Хроніка рэпрэсій у Беларусі за 27 ліпеня: разгром друкарні, аблава на АГП, суды

Расказваем галоўнае, што адбылося ў палітычным жыцці краіны сёння, 27 ліпеня.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Сілавікі зладзілі аблаву на чальцоў Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Па 342-м артыкуле забраліМікалая Казлова, яшчэ два чалавекі — намесніца старшыні АГП Антаніна Кавалёва і старшыня мінскай гарадской філіі партыі Аксана Аляксеева — на Акрэсціна.
Стала вядома, што палітвязня Міколу Папеку з «хіміі» перавялі ў калонію. Фігурант «карагоднай справы» з чэрвеня адбывае свой тэрмін за кратамі паводле рашэння суда Мазырскага раёна.
Тры гады калоніі прысудзілі жыхару Магілёва Аляксею Парэцкаму, якога КДБ унесла ў «спіс тэрарыстаў». Суддзя Алена Картавенка прызнала яго вінаватым у «паклёпе на Лукашэнку», а таксама ў «распальванні варожасці». Сёлета ў красавіку мужчыну змяшчалі на 17 дзён у «Навінкі» — «дзеля экспертызы».
У палітвязня Ігара Лосіка і яго жонкі Дар'і Лосік арыштавалі маёмасць. Судовыя выканаўцы апісалі рэчы, і Дар'я цяпер не мае права імі карыстацца. Для таго, каб вярнуць маёмасць, жонцы палітзняволенага было прапанавана яе выкупіць.
У Гродне затрымалі ўласніка гасцініцы для жывёл. 38-гадовага Паўла Свірбутовіча абвінавачваюць у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў», а таксама ў апублічванні персанальных даных больш за 100 супрацоўнікаў міліцыі.
Супрацоўнікі ГУБАЗіКа і САХРа ўчынілі разгром у прыватнай друкарні ў Барысаве. Прычынай сталі белы і чырвоны колеры, у якія была аформленая друкарня, а таксама аб'ява на ўваходзе пра тое, супрацоўнікі дзяржаўных структур могуць трапіць унутр, толькі пазваніўшы. Разгром быў зафіксаваны на фота, з супрацоўнікамі друкарні запісалі «пакаяльныя відэа».
Пачаўся суд над гомельскім IT-спецыялістам Андрэем Уткіным. Хлопца судзяць за тое, што ён перадаў фота калоны з расійскай тэхнікай «экстрэмісцкаму» ТГ-каналу. Праваабаронцы прызналі мужчыну палітвязнем. Пракурор запытвае для Уткіна два гады калоніі.