Святлана Ціханоўская: Стан вайсковай эскалацыі робіцца нормай для рэжыму
Беларуская лідарка выказалася пра магчымы ўдзел Беларусі ў ваенным канфлікце. Заяву распаўсюдзіла прэс-служба Ціханоўскай.
Святлана Ціханоўская з нагоды прыбыцця расійскіх войскаў у Беларусь на манеўры ля ўкраінскай мяжы заявіла, што дэмакратычныя сілы катэгарычна супраць удзелу Беларусі ў ваенным канфлікце на чыім-небудзь баку.
«Гэта супярэчыць імкненню да нейтралітэту, закладзенаму ў дзеючай версіі Канстытуцыі. Нагадаю, што яна яшчэ не скасаваная. Мы з трывогай адзначаем, што стан вайсковай эскалацыі робіцца нормай для рэжыму. Лукашэнка не здольны вырашаць эканамічныя праблемы, таму шукае ворагаў і адкладае рэформы. Гэта пагаршае і без таго няпростае становішча грамадзян Беларусі. Мы заклікаем пачаць вырашаць унутраныя праблемы краіны, а не ўмешвацца ў чужыя канфлікты».
Офіс Ціханоўскай катэгарычна супраць уцягвання Беларусі ў «гібрыдны канфлікт, які цяпер развязваецца супраць Украіны».
«Рэжым запрашае расійскія войскі на тэрыторыю Беларусі ў перыяд палітычнага абвастрэння, што ўжо з’яўляецца недружалюбным крокам у дачыненні да Украіны. Вобраз Беларусі як мірнай і дружалюбнай краіны разбураны канчаткова».
Ціханоўская лічыць, што рэгулярнае з’яўленне на тэрыторыі Беларусі замежных войскаў нясе пагрозу незалежнасці краіны і павялічвае напружанасць у рэгіёне, што не адпавядае нацыянальным інтарэсам Беларусі.
«Межы і тэрытарыяльная цэласнасць дзяржаў павінны быць недатыкальнымі. Мы асуджаем любыя спробы замахаў на чужую тэрыторыю. Мы заклікаем вырашаць усе канфлікты шляхам дыялогу без пагроз ужывання сілы або дэманстрацыі ваенных падрыхтовак».
Ціханоўская нагадала, што Лукашэнка «пацярпеў паразу на мінулых прэзідэнцкіх выбарах», а таму не мае права прадстаўляць дзяржаву ва ўнутранай і знешняй палітыцы, у тым ліку аб’яўляць і праводзіць вайсковыя вучэнні.