Ягор Лебядок: Для Лукашэнкі прысутнасць расійкіх войскаў у Беларусі ўжо не страшная

«Ультыматум Пуціна» меў на мэце перш за ўсё падзел сфераў уплыву, а не мірныя дамовы. А гісторыя паказвае, што такія шматузроўневыя эскалацыі нярэдка заканчваюцца сапраўднай вайной, распавёў «Свабодзе» вайсковы эксперт Ягор Лебядок.

_mileks_2021___armija__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__7__logo_1.jpg


Беларускі вайсковы эксперт Ягор Лебядок апісвае, як канфрантацыя на шматлікіх узроўнях зацягвае Беларусь і рэгіён у вайну, тлумачыць вайсковыя і палітычныя задачы беларуска-расійскіх манеўраў і заяўляе, што для Лукашэнкі прысутнасць расійскіх войскаў у Беларусі ўжо не страшная.
— Нядаўна вы апублікавалі тэкст, галоўная выснова якога выглядае даволі пагрозліва — «Рост вайсковых сілаў паблізу Беларусі з усіх бакоў і агрэсіўная рыторыка ўсё больш штурхаюць Беларусь у рэгіянальны вір эскалацыі са стандартным выхадам — праз вайну». Якія факты і падзеі прымушаюць вас рабіць такую выснову?

— Перш за ўсё, гэта палітычныя рухі з боку Расіі, накіраваныя на падзел сфераў уплыву паміж ЗША і Расіяй ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне. «Ультыматум Пуціна» меў на мэце перш за ўсё падзел сфераў уплыву, а не мірныя дамовы і бяспеку на базе міжнароднага права.

Усё гэта ідзе даволі даўно, і ў 2014 годзе, пасля акупацыі Крыму і падзеяў у Данбасе, NATO давялося шукаць нейкі адказ. І натуральна, што рухавіком гэтага адказу сталі найперш тыя краіны, якія мяжуюць з Расіяй — Польшча і дзяржавы Балтыі. NATO пачало павялічваць працэнт тратаў на абарону, праводзіць вучэнні па перакідванні войскаў, размяшчала свае кантынгенты на тэрыторыі Польшчы і балтыйскіх краінаў — карацей, занялася павышэннем баяздольнасці сваіх войскаў у рэгіёне. У адказ Расія пачала набліжаць войскі да межаў Украіны, Беларусі і Прыбалтыкі.

У мірны час такія перамяшчэнні войскаў не фармуюць таго самага «віру» эскалацыі, успрымаюцца даволі спакойна. Але калі гэта суправаджаецца нарастаннем палітычнай напружанасці, то гэта выклікае адказ на адказ. Усё гэта нарастае з 2014 году і стварае той самы «вір». Чым бліжэйшая нейкая краіна да гэтага віру, тым хуткасць «вады» (падзеяў) паскараецца.

Таму на сёння маем рэзкае абвастрэнне, вір расце, нейкага палітычнага вырашэння пакуль не назіраецца: не толькі Расія, але і NATO сталі ў позу і не збіраюцца адступаць. Палякі, прыбалты і ўкраінцы ўзмацняюць сваю абароназдольнасць самастойна, разлічваючы і на сябе і на двухбаковыя стасункі. Атрымліваецца такі Балта-Чарнаморскі абарончы саюз — Польшча, Балтыя, Украіна.

Безумоўна, усё гэта не падабаецца Расіі. Бо, акрамя пагрозаў суседзям, ім асабліва няма чым палітычна гандляваць. І гісторыя паказвае, што такія шматузроўневыя эскалацыі нярэдка заканчваюцца вайной. Не абавязкова буйнамаштабнай (будзе яна маштабнай альбо даволі лякальнай — гэта ўжо іншая справа).

— Якую ролю ў гэтай нярадаснай карціне адыгрываюць сумесныя беларуска-расійскія вучэнні «Саюзная рашучасць», прызначаныя на люты? Акрамя чыста вайсковых задач, якія палітычныя мэты закліканыя дасягнуць гэтыя манеўры?

— Для Расіі задача — гэта стварэнне пагрозы для Украіны, і падвышэнне ціску на NATO, маўляў, мы можам і з тэрыторыі Беларусі атакаваць. Гэта і ўплыў на палітыку Украіны з мэтай разарваць адносіны Мінску і Кіева, каб адрэзаць Лукашэнку не толькі ад Еўропы, але і ад Украіны. Адрэзаць як палітычнага суб’екта, які фармуе палітыку сваёй дзяржавы.

Таксама мэта — паўплываць на канцэнтрацыю і размяшчэнне ўкраінскіх сілаў і сродкаў. Каб яны вымушаныя былі не толькі на паўночным і паўднёвым кірунку канцэнтравацца, але і перакідваць войскі на мяжу з Беларуссю.

