За сюжэт пра смурод ад новага завода аштрафавалі журналістаў
Апытанне жыхароў міліцыя назвала злоўжываннем правамі і абавязкамі журналіста, бо гэтым яны ўдзельнічалі ў вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ ў выглядзе сюжэта.
Светлагорскі раённы суд 18 студзеня пакараў вялікімі штрафамі гомельскіх журналістаў-фрылансераў Кастуся Жукоўскага і Андрэя Толчына за нібыта незаконнае апытанне жыхароў вёскі Якімава Слабада, выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ без акрэдытацыі для тэлеканала “Белсат”.
Жукоўскі аштрафаваны на 50 базавых велічыняў (1 225 рублёў), Толчын — на 45 (1 102,5 рублі) базавых.
— Суддзя Руслан Царук, які сёння аштрафаваў мяне з Толчыным, пакараў не толькі нас. Ён прадвызначыў сваё жыццё ў шкодным смуродзе, сваіх сваякоў, пракурораў, міліцыянтаў і 70-тысячнага горада з прылеглымі да завода беленай цэлюлозы вёскамі, — кажа Службе маніторынгу ГА “БАЖ” журналіст Жукоўскі.
Адміністрацыйныя пратаколы на фрылансераў складаў старшы ўчастковы інспектар, капітан міліцыі Сяргей Шліхтоў. Ён абвінаваціў фрылансераў у парушэнні Закона аб СМІ.
Паводле міліцыі, фрылансеры злоўжывалі правамі і абавязкамі журналіста, бо ажыццяўлялі апытанне жыхароў вёскі Якімава Слабада — і такім чынам удзельнічалі ў вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ ў выглядзе сюжэта, які размешчаны на сайце “Белсата”.
У мінулым снежні фрылансеры запісалі на відэа выказванні жыхароў вёскі Якімава Слабада наконт удушлівага смуроду, якім накрыў наваколле ўзведзены нядаўна кітайцамі і на кітайскі крэдыт завод беленай сульфатнай цэлюлозы.
Відэа было змешчана на YouTube — частку здымкаў скарыстаў польскі спадарожнікавы тэлеканал “Белсат”.
У суд падтрымаць Жукоўскага і Толчына прыехалі з горада і вёскі Якімава Слабада дзесяткі жыхароў.
— Усе здзіўляліся, як гэта можна судзіць журналістаў за праўду, — кажа Андрэй Толчын.