На Мікалая Казлова завялі крымінальную справу па «народным» артыкуле КК. У Лябедзькі тры версіі прычынаў

Пра тое, што кіраўніку Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалаю Казлову інкрымінуюць артыкул 342 Крымінальнага кодэкса, паведаміў у Фэйсбуку былы старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

Мікалай Казлоў


Артыкул 342 Крымінальнага кодэкса РБ — арганізацыя ці ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Па ёй паводле надуманых абвінавачванняў ужо асуджаныя сотні беларусаў.

Казлова затрымалі раніцай у Нясвіжы, дзе ён быў у сваёй маці. Затрыманыя таксама старшыня мінскай арганізацыі партыі Аксана Аляксеева. Вядома, што акрамя Казлова і Аляксеевай, не выходзяць на сувязь яшчэ два чалавекі з АГП.

«Спрабуем далучыць адвакатаў, але з верагоднасцю 90% затрыманыя на Акрэсціна», — кажа Анатоль Лябедзька.

Былы старшыня АГП, высунуў тры версіі затрымання лідара і іншых чальцоў партыі.

«Першая: аднавілася праца партыі, запрацавалі офісы, Казлоў паехаў па рэгіёнах. І ў сітуацыі, калі ўлада вельмі заклапочаная любой актыўнасцю, гэта ўзялі на аловак», — мяркуе Анатоль Лябедзька.

«Другая версія: гэта звязана непасрэдна з асобай Міколы Казлова. Ён жа пайшоў на адкрытае супрацьстаянне з сілавікамі, калі адмовіўся ставіць подпіс аб неразгалошванні пасля допыту, заявіў, што гэта супярэчыць заканадаўству. Тысячы людзей падпісвалі гэта, а Казлоў адмовіўся.

Пасля былі спробы выціснуць яго з краіны, але ён заняў прынцыповую пазіцыю заставацца ў Беларусі. І цяпер ён выязджаў з краіны па працы, але вярнуўся назад. Гэта стварае матывацыю для іншых людзей у сітуацыі сённяшняга напаўканцлагера: што можна нешта рабіць у Беларусі, можна працаваць і заставацца чалавекам.

Трэцяя версія — рыхтуецца ж міжнародная канферэнцыя па сітуацыі ў Беларусі. І каб у сувязі з гэтай канферэнцыяй людзі ўнутры Беларусі не прадпрымалі актыўнасцяў, улада паказвае мускулы, укідваючы чарговую порцыю страху, паказвае грамадству, што па-ранейшаму кантралюе сітуацыю.

Самая відавочная версія, што ўлада зачышчае палітычныя партыі, пакуль адпадае. Бо прыйшлі б не кропкава, толькі да Казлова і яго атачэння, а і да іншых палітычных структур і ў рэгіёнах таксама».



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: