У Белым доме распавялі, што палічаць уварваннем ва Украіну
Любое перасячэнне ваеннымі Расіі мяжы з Украінай Злучаныя Штаты расцэняць як ваеннае ўварванне.
Белы дом будзе лічыць "новым уварваннем" Расіі ва Украіну любое перасячэнне расійскімі войскамі ўкраінскай мяжы. Пра гэта гаворыцца ў заяве прэс-сакратара Белага дома Джэн Псакі, паведамляе korrespondent.net.
"Прэзідэнт Байдэн выразна казаў расійскаму прэзідэнту: калі якія-небудзь вайсковыя сілы РФ перасякуць украінскую мяжу, гэта будзе новым уварваннем, і на гэта будзе дадзены хуткі, жорсткі і супольны адказ з боку Злучаных Штатаў і іх хаўруснікаў", — адзначаецца ў заяве Псакі.
Прэс-сакратар адзначыла, што ў Масквы ёсць "вялікі вопыт стратэгіі агрэсіі, акрамя ваенных дзеянняў". Яна прывяла прыклады — гэта "кібератакі і тактыка выкарыстання нерэгулярных узброеных фарміраванняў".
Па словах Псакі, Байдэн пацвердзіў, што на падобныя дзеянні "будзе дадзены рашучы, люстраны і супольны адказ".
Джо Байдэн раней распавёў, што чакае Расію ў выпадку ўварвання. Партнёры і саюзнікі ЗША "гатовыя нанесці сур'ёзны ўрон расійскай эканоміцы".