалі яшчэ аб адным аб'екце, пашкоджанне якога можа прывесці да маштабнай экалагічнай катастрофы. Гаворка ідзе аб доследнай ядзернай устаноўцы «Крыніца нейтронаў» у фізіка-тэхнічным інстытуце ў Харкаве. Па даных украінскіх СМІ, інстытут патрапіў пад абстрэл.

Аварыі на прамысловых аб'ектах


— Згодна з дзяржрэестрам, ва Украіне 23 тысячы патэнцыйна небяспечных аб'ектаў. Большасць з іх размешчаны ў прамысловых гарадах на ўсходзе краіны — там, дзе цяпер вядуцца баявыя дзеянні. Абстрэлы аб'ектаў прамысловасці і інфраструктуры прыводзяць да ўцечкі небяспечных рэчываў і пажараў. За месяц вайны мы зафіксавалі 120 экалагічных злачынстваў, але вайна працягваецца, — сказала прадстаўнік ГА «Цэнтр экалагічных ініцыятыў "Екодія"».
Эксперт прывяла прыклады інцыдэнтаў. Так, у выніку авіяўдараў ва Украіне пацярпела дванаццаць нафтабаз. На заводзе хімічнай прамысловасці «Сумыхімпрам» адбылася ўцечка аміяку. Пяць снарадаў «Град» трапілі на тэрыторыю Аўдзееўскага каксахімічнага завода, у выніку чаго адбыўся пажар. З-за інтэнсіўных баявых дзеянняў у Луганскай вобласці перастала функцыянаваць Луганская ТЭС, у выніку тры шахты аказаліся затопленымі.
— Пашкоджаны нафтабазы, ачышчальныя збудаванні, газаправоды, прамысловыя прадпрыемствы, лініі электраперадачы, — пералічвае Яўгена Засядзька.
— Усё гэта прыводзіць да таго, што забруджвальныя рэчывы трапляюць у грунт ці спачатку ў паветра, а потым у грунт і грунтавыя воды. Па даных украінскай прыродаахоўнай групы, зараз каля траціны палёў Украіны знаходзіцца альбо на тэрыторыі баявых дзеянняў, альбо ўжо забруджаны. Вядома ж, гэта ўплывае на прадуктовую бяспеку не толькі Украіны, але і Беларусі, і ўсяго свету, — сказаў Аляксей Аўчыннікаў.

Разбурэнне экасістэм


 Ёсць яшчэ адзін нюанс, на які рэдка калі звяртаюць увагу: праз Украіну праходзіць міграцыя птушак з паўднёвых краін у Беларусь, Прыбалтыку і Скандынавію. Ваенныя дзеянні адпужваюць птушак, яны губляюць арыентацыю і не вяртаюцца на месцы гнездавання, могуць зусім адмовіцца ад міграцыі. Між тым птушкі — гэта важная частка экасістэмы. З імі звязана колькасць насякомых, утрыманне багавіння ў вадаёмах і многія іншыя фактары, гэта значыць, калі нават частка птушак не вернецца на радзіму, гэта будзе мець экасістэмныя наступствы, — сказаў Аляксей Аўчыннікаў.
Ён таксама нагадаў, што вайна на ўсходзе Украіны разбурае экасістэмы прыродаахоўных тэрыторый. Па інфармацыі Міністэрства абароны навакольнага асяроддзя і прыродных рэсурсаў Украіны, баявыя дзеянні ідуць на траціны плошчы прыродна-запаведнага фонду Украіны.
Яўгенія Засядзька звярнула ўвагу на тое, што пакутуе і экалогія Чорнага мора:
За месяц вайны было абстраляна сем марскіх суднаў, у тым ліку танкер. Нафта забівае ўсё жывое на той тэрыторыі, дзе разліваецца.

Вайна працягнецца і пасля вайны


— Наступствы такіх маштабных войнаў доўгатэрміновыя, — кажа Аляксей Аўчыннікаў. — Падчас баявых дзеянняў мінуюцца тэрыторыі, назапашваюцца боепрыпасы, якія не разарваліся. Гэта можа прывесці да вялікай колькасці ахвяр пасля заканчэння вайны. Людзі і жывёлы не ведаюць, дзе пачынаюцца і дзе заканчваюцца замінаваныя тэрыторыі, дзе ляжаць снарады, якія не разарваліся. Размінаванне і ўхіленне экалагічных наступстваў зойме шмат часу.
Шмат часу, паводле яго слоў, спатрэбіцца і на тое, каб прааналізаваць усе наступствы вайны і, галоўнае, каб устараніць іх. Асноўная пазіцыя эколагаў у тым, што прырода і навакольнае асяроддзе з часам адновяцца. Але вайна можа нанесці такі моцны ўдар па грамадстве Украіны і сусветнай супольнасці, што людзям давядзецца мяняць уклад жыцця.