Новая Канстытуцыя як бессэнсоўнасць

Адна з самых дэмаралізуючых думак чалавека — думка пра тое «Каму трэба гэта ўсё, што я раблю?» Ад яе недалёка да наступнай думкі: «Пайшло яно ўсё далёка і надоўга». Такія думкі часцяком вядуць да дэпрэсіі, калі не да чагосьці горшага.

Па ідэі, менавіта такія настроі павінны панаваць цяпер у галовах лукашэнкаўскай «вертыкалі» і распрацоўшчыкаў новай Канстытуцыі. Як жа: амаль год пакутавалі, стараліся, выціскалі з сябе па кроплі фармулёўкі, спрабуючы ўлічыць усе пажаданні заказчыка і нават прадбачыць яго жаданні — і на табе. Аказваецца, новая Канстытуцыя не цікавая нават таму самаму заказчыку.

Пра гэта заявіў Лукашэнка на «апошняй кітайскай» нарадзе па праекце Канстытуцыі. «Два варыянты: ці народ прымае змены да гэтай Канстытуцыі і ў нас з'яўляецца абноўленая Канстытуцыя, ці ён адхіляе гэтыя прапановы, і ў нас застаецца старая Канстытуцыя... Калі ўжо адкрыта, то мне гэты працэс абсалютна не патрэбны. У мяне, як вы бачыце, ёсць маса пытанняў, ёсць чым займацца. Прабачце за нясціпласць, часам іх настолькі шмат, што нават пасядзець недзе дома, перахварэць і так далей няма магчымасці», — сказаў Лукашэнка.

Ну і варта было спрабаваць скокнуць вышэй галавы, столькі працаваць, каб тваю працу вось так раз — і абясцэнілі?

Але найбольш распрацоўшчыкаў Канстытуцыі павінны закрануць іншыя словы гаранта. «Памятаеце, мы казалі, што мы ні ў якім выпадку, робячы канстытуцыйным УНС, не павінны дапусціць двоеўладдзя. Што прэзідэнцкая рэспубліка, прэзідэнт — галоўнакамандуючы, ніякія сілавыя структуры нікому не павінны быць падпарадкаваныя, акрамя галоўнакамандуючага. Памятаеце, мы пра гэта казалі. Мы не дапусцілі тут перакосаў?» — спытаў Лукашэнка.

З гэтага вынікае, што сам Лукашэнка не ведае, ёсць там перакосы, або няма. Гэта значыць, праект Канстытуцыі, створаны па яго замове, ён папросту не чытаў. Ну, можа, прабегся вачыма, але... Калі ён не ведае такіх фундаментальных рэчаў, калі ён пра гэта запытваецца проста на нарадзе… Якая каштоўнасць працы аўтараў новага Асноўнага закона?

Тут, канешне, можна ў чарговы раз заявіць: «А мы папярэджвалі!» Сто разоў было сказана пра тое, што сіла законаў, у тым ліку і Асноўнага закона — не ў іх наяўнасці, а ў тым, як яны выконваюцца. Выкажу асабістае меркаванне — у Беларусі, у асноўным, добрыя законы. Многія з іх распрацоўваліся з улікам сусветнага вопыту, многія — досыць прагрэсіўныя. Але бяда ў тым, што ў краіне — «часам не да законаў», і такія фундаментальныя паняцці, як справядлівы суд, аб'ектыўнае разбіральніцтва і нават роўнасць грамадзян перад законам проста адсутнічаюць.

Таму ўсё роўна, якая будзе Канстытуцыя — старая або новая. Усё роўна — да таго часу, пакуль яна не будзе працаваць, не будзе выконвацца. Таму мы так няшмат надаем увагі таму, што ў нармальнай краіне было б важным і значным — праекту новай Канстытуцыі і канстытуцыйнай рэформе.

