Шрайбман: Санкцыі ў дачыненні да Расіі ўдараць па беларускай эканоміцы

Палітычны аналітык — пра тое, ці будзе вайна Расіі з Украінай, і як яна можа закрануць Беларусь.

sraib4vjpg.jpg

— Насамрэч ніхто, акрамя, мусіць, варажбітак, не ведае адказу на пытанне, ці будзе вайна, — сказаў Арцём Шрайбман у праграме ў нашых калегаў. — Верагоднасць такога зыходу падзей цяпер не нулявая. І не таму, што гэтага нехта хоча.
Мы паняцця не маем, што насамрэч у галаве ва Уладзіміра Пуціна, а ў першую чаргу, таму што ён сваімі ўмовамі загнаў сябе ў такі кут, з якога вельмі складана выйсці. Бо Уладзімір Пуцін запатрабаваў у НАТА, па сутнасці, перагледзець усю сваю канцэпцыю бяспекі ў Еўропе.
Такія ўмовы, відавочна, непрымальныя для ЗША і іншых уплывовых краін альянсу, а значыць, у Пуціна ёсць скрыжаванне: саступаць, змяншаць эскалацыю, што вельмі складана зрабіць без страты твару, альбо працягваць гэтую эскалацыю, што можа выліцца ў поўнамаштабную вайну ў рэгіёне.
Аналітык мяркуе, што, калі вайна здарыцца, незалежна ад таго, якога яна будзе размаху, яна ўсё роўна ўскосна ці наўпрост закране Беларусь, але шмат будзе залежаць ад дзеянняў Лукашэнкі і наколькі ён будзе гатовы далучыцца да Пуціна ў яго ваенных дзеяннях.
— Ці дасць ён Уладзіміру Пуціну тэрыторыю і свае войскі для таго, каб удзельнічаць у гэтай аперацыі. Па міжнародным праве прадастаўленне сваёй тэрыторыі пры агрэсіі іншай дзяржавы — гэта таксама форма агрэсіі, і гэта азначае, што ў такім выпадку супраць Беларусі будуць ужытыя ўсё тыя ж санкцыі, што і супраць Расіі.
Калі ж Лукашэнка будзе наўпрост уцягнуты ў канфлікт і беларускае войска будзе ўдзельнічаць у гэтым разам з расійскім, то тады беларускія ваенныя аб'екты і вайскоўцы стануць легітымнай мэтай для ўдараў у адказ з боку Украіны ці любой іншай краіны, якая будзе на нейкім этапе ўцягнутая ў супрацьстаянне. 
Эксперт нагадаў, што ў дачыненні да Беларусі ўжо дзейнічае шмат міжнародных санкцый. Арцём Шрайбман мяркуе, што Захад пашырыць сферу прымянення гандлёвага эмбарга.
— Відавочна, што пад яго трапіць калій, нафтапрадукты, драўніна і іншыя важныя для Беларусі экспартныя тавары. Акрамя таго, пад санкцыі, відаць, трапіць фінансавы сектар Беларусі.
Справа можа дайсці і да адключэння беларускіх банкаў ад сістэм міжнародных разлікаў. Гэта, у сваю чаргу, непазбежна выкліча паніку на валютным рынку і набег насельніцтва на банкі, каб забраць свае дэпазіты.
Аналітык зазначае, што паколькі размова пойдзе пра санкцыі і супраць Расіі, і супраць Беларусі, міжнародны гандаль нашай краіны можа быць падарваны вельмі сур'ёзна.
— Нават калі самы апакаліптычны сцэнар не рэалізуецца, і беларуская тэрыторыя ўвогуле ніяк не будзе ўдзельнічаць у вайне, санкцыі, якія будуць накладзеныя на Расію, усё роўна ўдараць па нашай эканоміцы.
Заўсёды, калі падае расійскі рубель, услед за ім саслабляецца і беларускі рубель. Тое ж самае адбываецца і з тэмпамі эканамічнага росту, якія ў Беларусі і так не прагназуюцца на вельмі высокім узроўні на наступны год.
«Салідарнасць»