За пасадку Ryanair чатырох беларускіх чыноўнікаў у ЗША абвінавацілі ў авіяцыйным пірацтве

Абвінавачанне супраць чатырох грамадзянаў Беларусі, якім пагражае ад 20 гадоў пазбаўлення волі да пажыццёвага зняволення, пададзена ў Федэральны акруговы суд Нью-Ёрку 20 студзеня.

c1_4207159.jpg

Як паведамляе Свабода, у ЗША выставілі завочныя абвінавачанні кіраўніку «Белаэранавігацыі» Леаніду Чуро, ягонаму намесніку Алегу Казючыцу і двум супрацоўнікам КДБ у змове з мэтай здзяйснення авіяцыйнага пірацтва — вынік леташняга інцыдэнту з пасадкай пасажырскага самалёта RyanAir у Мінску. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні Міністэрства юстыцыі ЗША.

Абвінаваўчае заключэнне супраць чатырох грамадзянаў Беларусі, якім пагражае ад 20 гадоў пазбаўлення волі да пажыццёвага зняволення, пададзена ў Федэральны акруговы суд Паўднёвай акругі Нью-Ёрку 20 студзеня.

Мінюст ЗША прыйшоў да высновы, што беларускія чыноўнікі выкарысталі фальшывае паведамленне пра бомбу на борце для таго, каб змусіць прызямліцца ў Мінску самалёт, на якім сярод іншых пасажыраў знаходзіліся чацвёра грамадзянаў ЗША. Паводле абвінаваўцаў, гэта было неабходна для арышту апазіцыйнага блогера Рамана Пратасевіча, былога галоўнага рэдактара тэлеграм-канала N*xta.

«З моманту з’яўлення лятальных апаратаў краіны ўсяго свету супрацоўнічаюць для забеспячэнні бяспекі пасажырскіх самалётаў. Абвінавачаныя парушылі гэтыя стандарты, перанакіраваўшы самалёт для дасягнення неправамернай мэты падаўлення іншадумства і свабоды слова, — пракаментаваў пракурор Злучаных Штатаў у Паўднёвай акрузе Нью-Ёрку Дамьен Уільямс. — Дзякуючы надзвычайнай працы сумеснай групы следчых ФБР па барацьбе з тэрарызмам і контравыведкі, сённяшняе абвінаваўчае заключэнне дае хуткае і публічнае тлумачэнне таго, што насамрэч адбылося з рэйсам. Мы імкнемся прыцягнуць да адказнасці гэтых галоўных удзельнікаў шакавальнай змовы з мэтай здзяйснення пірацтва на паветраным судне, якая не толькі парушыла міжнародныя нормы і крымінальнае заканадаўства ЗША, але і паставіла пад патэнцыйную пагрозу жыцці чатырох грамадзян ЗША і дзясяткаў іншых нявінных пасажыраў, якія знаходзіліся на борце».

Паводле кіраўніка нью-ёрскага офісу ФБР Майкла Дрыскала, «абвінавачаныя ажыццявілі старанна распрацаваную схему інсцэніроўкі пагрозы выбуху, якая прымусіла самалёт здзейсніць экстраную пасадку ў іх краіне, каб яны маглі арыштаваць журналіста-дысідэнта».

«Падчас нашага расследавання ФБР выявіла дэталёвую аперацыю, у выніку якой пасажыры з многіх краін, уключна з ЗША, зазналі рэальную тэрарыстычную пагрозу. Тое, што адбылося, ёсць не толькі безразважным парушэннем амерыканскага заканадаўства, але і вельмі небяспечна для бяспекі ўсіх, хто карыстаецца авіяпералётамі», — сказаў Дрыскал.

У тлумачэнні Мінюстыцыі ЗША адзначаецца, што беларускія дзяржаўныя органы «сфабрыкавалі пагрозу для ажыццяўлення кантролю над рэйсам і прымусу яго адхіліцца ад курсу да першапачатковага пункта прызначэння — Вільні, і замест гэтага прызямліцца ў Мінску». Паводле дакумента, мэтай змовы быў арышт апазіцыйнага блогера і актывіста Рамана Пратасевіча і ягонай дзяўчыны Соф’і Сапегі.

«Змова беларускага ўрада з мэтай перанакіравання рэйса была ажыццёўлена, у прыватнасці, супрацоўнікамі беларускіх дзяржаўных службаў бяспекі, якія працавалі ў каардынацыі з высокапастаўленымі чыноўнікамі беларускага дзяржаўнага ўпраўлення аэранавігацыі», — гаворыцца ў заяве Міністэрства юстыцыі ЗША.

Паводле абвінавачання, кіраўнік «Белаэранавігацыі» Леанід Чуро «асабіста перадаў ілжывую пагрозу выбуху супрацоўнікам мінскага цэнтру кіравання паветраным рухам яшчэ да таго, як рэйс вылецеў з Афінаў, і даў указанне мінскаму цэнтру кіравання паветраным рухам скіраваць рэйс у Мінск у адказ на ўяўную пагрозу».

Ягоны намеснік Алег Казючыц адказваў за «фальсіфікацыю справаздачы аб інцыдэнтах, звязаных з перанакіраваннем рэйса, каб схаваць фабрыкацыю пагрозы выбуху».

У абвінавачанні фігуруюць і два супрацоўнікі КДБ Беларусі — Андрэй Анатольевіч (без прозвішча) і яго безыменны калега. Апошні ўдзельнічаў разам з Чуро ў перадачы ілжывай пагрозы выбуху на мінскую вежу кіравання паветраным рухам, асабіста кіраваў радыёперамовамі з мінскай вежы, каб прымусіць рэйс скіравацца ў Мінск, і перадаваў бягучую інфармацыю аб адхіленні рэйса і ходзе змовы Андрэю Анатольевічу.

Летась у жніўні прозвішча Леаніда Чуро ўжо фігуравала ў спісе амерыканскіх санкцый, уведзеных супраць афіцыйнага Мінску.