Парламенцкія выбары пераносяцца?

У Канстытуцыі тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў вызначаны ў пяць гадоў, але ёсць удакладненне, што падоўжаны яны могуць быць толькі «ў выпадку вайны». Вайны, дзякуй Богу, у Беларусі няма. Але і выбараў своечасова не будзе!

il5j1ravdfeprxgk.jpg.webp

Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў павінны былі адбыцца ў 2023 годзе, але яны перанесены на 2024 год. А ў якіх выпадках увогуле могуць не праводзіцца выбары?

Сітуацыя з пераносам выбараў – гэта юрыдычны прэцэдэнт, які, на жаль, цалкам не асэнсаваны ні юрыстамі, ні грамадскасцю.

І дзеючая, і новая Канстытуцыі прадугледжваюць, што «выбары не праводзяцца ў перыяд надзвычайнага або ваеннага становішча» (артыкул 71).

Акрамя таго, у дзеючай Канстытуцыі (артыкул 93) запісана: «Тэрмін паўнамоцтваў Парламента – чатыры гады. Паўнамоцтвы Парламента могуць быць падоўжаны на падставе закона толькі ў выпадку вайны». У новай Канстытуцыі тэрмін паўнамоцтваў вызначаны ў пяць гадоў, але ўдакладненне, што падоўжаны яны могуць быць толькі «ў выпадку вайны», засталося.

Вайны, дзякуй Богу, у Беларусі няма. Выбары Палаты прадстаўнікоў адбыліся ў лістападзе 2019 года. І тым не менш тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў будзе падоўжаны. За гэта нам прапанавана прагаласаваць на рэферэндуме па Канстытуцыі, бо апошняя яе частка «Заключныя і пераходныя палажэнні» якраз і прадугледжвае перанос выбараў на апошнюю нядзелю лютага 2024 года ў абход «вайны».

З мясцовымі Саветамі сітуацыя яшчэ больш дзіўная. У лютым 2018 года мы іх абіралі на чатыры гады. А гэта значыць, што выбары ў мясцовыя Саветы павінны праходзіць ужо зараз. Тым не менш яны таксама перанесены на люты 2024 года.
Вольга Арцыменя, www.nv-online.info