У Нью-Ёрку дэмантавалі статую Тэадора Рузвельта
Статуя прастаяла перад Амерыканскім музеем натуральнай гісторыі больш за 80 гадоў.
Конную статую 26-га прэзідэнта ЗША Тэадора Рузвельта, якая была ўсталяваная ля ўваходу ў Амерыканскі музей натуральнай гісторыі ў Нью-Ёрку, дэмантавалі. Пра гэта паведамляе CNN.
Скульптурная кампазіцыя была ўсталяваная перад музеем у 1940 годзе. Яна адлюстроўвае Рузвельта на кані і прадстаўніка карэннага насельніцтва Амерыкі ды выхадца з Афрыкі, якія ідуць побач з прэзідэнтам. З 1970-х гадоў актывісты неаднаразова крытыкавалі помнік і патрабавалі яго прыбраць.
Канчатковае рашэнне пра дэмантаж было прынята летам 2020 года на фоне пратэстаў пасля смерці афраамерыканца Джорджа Флойда. Прэзідэнт музея Элен Фатэр заявіла, што ў сучасным грамадстве кампазіцыйнае рашэнне помніка часцяком успрымаецца як сімвал расізму і каланіялізму.
Дэмантаж помніка праводзіўся пад кіраўніцтвам спецыялістаў па захаванні гістарычнай спадчыны і быў узгоднены з гарадскімі дэпартаментамі, распавёў прадстаўнік музея. Працы абышліся прыкладна ў два мільёны долараў.
Цяпер помнік адправяць на кансервацыю, а затым — у Прэзідэнцкую бібліятэку Рузвельта, якую плануюць адкрыць у 2026 годзе ў горадзе Медора ў штаце Паўночная Дакота.
Паводле meduza.io