Сяргей Навумчык: Беларусь упершыню ў гісторыі можа стаць краінай-агрэсарам

Нельга сказаць, каб у апошнія месяцы тэма беззаконня і ўзмацнення рэпрэсій у Беларусі знікла з поля ўвагі міжнароднай супольнасці — аднак яна ўсё далей адыходзіла ў цень на фоне пагрозы вайсковага нападу Расіі на Украіну.

1521803972_d5b69bdc840eaed98910e5ff678d757f.jpg


Здольнасці Лукашэнкі вяртаць сябе ў эпіцэнтр увагі можа пазайздросціць які заўгодна гуру PR-тэхналогій, піша ў сваім блогуСяргей Навумчык.

Лукашэнка абвяшчае пра сумесныя беларуска-расійскія манеўры ўздоўж мяжы з паўднёвай суседкай, і ў Вашынгтоне — не ў форме версій палітычных аглядальнікаў, а на ўзроўні Дзярждэпартамэнту — заяўляюць, што напад на Украіну можа быць здзейснены з поўначы, тэрыторыі Беларусі. І дадаюць, што «праекты канстытуцыйных зменаў могуць сведчыць пра планы Беларусі дазволіць размяшчэнне на сваёй тэрыторыі як звычайных, так і ядзерных сіл Расіі».

Вайсковы альянс Пуціна і Лукашэнкі выгодны абодвум — першы выкарыстоўвае тэрыторыю Беларусі для рэалізацыі сваіх «геапалітычных інтарэсаў», другі — замацоўвае сваю патрэбнасць для гаспадара Крамля.

Тэма падпарадкавання краіны Маскве ў вайсковай сферы для Лукашэнкі хаця і актуальная, але зусім не новая. Вясной 1993 году менавіта дэпутат Лукашэнка ўнёс у парадак дня сесіі Вярхоўнага Савета пытанне аб далучэнні Беларусі да сістэмы Калектыўнай бяспекі СНД (больш вядомай як АДКБ). Тады дырэктар саўгасу «Гарадзец» Шклоўскага раёну выявіў незвычайную для аграрыя кампетэнцыю ў абароннай сферы, а апазіцыя БНФ ацаніла ўступленне ў АДКБ як уцягванне Беларусі ў арбіту вайсковых інтарэсаў расійскага Генштабу.

Цяпер заходнія палітыкі ламаюць галовы: а ці хаця б сам кіраўнік Беларусі ў курсе таго, што плануе расійскае ваеннае ведамства на тэрыторыі краіны?

Прагнозы адносна развіцця сітуацыі ў выніку вайсковых манеўраў ля граніцы з Украінай рабіць яшчэ цяжэй, але адно можна сказаць пэўна.

Беларусь, якая з моманту абвяшчэння Незалежнасці ў жніўні 1991-га акцэнтавала ўвагу на імкненні да бяз’ядзернага статусу і міралюбівым характары знешняй палітыкі, якая ў 1994 запісала ў Канстытуцыю імкненне да нэйтралітэту, — літаральна за некалькі дзён пачала фігураваць у загалоўках сусветнай прэсы і ў заявах палітыкаў як патэнцыйны агрэсар.

Такое ўпершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі.

Ёсць адна несправядлівая заканамернасць: дзеянні кіраўнікоў звычайна асацыююцца з іх краінай. І народам, рана ці позна, даводзіцца несці за іх адказнасць. Прыкладаў у гісторыі хапае, у тым ліку і ў не вельмі ад нас аддаленай.