Ваенныя мэты — нарошчванне групоўкі Супрацьпаветранай абароны (СПА). Перакідванне з усходу Расіі частак на заходні кірунак. Так што гэтыя вучэнні не аб праверцы рэгіянальнай заходняй групоўкі войскаў, а дзеля ўзмацнення гэтай групоўкі.

— Лукашэнка хоча чарговы раз прадэманстраваць сваю лаяльнасць Маскве. Але ўзамен разлічвае атрымаць ад Расіі грошы?

— Пытанне не толькі ў грошах, як мне здаецца. Магчыма, Пуцін цісне на тыя змены ў беларускай Канстытуцыі, якія яму патрэбны. І Лукашэнка, магчыма, цяпер проста шукае нейкае выйсце ад ціску Пуціна праз гэтыя вучэнні. Грошай Пуцін больш не дае.

— Але гэта нейкі парадаксальны шлях пазбягаць ціску. Бо вайсковая залежнасць — яна больш моцная, чым эканамічная. І ўцягванне ў гэты вір можа прынесці больш шкоды не толькі Беларусі, але і самой уладзе Лукашэнкі...

— Парадаксальнага нічога няма. Бо для Лукашэнкі прысутнасць расійскіх войскаў ужо не такая і страшная. Ён, безумоўна, не аддасць камандаванне беларускімі войскамі пад нейкія там саюзныя ці расійскія структуры. Ён летась ужо агучваў, што такая прапанова была. Бо войска — гэта сродак утрымання ўлады.

Але ён разумее, што ўжо адсечаны ад еўрапейскай палітыкі і вяртання да 2015 году, калі можна было прадаваць сябе як нейкага абаронца ад Расіі, ужо не атрымліваецца. Таму для яго размяшчэнне ў Беларусі расійскіх войскаў ужо не такое страшнае. Да таго ж гэта, на ягоную думку, павінна прымусіць нейкіх слабых палітыкаў у Еўрасаюзе ўключыць такую думку — «можа, сапраўды лепей ужо Лукашэнка, які хоць неяк будзе стрымліваць расіян у Беларусі». То-бок для Лукашэнкі расійскія войскі ў Беларусі — прымальная канцэпцыя палітычных паводзінаў.

Аднак, вядома, ён будзе імкнуцца, каб не было сталай прысутнасці расійскіх войскаў у Беларусі.

— Але ж рэальна павелічэнне вайсковай прысутнасці Расіі на тэрыторыі Беларусі павялічваецца. Што тут канкрэтна змяніліся?

— Павялічылася на дывізіён С-400 (зенітная ракетная сістэма) і знішчальнікі СУ-30: гэта не толькі лётчыкі, але і персанал і гэтак далей.

Зараз гаворка ідзе пра намер яшчэ адзін дывізіён С-400 паставіць недзе на поўдні Беларусі. Альбо проста перакінуць той дывізіён, які цяпер пад Гродна, на поўдзень.

Яшчэ вучэнні ў 2020 годзе паказалі, што за 4 гадзіны можна перакінуць сюды і стварыць сур’ёзную ўдарную паветрана-дэсантную групоўку. Менавіта для гэтага і ідзе моцнае забеспячэнне супрацьпаветранай абароны, каб расійскія самалёты ляталі тут вольна і ніхто ім не пагражаў.

— Вы малюеце даволі змрочную карціну эскалацыі. Але што можна зрабіць, каб усё гэта не скончылася вайной?

— Некалькі мадэляў паводзінаў. Першы — калі NATO здасца ў палітычным сэнсе. Бо Расія пакуль адступаць не збіраецца. Але NATO зараз на гэта не пойдзе.

Другая стратэгія — узмацніцца для NATO настолькі, каб Расія нават не думала сюды ў рэгіён совацца. Але гэта даволі складана, бо NATO — гэта шмат дзяржаваў, гэта калектыўныя рашэнні, не так хутка ўсё робіцца.

Трэцяе — гэта загаворванне. Перамовы, перамовы — пакуль у Расіі не пачнецца нейкае варушэнне. Чакаецца 2024 год, выбары, у Расіі гэта будзе няпросты перыяд, нарастае пэўная трансфармацыя. Адначасова ваяваць на ўнутраным і вонкавым фронце даволі складана.

Масква разумее, што сёння час працуе супраць іх — і ў тэхнічным, і ў стратэгічным, і ў палітычным развіцці. Таму яны хочуць ударыць, пакуль яны адносна моцныя, а не чакаць, пакуль праціўнікі ўзмацняцца. Пакуль Турцыя і Кітай не пачалі праяўляць сябе ў гэтым рэгіёне. Таму ў Маскве і пачалі гэтыя пужалкі, але могуць і рэальную вайну распачаць.