ЗША абяцаюць Украіне дадатковую вайсковую дапамогу ў выпадку агрэсіі Расіі

Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што за апошнія некалькі тыдняў адбылося больш як 100 інтэнсіўных міжнародных кансультацый у розных фарматах, каб папярэдзіць агрэсію Расіі супраць Украіны.

Уладзімір Зяленскі (злева) і Энтані Блінкен вітаюцца на сустрэчы ў Кіеве 19 студзеня 2022

Уладзімір Зяленскі (злева) і Энтані Блінкен вітаюцца на сустрэчы ў Кіеве 19 студзеня 2022


«Расія ўжо трывалы час дэстабілізуе Украіну эканамічна і палітычна. І мы будзем працягваць падтрымліваць Украіну», — заявіў Энтані Блінкен 19 студзеня ў Кіеве па выніках сваіх сустрэч з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і міністрам замежных спраў Дзмітром Кулебам.

Паводле яго, ЗША цягам апошняга году прадставілі Украіне найбольшую дапамогу ў сферы бяспекі і абароны, а ў 2022 годзе плануюць дадаткова выдзеліць 300 мільёнаў долараў.

«Калі Расія адновіць сваю агрэсію, у такім выпадку мы дадзім дадатковыя матэрыялы Украіне. Усе гэта ўжо спланавана, і мы будзем спрыяць абароне Украіны», — дадаў Блінкен.

У той жа час ён заклікаў палітычную эліту Украіны не расколваць грамадства, бо гэта, на яго думку, спрацуе на Расію.

«Наколькі нам вядома, адной з даўніх мэтаў Масквы было пасеяць разлад ва Украіне, каб украінцам было цяжэй працаваць над рэалізацыяй сваіх еўрадэмакратычных памкненняў. Украіна павінна пазбягаць любых дзеянняў, якія дапамогуць цынічным намаганням Расіі. Не дазваляйце Маскве падзяліць вас. Гэта азначае, што лідары ўнутры і за межамі ўкраінскага ўраду павінны адкінуць свае рознагалоссі на карысць агульных нацыянальных інтарэсаў і працаваць разам, каб падрыхтавацца да цяжкіх дзён», — дадаў ён.

У сваю чаргу, міністр замежных спраў Украіны Дзмітро Кулеба дадаў, што цяпер усе намаганні накіроўваюцца на дыпламатычнае ўрэгуляванне супярэчнасцяў. Але ён перакананы, што «канфлікт будзе вырашаны толькі тады, калі апошні расійскі жаўнер пакіне асобныя раёны Данецкай і Луганскай абласцей і Аўтаномнай Рэспублікі Крым».

«Я веру ў нашу здольнасць пераадолець і гэты складаны момант у нашай гісторыі. Я абсалютна не маю сумневаў, што так і будзе, і запэўніваю, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, і ўрад Украіны на чале з прэм’ер-міністрам Дзянісам Шмыгалем, і Вярхоўная Рада, — усе працуюць кожны дзень для ўзмацнення Украіны і над тым, каб мы прайшлі гэты перыяд годна і бяспечна. Найбольшым дасягненнем Расіі будзе паніка, знявера ўкраінскага грамадства і разгойдванне нас унутры — нашай эканомікі і фінансавай сістэмы. Таму мы павінны прыкласці ўсе намаганні, каб не дазволіць Расіі дасягнуць гэтай мэты, нават не дастаючы з кішэні зброю», — заявіў Дзмітро Кулеба.

«Усе нашыя намаганні накіраваныя на тое, каб сітуацыя ў краіне заставалася стабільнай, каб фінансавая сістэма захоўвала сваю моц і прадказальнасць, каб украінская эканоміка не пакутавала ад праблем у сферы бяспекі. І гэтай тэме мы сёння шмат аддалі ўвагі», — паведаміў украінскі міністр.

Энтані Блінкен пасля сустрэчы з кіраўніцтвам Украіны 21 студзеня ў Жэневе (Швейцарыя) абмяркуе мірнае ўрэгуляванне сітуацыі з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым і паведаміць Украіне пра вынікі гэтых перамоваў.