Вось, напрыклад, свежанькі факт. ЗША выказалі заклапочанасць, што расійскія войскі, якія ўжо прыбылі ў Беларусь, могуць быць выкарыстаныя для нападу на Украіну. Афіцыйны прадстаўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства Анатоль Глаз назваў гэтую заклапочанасць «наборам фантазій і страшылак», і адзначыў, што «гэта поўнае глупства. Мы неаднаразова наўпрост казалі, што з нашай тэрыторыі ніколі не будзе зыходзіць пагроза, цяпер гэтая норма ўнесеная ўжо нават у праект Канстытуцыі».

Я не спецыяліст у міжнародным праве, але апеляцыя да нормаў закона, які яшчэ не толькі не прыняты, але які абмяркоўваецца і ў які прама цяпер «на каленцы» ўносяцца змены і дапаўненні — аргумент, па-мойму, такі сабе. Асабліва калі існуюць вялікія сумневы (у тым ліку, як было сказана раней, на самым вышэйшым узроўні), ці будзе ён прыняты наогул.

І адразу ж пытанне: чаму адказны чыноўнік МЗС не апеляваў да дзейснага Асноўнага закону? Верагодна таму, што парадыгма «часам не да законаў» умацавалася ў розумах цяперашніх чыноўнікаў.

Ну і які тады глыбінны сэнс у распрацоўцы новага закона, які працаваць так, як яму належыць, усё роўна не будзе? Хай нават ён і Асноўны…

Вось гэта як раз і ёсць падстава для дэпрэсіі чыноўнікаў — распрацоўшчыкаў новай Канстытуцыі. Навошта і для каго яны стараліся, змарнавалі столькі высілкаў і часу?

Вядома, можна сказаць, што новая Канстытуцыя — дакумент вымушаны, прадугледжаны «сочынскімі дамоўленасцямі» 2020-га паміж Лукашэнкам і Пуціным. Але цяпер складваецца ўражанне, што гэтыя дамоўленасці і Пуціну не вельмі патрэбныя. Пуцін цяпер заклапочаны «гандлем з NATO» з нагоды новай канцэпцыі рэгіянальнай бяспекі. А свежапрызначаны пасол Расіі ў Беларусі, расійскі палітычны цяжкавагавік Барыс Грызлоў назваў галоўным прыярытэтам сваёй дыпламатычнай місіі працяг інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы. Пры гэтым ён, як пішуць СМІ, нават «не стаў ацэньваць канстытуцыйную рэформу, але ўпэўнены, што на рэферэндуме будзе прынятае легітымнае рашэнне, якое варта паважаць».

Наконт легітымнасці, Грызлоў, вядома, пагарачыўся. Але сам факт таго, што для паўнамоцнага прадстаўніка Пуціна беларуская канстытуцыйная рэформа, распачатая, нібыта, па патрабаванні Пуціна — факт малазначны, дадае «+1 да дэпрэсіі» для распрацоўшчыкаў дакумента.

У выніку ўзнікае пытанне: а ці варта ўвогуле праводзіць рэферэндум? Выдзеленыя на яго правядзенне грошы можна выдаткаваць з вялікім розумам і карысцю, тым больш, што яны неўзабаве вельмі спатрэбяцца.

Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі (ICAO) нарэшце выдала справаздачу па справе аб пасадцы самалёта Ryanair у Мінску ў траўні мінулага года. У ёй не робіцца ніякіх высноваў аб вінаватасці або невінаватасці ў гэтым інцыдэнце каго б ні было, аднак падкрэсліваецца, што Беларусь не падала ўсёй запытанай інфармацыі. Акрамя таго, у дакладзе адзначаецца, што некалькі краін пачалі расследаванне інцыдэнту, што можа дапамагчы ўсталяваць любыя« факты, якія адсутнічаюць».

У нашым выпадку, такія дакументы, на жаль і як правіла «выкочваюцца» як абгрунтаванне для новых санкцый у дачыненні да Беларусі. Мы ведаем, што рыхтуецца шосты еўрапейскі пакет. І цалкам магчыма, што «факты, якія адсутнічаюць» падштурхнуць ЕС да прыняцця новага пакета санкцый.

Вось тады нам грошы і спатрэбяцца.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: