«За намі сачылі з лесу, а ў СІЗА прыехалі з аддзела кадраў, каб звольніць»

Больш за паўсотню сябраў стачкама «Беларуськалію» 13 лістапада накіраваліся ў турыстычную паездку ў Івацэвіцкі раён. У выніку ўсіх іх затрымалі, кагосьці асудзілі на суткі, а камусьці далі штрафы. Вось што распавялі Нашай Ніве.

staczkzm_a1mwx.jpg

 
Ігар Гарбацэвіч працаваў майстрам горным на чацвёртым рудніку «Беларуськалію», часам выконваў абавязкі намесніка начальніка ўчастка. Яму прапаноўвалі павышэнне, але 26 кастрычніка Ігар сышоў у забастоўку. Ён быў адным з тых, хто на турыстычным аўтобусе накіраваўся на радзіму Тадэвуша Касцюшкі.
«Спачатку ў Мілавідах сфоткаліся з помнікам паўстанцаў Каліноўскага, а потым вырашылі ўшанаваць хвілінай маўчання памяць Рамана Бандарэнкі, сталі ўздоўж дарогі і сфатаграфаваліся, — расказвае Ігар. — Пасля гэтага накіраваліся ў Косава. Там была замоўлена экскурсія, адна частка пайшла аглядаць палац, а другая — дом Тадэвуша Касцюшкі. Потым памяняліся.
    Калі мая група выходзіла з палацу, то пад’ехаў міліцэйскі УАЗік. Потым прыехалі яшчэ ДАІшнікі і адна цывільная машына, як я зразумеў, з начальнікам Івацэвіцкай міліцыі. Агулам міліцыянераў было чалавек сем, а таксама некалькі ДАІшнікаў, амапаўцаў не было. У нас пыталіся, што мы тут робім, патлумачыць усё прапанавалі ў пастарунку. Калі нас затрымлівалі, то ніякай сімволікі не было і блізка.
Прывезлі ў міліцыю, дзе праводзілі апытанні, змясцілі ў актавы зал. Казалі, што маюць нейкія фота і відэаздымкі. Там нас і вырашылі затрымаць. Было вырашана, што размесцяць у ІЧУ ў гэтым самым будынку. Нас прывялі ў камеру на трох чалавек, дзе ўжо было чацвёра плюс васьмёра нас, агулам дванаццаць чалавек. Там не тое, што сядзець не было дзе, але нават стаяць. Неяк правялі ноч.
    Ранкам прыехалі аўтазакі, каб завезці нас у Баранавічы. Вельмі доўга ўсіх афармлялі, апісвалі рэчы. Тыя, хто першымі зайшоў у аўтазакі, прачакалі там каля трох гадзін, пакуль зайшлі апошнія. Лаўкі там ледзяныя былі, вельмі холадна. Каля сямі гадзін у нас не было магчымасці схадзіць у прыбіральню, нідзе не пускалі. Для людзей, як я, якія ўпершыню сутыкаюцца з затрыманнямі, гэта быў сапраўдны шок. Жанчын пасадзілі ў мікрааўтобус, а не ў аўтазакі.
У Баранавічах умовы спартанскія. Нас спачатку, больш за трыццаць чалавек, змясцілі ў камеру на 14 ложкаў, але матрацы былі толькі ў дзевяці, астатнія — кладзіся на металічныя палоскі. Потым раздзялілі нас на дзве камеры, але месца ўсім не хапала ўсё адно. У каго з курткі не даставаліся шнуркі, тыя ўвогуле без куртак былі, а пад ранак станавілася вельмі холадна. Не аддавалі ежу, калі нават была з сабой, кніжкі, хоць усё гэта можна.
    Потым мы зразумелі, што за намі сачылі з Салігорску. Прыехалі адтуль следчыя, якія дэманстравалі фотаграфіі і відэа. Яны здымалі нас з лесу, а мы нават не здагадваліся пра гэта. У СІЗА з Салігорска таксама прыехалі тры жанчыны з аддзелу кадраў «Беларуськалію», якія спрабавалі азнаёміць, у тым ліку і мяне, з загадам аб звальненні. Мы адмаўляліся гэта зрабіць у Салігорску, то яны прыехалі проста ў СІЗА. Наколькі я ведаю, то 7-10 чалавек вадзілі на такія размовы.
Сядзяць гэтыя жанчыны, а міліцыянер здымае ўсё на камеру. Я адмовіўся знаёміцца з загадам на звальненне, але гэта зафіксавалі пры двух сведках. Таму, хутчэй за ўсё, мяне ўжо звольнілі.
    Сам суд доўжыўся можа хвілін пятнаццаць. І тое толькі таму, што я папрасіў паказаць відэаздымку, каб суддзя паказаў мяне, ён доўга не мог гэтага зрабіць. Ніякіх паказанняў сведкаў не было. Адзін суддзя даваў усім суткі, іншы — штрафы. Я трапіў да другога, вынік — 10 базавых велічынь».
Агулам на суткі было асуджана 19 сяброў стачкама «Беларуськалію», суддзя даваў розныя тэрміны — ад 5 да 15 сутак. Пакаранне яны будуць адбываць у Баранавічах. Астатнія атрымалі штрафы.