Conflict Intelligence Team: Расійская тэхніка стала лагерам каля Рэчыцы

Даследчая група Conflict Intelligence Team заяўляе, што расійскія рэактыўныя сістэмы залпавага агню «Ураган», як мяркуецца, знаходзяцца каля Рэчыцы.

fjzf0puxmaixsff.jpg


Здагадка заснавана на матэрыяле ў блогу Digital Forensic Research Lab пры экспертнай групе Atlantic Council аб прыбыцці расійскіх войскаў у Беларусь, фота аўтара артыкула Майкла Шэлдана ў Твітэры і твіце карыстальніка @danvan71, які геалацыраваў падобны кадр на відэа з TikTok на шашы М10 у раёне прыпыначнага пункта «Іванаўка» ў 7 км ад Рэчыцы, распавядае REFORM.by.

CIT адзначае, што ў гэтым раёне няма палігонаў, на якіх павінны прайсці беларуска-расійскія вучэнні «Саюзная рашучасць», але адсюль каля 40 км да Чарнігаўскай вобласці і каля 90 км да Кіеўскай.

Улічваючы заявы крыніц CNN аб тым, што, згодна з звесткамі выведкі, Расія можа паспрабаваць захапіць Кіеў і звергнуць уладу ва Украіне, прысутнасць расійскай тэхнікі ля ўкраінскай мяжы выклікае асцярогі, піша CIT.

«Справа ў тым, што ўсе асноўныя ўрадавыя будынкі ў Кіеве знаходзяцца на заходнім беразе Дняпра, а магчымы наступ з поўначы дазваляе не пераадольваць гэткую значную водную перашкоду (у адрозненне ад наступу з боку расійска-ўкраінскай мяжы)», — заяўляе каманда CIT.

Следчыя адзначаюць, што колькасць расійскіх войскаў на поўнач ад Кіева дакладна невядомая, бо частка войскаў прайшла да месцаў правядзення вучэнняў.

«На дадзены момант нам здаецца верагодным, што мэта гэтага засяроджвання — прымусіць ўкраінскае камандаванне трымаць частку сіл на заходнім беразе Дняпра для прыкрыцця Кіева, што абмяжуе магчымасці процідзеяння патэнцыйнай расійскай аперацыі на ўсходзе Украіны», — лічаць у CIT.