Рэферэндум па змене Канстытуцыі. Які план дзеянняў штабы прапануюць беларусам

Сёння ў Вільні адбылася прэс-канферэнцыя, на якой лідары дэмакратычных сілаў абмеркавалі будучую стратэгію дзеянняў напярэдадні «рэферэндуму» па змене Канстытуцыі, прызначанага на 27 лютага.

photo_2022_01_21_14_47_59.jpg


У прэс-канферэнцыі бралі ўдзел Святлана Ціханоўская, Павел Латушка (Народнае Антыкрызіснае кіраванне),Вольга Кавалькова (Каардынацыйны савет), Аляксандр Дабравольскі (дарадца Святланы Ціханоўскай), Лена Живоглод (Сумленныя людзі), Павел Лібер (платформа "Голас"), Павел Марыніч (ініцыятыва "Зубр").
"Учора рэжымам быў абвешчаны нелегітымны "рэферэндум". Гэта спроба ўтрымаць уладу, але гэта ніяк не вырашае палітычны, эканамічны і гуманітарны крызіс і праблемы людзей. Гэта не выбар "за" і "супраць", гэта проста прапанова выбраць паміж Лукашэнкам і Лукашэнкам. І гэта не тое, за што беларусы змагаліся і працягваюць змагацца. Беларусы хочуць нармальнага жыцця, бяспекі, свабоды. Беларусы хочуць новыя сумленныя выбары", — сказала Ціханоўская. 


Яна заклікала беларусаў прыняць удзел у "рэферэндуме", але перакрэсліць усе адказы ў бланку, зрабіўшы яго несапраўдным. Фота бланка прапануецца адправіць платформе "Голас".
"Зрабіць бюлетэнь несапраўдным і прагаласаваць у "Голасе" — гэта легальны і даступны кожнаму спосаб выказаць сваё стаўленне да сістэмы. Стабільнасць засталася толькі ў тэлевізары. Таму мы павінны зрабіць усё, каб перашкодзіць Лукашэнку ўтрымаць уладу, бо ён дзейнічае толькі ў сваіх інтарэсах, у не ў інтарэсах беларусаў", — заявіла Ціханоўская.