«Няма тыдня, каб каго-небудзь не схапілі ў нас». На памежжы з Украінай сілавікі ладзяць «зачысткі»
Беларуская міліцыя ў тэлеграм-каналах рапартуе пра «зачыстку» райцэнтраў, блізкіх да мяжы з Украінай. «Адпрацоўка» — гэта значыць, жорсткія затрыманьні з прымяненьнем гвалту — прайшла ў Янаве, Драгічыне, Мазыры, Нароўлі і Хойніках.
За што затрымлівалі людзей? Што цяпер робіцца на памежжы з
Украінай? Пра гэта — у матэрыяле «Св*боды».
«Затрымліваць людзей прыяжджалі зь Менску, нейкі цэнтар «Э»
На мінулым тыдні чарговая хваля затрыманьняў пракацілася па Мазыры. На «пакаяльных відэа» затрыманыя жыхары райцэнтру кажуць, што былі падпісаныя на «дэструктыўныя тэлеграм-каналы».
«Тады затрымалі чатырох чалавек — трох маладых хлопцаў і
дзяўчыну. Хапаюць у асноўным тых, хто якім-небудзь чынам «засьвяціўся» ў 2020
годзе. Усіх бралі за нібыта падпіскі на тэлеграм-каналы. Прычым праводзілі
ператрусы без панятых, разьбівалі тэхніку. У аднаго затрыманага разьбілі на
ператрусе тэлевізар і пляншэт. У іншага затрыманага — ён нядаўна прыехаў з
Польшчы — забралі дакумэнты, пашпарт і правы кіроўцы. Так і не аддалі», —
расказаў жыхар Мазыра, знаёмы з затрыманымі.
Ён кажа, што для затрыманых была «стандартная працэдура» —
запіс на відэа з «пакаяньнем», хуткі суд і «суткі» ў ізалятары.
«Але ў нас у Мазыры затрыманьні не спыняюцца. Штотыдзень
некага затрымліваюць. Кіраўніцтва ж сілавікоў казала, што «прыйдзем да ўсіх».
Вось яны і атакуюць», — дадаў жыхар райцэнтру.
У Мазыры некалькі мясцовых былі затрыманыя за
фатаграфаваньне расейскай вайсковай тэхнікі. Нядаўна аднаму зь іх, 18-гадоваму
хлопцу, вынесьлі прысуд — два гады калёніі за «садзейнічаньне экстрэмісцкай
дзейнасьці». Па такіх жа артыкулах цяпер у зьняволеньні жыхары Мазыра Ганна
Пышняк і Павал Наздра.
«На «суткі» не садзілі, проста палохалі і здымалі на камэру»
Пад так званую «зачыстку» трапілі жыхары Хойнікаў і Нароўлі. На «пакаянных відэа» ўсе яны кажуць пра падпіску на тэлеграм-каналы.
«Іх не судзілі, ня кідалі на «суткі». Проста палохалі.
Аднаго чалавека ўзялі проста ля хаты, запісалі зь ім «пакаяннае відэа» і
адпусьцілі. Гэта былі акты застрашваньня. Хапалі як тых, хто ўдзельнічаў у
падзеях 2020 году, так і звычайных людзей, якія былі падпісаныя на
тэлеграм-каналы. Адзін затрыманы адмовіўся здымацца на камэру з «пакаяньнем».
Яго проста адпусьцілі», — расказаў жыхар Хойнікаў.
Трапілі пад затрыманьні і жыхары Нароўлі.
«Тых, каго схапілі, — іх толькі сёньня будуць судзіць.
Вядома, што бралі за падпіскі на тэлеграм-каналы. Спадзяёмся, што абыдзецца для
іх гэта ўсё «суткамі», — расказаў жыхар Нароўлі.
Затрыманы актывіст Мікалай Віткоўскі. Ён з 2020 году
неаднаразова трапляў на «суткі» — за ўдзел у акцыях пратэсту, за
бел-чырвона-белы сьцяг. Цяпер на «пакаянным відэа» Мікалай кажа, што быў
падпісаны на «дэструктыўныя» тэлеграм-каналы. 26 ліпеня яго і іншых затрыманых
будуць судзіць.
У сярэдзіне ліпеня ГУБАЗіК прыйшоў да жыхароў Янава і
Драгічына. Як паведамлялі праваабаронцы, у двух гэтых райцэнтрах затрымалі 28 чалавек.
У іх прайшлі ператрусы, людзі атрымалі штрафы і «суткі». Затрыманьні
суправаджаліся зьдзекам і гвалтам. Міліцыянты стралялі ў сабаку адной з
затрыманых.
Зьвяртае ўвагу, што затрыманьні адбываюцца ў раёнах, блізкіх
да мяжы з Украінай.
Закуп мяшкоў для трупаў, праверка шпіталяў на памежжы
Гомельскае выданьне «Фл*гшток» паведаміла, што Міністэрства абароны закупляе тысячу мяшкоў для трупаў. Праўладныя тэлеграм-каналы зьняпраўдзілі гэтую інфармацыю, але не прадставілі ніякіх фактаў, якія б сьведчылі, што пададзеныя копіі дакумэнтаў — падробка.
У чэрвені выданьне публікавала копіі дакумэнтаў
(сапраўднасьць якіх не ўдалося пацьвердзіць) пра праверку шпіталяў Гомельскай
вобласьці для магчымага прыёму параненых. Міністэрства абароны запытвалася ў
шпіталяў пра колькасьць месцаў, наяўнасьць рэанімабіляў і машын хуткай
дапамогі.
Украінцы мінуюць мяжу, беларусы ўзмацняюць
1084 кілямэтры — даўжыня беларуска-ўкраінскай мяжы. Зь беларускага боку тут Гомельская і Брэсцкая вобласьці, з украінскага — Валынская, Ровенская, Кіеўская і Чарнігаўская. Украінскі бок заяўляў і паказваў, што памежжа зь Беларусьсю цяпер замінавана «ад варожага суседа» .
Беларускія ўлады заяўляюць пра ўзмацненьне на паўднёвай
мяжы. Апроч памежнікаў, на мяжы цяпер прысутнічаць вайскоўцы з розных
падразьдзяленьняў. У Гомельскай вобласьці праходзяць вучэньні — то з
ваенкаматамі, то з тэрытарыяльнай абаронай.
На мяжы з Украінай яшчэ з 2014 году актыўна ўзводзяцца
інжынэрныя збудаваньні.
У 2019 годзе газэта «Драгічынскі весьнік» паведамляла пра
гэта наступнае: «У найбліжэйшай будучыні ахоўныя інжынэрныя збудаваньні
працягнуцца па ўсім 40-кілямэтровым участку, які нястомна ахоўваюць вайскоўцы
пагранзаставы «Сварынь».
«На пэўным аддаленьні ад дзяржаўнай мяжы чысьціцца
25-мэтровая паласа, выдаляюцца і выкарчоўваюцца дрэвы і іншая расьліннасьць,
засыпаюцца зямлёй забалочаныя ўчасткі. У далейшым плянуецца зрабіць Драгічынскі
ўчастак дзяржаўнай мяжы цалкам закрытым, як, напрыклад, Кобрынскі. Падобныя
работы цяпер вядуцца і ў Іванаўскім раёне», — інфармавала раённая газэта.