За паўгода 10 дзесяць дзеячаў культуры прызнаны «тэрарыстамі», 19 — «экстрэмістамі»
Беларускі ПЭН апублікаваў чарговы маніторынг парушэння культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры за студзень-чэрвень 2022 года.
Зыходзячы з справаздачы аб’яднання, у «Топ-3» парушэнняў за гэты перыяд уваходзяць:
- пераслед за іншадумства,
- права на справядлівы суд,
- адвольнае затрыманне.
19 дзеячаў культуры прызнаны «экстрэмістамі», 5 творчых ініцыятыў, медыя, у тым ліку з кантэнтам культурнай тэматыкі, прызнаны «экстрэмісцкімі фарміраваннямі», 10 дзеячаў культуры — «тэрарыстамі», зазначае REFORM.by.
Зафіксаваны 37 парушэнняў права на ліставанне ў пенітэнцыярных установах рознага ўзроўню.
У дзеячаў культуры і юрыдычных асоб сферы культуры праведзены 33 вобшукі.
98 дзеячаў культуры на цяперашні момант прызнаны палітзняволенымі, 46 з іх адбываюць крымінальнае пакаранне ў калоніях. 38 чалавек з ліку дзеячаў культуры былі асуджаны за першае паўгоддзе 2022 года.
Такім чынам, за агучаны тэрмін было зафіксавана 699 парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. За голымі лічбамі і пералікам прозвішчаў, пададзеным ПЭНам, хаваюцца катастрафічныя для культуры наступствы. Выяўленне грамадскай пазіцыі творчага чалавека сёння падпадае пад артыкулы: «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх», «Распальванне варожасці», «Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання, або актыўны ўдзел у ім» і іншыя.
«Адна з адносна новых практык задушэння іншадумства, — адзначае ПЭН, — прымяненне антыэкстрэмісцкага заканадаўства ў дачыненні да апанентаў рэжыму. Праваабарончыя арганізацыі («Вясна», «Human constanta», БАЖ, «Сова») адзначаюць тэндэнцыю надзвычай шырокага тлумачэння ў Беларусі палажэнняў заканадаўства аб экстрэмізме з пачатку пратэстаў у жніўні 2020 года. На сёння правапрымяняльная практыка мэтанакіравана фармуецца такім чынам, што “экстрэмізм” у краіне — гэта ўдзел у мірных акцыях пратэсту, каментарый у сацыяльных сетках з асуджэннем гвалту, эмацыйнае выказванне ў адрас прадстаўніка ўлады і іншыя падобныя дзеянні».
Рэпрэсуюцца не толькі дзеячы культуры, але і культурніцкія арганізацыі. У «Пераліку арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці» 71 суб’ект. У першым паўгоддзі 2022 у спіс унесены «Беларуская Рада Культуры» — ініцыятыва, якая падтрымлівае беларускую культуру; выданне «Наша Ніва» (сайт і сацсеткі, мэсэнджары), якое мае на сайце раздзел «Культура»; гомельскае выданне «Флагшток» (сайт і Telegram), якое, сярод іншага, піша пра культуру і захаванне гістарычнай спадчыны; тэлеграм-каналы пра беларускую гісторыю і культуру «Historyja» і «Rezystans».
У спісе «экстрэмісцкіх матэрыялаў» прыкладна 18 пазіцый маюць дачыненне да сферы культуры або да дзеячаў культуры — СМІ з кантэнтам культурнай тэматыкі: «Беларускае Радыё Рацыя», «Рэгіянальная газета», «Віцебскі кур’ер news», media-polesye.by, nadniemnemgrodno.pl, «MOST»; YouTube-каналы «Жизнь-малина» і «Ms. Anne Nittelnacht» — праект даследавання яўрэйскай культуры; чатыры кнігі беларускіх аўтараў: Віктор Ляхор, «Военная история Беларуси. Герои. Символы. Цвета»; Анатоль Тарас, «Беларусь на распутье. Сборник статей»; Альгерд Бахарэвіч, «Сабакі Эўропы»; Зміцер Лукашук, Максім Гаруноў, «Беларуская нацыянальная ідэя», а таксама іншыя матэрыялы.