Рэйтынг Лукашэнкі застыў на ўзроўні 25-30 працэнтаў. Як гэта тлумачаць сацыёлагі
Пры гэтым антырэйтынг Аляксандра Лукашэнкі складае 46%, сведчаць вынікі сацыялагічнага даследавання «Chatham House».
«Рэйтынг Лукашэнкі складае 25-30% і застаецца на тым жа ўзроўні ўжо паўтара года, — каментуе кіраўнік беларускага праекта «Chatham House» Рыгор Астапеня. — Гэта звязана з тым, што ён мабілізаваў усіх сваіх прыхільнікаў. Група, якая складае прыкладна 30% ад беларускага грамадства, застаецца вернай таму, што яна робіць».
Сацыёлаг прызнае,
што меркаванне, нібыта дзеянні ўлады выклічуць расчараванне сярод прыхільнікаў
Лукашэнкі, магло быць памылковым, адзначае «Наша Ніва».
«Рэпрэсіі і гвалт
не паспрыялі таму, каб прыхільнікаў Лукашэнкі стала менш», — канстатуе Рыгор
Астапеня.
Калі прыхільнікі
ўлады кансалідаваныя вакол фігуры Лукашэнкі, то так званы «дэмакратычны
электарат» падзелены сярод некалькіх палітыкаў.
За Віктара
Бабарыку гатовыя галасаваць 25-30% выбарцаў, у Паўла Латушкі і Святланы
Ціханоўскай на сёння — каля 10-13%.
«Агульны
электарат у дэмакратычных палітыкаў большы, чым у Лукашэнкі», — дапаўняе
сацыёлаг.
Кіраўнік
беларускага праекта «Chatham House» звяртае ўвагу, што 22% апытаных увогуле не
бачаць фігур, якія маглі б прэтэндаваць на тое, каб стаць прэзідэнтам Беларусі:
«Гэта так званыя "нейтралы", нейтральная частка грамадства», — падкрэслівае Рыгор
Астапеня.
Таксама ў беларусаў
спыталі, за каго яны не прагаласуюць на прэзідэнцкіх выбарах ні ў якім разе.
Ні ў якім разе не прагаласавалі б за Лукашэнку 46% апытаных, за Ціханоўскую — 41%, за Бабарыку — 24%. Узначаліў жа антырэйтынг Юрый Васкрасенскі: яго не хочуць бачыць у якасці прэзідэнта 67%.